Засульская сярэдняя школа адзначыла 150-гадовы юбілей

Адукацыя Главное

Пад гоман і шчэбет вучняў шырокая сцяжына Засульскай сярэдняй школы днямі выбегла з-за далёкага жыццёвага далягляду ў 150 гадоў. Паўтара стагоддзя, згадзіцеся, не толькі грунтоўны, але і заслужана пачэсны ўзрост.

Гістарычны летапіс школы, у адпаведнасці з гістарычнымі звесткамі, пачаўся ў 1864 годзе з адкрыцця ў вёсцы  народнага вучылішча, а ў 1921 годзе на яго аснове – школы-сямігодкі, у якой да 1939 года выкладанне вялося на польскай мове і, паводле водгукаў першых вучняў, у тым ліку і майго бацькі, на вельмі высокім узроўні. Дарэчы, сямігодку ён закончыў выдатна, і навука прыдалася яму ў далейшым жыцці.

Пасля Вялікай Айчыннай вайны школа месцілася ў пакоях сядзібы паноў Крупскіх. Вучняў было шмат, для пачаткоўцаў нават прыходзілася «арандаваць» хаціну бабы Шуры і новы, яшчэ не заселены, будынак Сямёна Самахвала.

Новая школа была ўзведзена у 1963 годзе. Вакол яе  разам са старшакласнікамі на ўроках працоўнага навучання выкладчык А. М. Жыткоўскі пасадзіў прыгожы сад, які шчодра частуе пладамі і сёння, нагадваючы пра Аляксандра Міхайлавіча.

Дарэчы, у той час у школе вывучалі ўстройства  трактара. Пасля паспяховай экзаменацыі старшакласнікі атрымлівалі пасведчанне трактарыста – і можна было ўладкоўвацца ў мясцовы калгас на работу. Што і зрабілі, да прыкладу, у далейшым ардэнаносцы-хлебаробы Анатоль Цвік і Мікалай Паляшук.

Адсвяткаваць юбілейную дату ў школьных пакоях сабраліся тыя, хто працуе на мясцовай педагагічнай ніве сёння, хто пакінуў  родныя класы і пайшоў на заслужаны адпачынак, а таксама цяперашнія навучэнцы і іх бацькі, былыя вучні, шаноўныя госці, чые юнацкія гады таксама прайшлі тут, прадстаўнікі раённай і мясцовай улад, сельгаспрадпрыемства.

На гэты раз у школе па-сапраўднаму панавала настальгія, па сябрах, якіх лёс раскідаў па жыцці, настаўніках, якіх ужо няма і якія моўчкі назіраюць з аркушаў пажоўклых ад часу стэндавых фотаздымкаў-экскурсаў у гісторыю. Школа напоўнілася пяшчотай ад цеплыні доўгачаканых сустрэч у прасторных калідорах, за столікамі імправізаванай кавярні.

Святочны каравай – гасцям

Якое ж свята без духмянага хлебнага каравая? Ім у школе ад сэрца, з вялікім жаданнем, каб надоўга запомнілася сустрэча, віталі гасцей.

Са школьнай сцэны вядучыя – юныя артысты – дапамаглі зрабіць вандроўку па часе, перагарнуць старонкі багатага летапісу жыцця мясцовай навучальнай установы, якой у сваю пару кіравалі вопытныя педагогі Яўген Мікалаевіч Банкет, Святаслаў Васільевіч Коўш, Міхаіл Канстанцінавіч Акулік, Леанід Аляксандравіч Устабашыдзе, Міхаіл Уладзіміравіч Доўнар, Тамара Пятроўна Ліцкевіч, Таццяна Мікалаеўна Гарановіч.

На святочнай сцэне

Не адразу падлічыш, колькі вучняў атрымалі добрую адукацыю на ўроках ветэранаў педагагічнай працы Леаніды Мікалаеўны Доўнар, Алены Рыгораўны Калеснік, Валянціны Іванаўны Філіповіч, Людмілы Сцяпанаўны Камароўскай, Яніны Браніславаўны Скроб, Алены Ігнатаўны Зянько, Яўгеніі Уладзіміраўны Нямірка, Хрысціны Міхайлаўны Смоўж.

Начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама Людміла Мар’янаўна Стонька (справа) узнагароджвае педагогаў

Трэба было пачуць, колькі цеплыні выказана ў адрас педагогаў даўнейшых пакаленняў – Кацярыны Сяргееўны Баранавай, Вікенція Васільевіча Чыкуна, Васіля Іванавіча Сахара, Агрыпіны Пятроўны Паляшук, Ірыны Іванаўны Паляшук, Аляксандра Іванавіча Каваленкі, Ірыны Сцяпанаўны Пятліцкай, Фёдара Пятровіча Палешука, Аляксандра Канстанцінавіча Хамко, Валянціны Уладзіміраўны Чаплінскай. Многія з тых, хто прысутнічаў на свяце, праз успамін адрасавалі гэтым настаўнікам свой удзячны паклон. Раўненне на іх трымае кагорта сённяшніх педагогаў.

Былыя вучні: Іван Уладзіміравіч Бельскі, дэкан БНТУ і Сяргей Іванавіч Зянько, дэкан Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка

Для многіх вёска Засулле – малая радзіма. Школа дала  прытулак для педагагічнай працы сённяшняму дырэктару Валянціне Іванаўне Кухарчык, настаўніцам Людміле Уладзіміраўне Логвін, Ларысе  Уладзіміраўне Чабай, Сяргею Аркадзьевічу Кухарчыку. Усіх, хто тут не шкадуе сваіх сіл для выхавання маладога пакалення, у кароткім аповедзе не пералічыш. Большасць з іх атрымалі заслужаныя  ўзнагароды-граматы і падзякі ад раённага выканаўчага камітэта і ўпраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама.

Удзячныя словы дырэктару школы Валянціне Іванаўне Кухарчык дорыць дэкан Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка – былы вучань Сяргей Іванавіч Зянько

 Васіль Зянько

Ад аўтара: пры ўдакладненні звестак аб адкрыцці школы ў гісторыка-публіцыстычным даведніку «Памяць. Стаўбцоўскі раён» у двух артыкулах даследчыкаў заўважана дата 1864 год. У такім выпадку – школе ўсе 155. Гэтае адкрыццё толькі прыбаўляе шаноўнасці ўстанове.

Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *