Пагутарылі з Аляксандрам Ліхачэўскім аб адмене лімітаў на электрычнасць

Важное Эканомiка

Фота носіць ілюстрацыйны характар

У рэспубліцы нядаўна прынята рашэнне аб адмене лімітаў на электрычнасць адносна аб’ёмаў спажывання. У аб’ёмах цяпер няма абмежаванняў, але засталася праблема з аплатай за спажытае. У сувязі з гэтым мы гутарым з намеснікам галоўнага інжынера філіяла «Стаўбцоўскія электрычныя сеткі» Аляксандрам ЛІХАЧЭЎСКІМ.  

– Ці маюць права работнікі філіяла працаваць непасрэдна са спажыўцамі электраэнергіі ў плане кантролю за выкананнем правілаў электразабеспячэння?

– Часта сярод спажыўцоў электраэнергіі існуе меркаванне, што прадстаўнікамі арганізацыі, якая забяспечвае электраэнергіяй, з’яўляюцца толькі работнікі энергазбыту, а персанал электрычных сетак не мае права доступу да прыбораў уліку электраэнергіі, а таксама да электраўстановак спажыўца.

Згодна з Правіламі электразабеспячэння (зацверджаныя Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь 17.11.2011 № 1394), работнікі прадпрыемства, якое мае ва ўласнасці і аператыўным кіраванні электрычныя сеткі, а таксама энергакрыніцы, з’яўляюцца прадстаўнікамі энергазабяспечваючай арганізацыі. З мэтай надзейнай, эканамічнай і бяспечнай эксплуатацыі электраўстановак абаненты абавязаны забяспечыць бесперашкодны доступ упаўнаважаных прадстаўнікоў гэтай арганізацыі або органаў дзяржэнерганагляду пры прад’яўленні службовага пасведчання да электрычных сетак, электраўстановак і сродкаў разліковага ўліку.

– Як праводзяцца падрыхтоўка да рэйдавых мерапрыемстваў і выбар абанентаў для ажыццяўлення дадатковага кантролю?

– На філіяле «Стаўбцоўскія электрасеткі» дзейнічае спецыялізаваная брыгада, якая забяспечана транспартам, укамплектавана сродкамі сувязі, неабходнымі прыборамі і прыстасаваннямі для выяўлення парушэнняў у рабоце сродкаў уліку, а таксама фота- і відэакамерай для фіксацыі фактаў безуліковага спажывання электраэнергіі. Выбар абанентаў ажыццяўляецца з дапамогай спецыялізаванага праграмнага забеспячэння, якое выконвае разлікі і ўстанаўлівае так званы небаланс электраэнергіі. Акрамя таго, штомесяц выконваецца параўнальны аналіз спажывання электраэнергіі абанентамі ў адносінах да папярэдніх месяцаў бягучага і мінулага гадоў.

– На якія хітрасці ідуць спажыўцы дзеля спробы «сэканоміць» кілават-гадзіны?

– У ходзе рэйду ў аграгарадку Вішнявец пры праверцы лічыльніка электраэнергіі бытавога абанента было выяўлена парушэнне фазіроўкі электралічыльніка. Пры больш дэталёвай праверцы электраправодкі жылога дома знайшлося адгалінаванне нулявога провада ад уводнага кабелю з наступным яго падключэннем праз аўтаматычны выключальнік, які быў устаноўлены ў вентыляцыйнай шахце санвузла, у асвятляльную сетку пасля прыбора ўліку. Пры ўключаным аўтаматычным выключальніку і адключанай «пробцы» электраэнергія, якая спажывалася абанентам, не ўлічвалася. Складанасць выяўлення заключалася ў тым, што неабходна было вызначыць месцазнаходжанне правадніка, аднак сучасныя прыборы і вопыт персаналу дазволілі гэта зрабіць.

Яшчэ адзін факт: на ўчастку домаўладальнікаў вызначана парушэнне цэласнасці ўводнага кабелю пад зямлёй. Пасля правядзення земляных работ выяўлена адгалінаванне ўводнага кабелю, якое было зманціравана ў разгалінаваную каробку ў доме, а ад яе ажыццёўлена разводка электраправодкі па пакоях.

Факт безуліковага спажывання быў таксама ўстаноўлены пры праверцы юрыдычнай асобы, якая займаецца дрэваапрацоўкай. З дапамогай прыбора былі зафіксаваны адносная пагрэшнасць сістэмы ўліку і адхіленні больш за 40 працэнтаў, нягледзячы на візуальную цэласнасць сродкаў разліковага ўліку і кантактных злучэнняў. Высветлілася, што падобны ўплыў на работу прыбора ўліку зрабіла падключэнне да інтэрфейсу электроннага лічыльніка праз оптапорт і перапраграмаванне параметраў, што былі ўстаноўлены энергазабяспечваючай арганізацыяй.

– Што пагражае парушальнікам?

– Ва ўсіх выпадках былі складзены акты аб самавольным, безуліковым спажыванні электрычнай энергіі. Акрамя кампенсацыі страт па факце крадзяжу электраэнергіі, прадугледжана таксама і адміністрацыйная адказнасць з накладаннем штрафу. Ён можа дасягаць пяцікратнага памеру ад сумы нанесенай шкоды.

Падрыхтавала Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *