Адзначаны за сумленную працу

Сельская гаспадарка

Падчас акцыі «Наш жывёлавод» на гэтым тыдні былі адзначаны падзячнымі пісьмамі райвыканкама, райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу і падарункамі добрасумленныя жывёлаводы ПДСУП «Профі-Аграцэнтр». Па вытворчасці малака работнікі жывёлагадоўчай галіны гэтага сельгаспрадпрыемства – у залатой сярэдзіне.

Аператары машыннага даення Святлана Дудзінская (злева) і Алена Непачатых

Калектыў МТФ «Заямнае» за мінулы год выйшаў пераможцам у гаспадарцы па надоях малака на карову. Немалы ўклад у агульную справу ўнеслі аператары машыннага даення Святлана Дудзінская, якая шчыруе тут 35 гадоў, і Таццяна Гілейша – працоўны стаж яе складае чвэрць стагоддзя. Гэтую нялёгкую прафесію жанчыны выбралі свядома, бо іх маці таксама завіхаліся жывёлаводамі на заямнаўскай ферме. Абедзве жанчыны мясцовыя. Яны ўжо на пенсіі, але працягваюць працаваць і дасягаюць неблагіх паказчыкаў. Іх калега Алена Непачатых працуе аператарам машыннага даення шэсць гадоў. Руплівая і ўмелая. На данай ферме завіхаецца другі год і паказвае прыклад у рабоце.

Аператар машыннага даення Таццяна Гілейша

Кацярына Кажамяка – з Віцебшчыны. Гарадская жанчына пераехала жыць у вёску і не шкадуе аб зробленым выбары. Дзесяць гадоў  Кацярына Аляксандраўна  доіць кароў на МТФ «Ячнае № 2». Два сыны Кажамякаў вучацца ў сельскагаспадарчых навучальных установах. Ларыса Апрышка  працуе аператарам машыннага даення на рабатызаванай ферме «Ячнае № 3». Зразумела, працэс даення тут адрозніваецца, але работы ў Ларысы Віктараўны хапае: неабходна пастаянна  пільна сачыць за аўтаматыкай.

Вольга Максімава – лепшая сярод калег па надоях малака на карову на МТФ «Слабада». Даяркай шчыруе 30 гадоў. Два яе браты і сястра таксама працуюць у гаспадарцы.

Ушанавана брыгадзір МТФ «Яблонаўка» Жанна Трацяк. Калектыў, якім кіруе Жанна Яўгеньеўна, заняў летась другое месца сярод аднатыпных вытворчых падраздзяленняў прадпрыемства. І сёлета справы тут ладзяцца, вытворчасць малака павялічваецца.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *