Дзяніс Колясень сустрэўся з працоўным калектывам аўтапарка №17

Афіцыйна Главное

У рамках праграмы планавых сустрэч з працоўнымі калектывамі раёна старшыню райвыканкама Дзяніса Колясеня прымалі ў аўтапарку № 17 у дзень інфармавання насельніцтва.

(Злева направа) начальнік інспекцыі па падатках і зборах па Стаўбцоўскім раёне Іосіф Сяліцкі, старшыня райвыканкама Дзяніс Колясень і дырэктар аўтапарка №17 Іван Бычкевіч

На парадак дня было вынесена пытанне занятасці насельніцтва для ажыццяўлення дзейнасці з ільготным падаткаабкладаннем.

Падрабязна і даступна інфармацыю па гэтых пытаннях данёс аўдыторыі начальнік інспекцыі па падатках і зборах па Стаўбцоўскім раёне Іосіф Сяліцкі. Прамоўца звярнуў увагу на нарматыўна-прававыя акты, якія з’явіліся  апошнім часам, каб грамадзяне былі занятыя і стваралі рабочыя месцы. Была скіравана ўвага на Указы Прэзідэнта па прадастаўленні магчымасці займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю без патрэбы рэгістрацыі ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка, ажыццяўленні рамесніцкай дзейнасці для фізічных асоб. Быў зроблены акцэнт на аграэкатурызме, які таксама падтрымлівае дзяржава. Ільготныя ўмовы падаткаабкладання па гэтых указах стымулююць людзей да самазанятасці, што можна прасачыць і па статыстыцы ў нашым раёне. На падатковым уліку стаяць 138 чалавек, якія ажыццяўляюць дзейнасць без рэгістрацыі ў якасці суб’ектаў гаспадарання, і 154  рамеснікі. Мясцовая ўлада зацікаўлена, каб у нашым раёне ствараліся новыя прадпрыемствы, з’яўляліся новыя рабочыя месцы і максімальная колькасць грамадзян удзельнічала ў працоўным працэсе. Прамоўцам было адзначана, што апошнія гады падатковыя паступленні ў бюджэт маюць больш высокія тэмпы росту ад аб’ектаў недзяржаўнай сферы ўласнасці. За мінулы год у структуры бюджэту 87 працэнтаў склалі падаткавыя адлічэнні юрыдычных асоб дзяржаўнага і недзяржаўнага сектара эканомікі і 13 працэнтаў – ад фізічных асоб. Было агучана, што задачай улады застаецца ствараць для грамадзян, якія не задзейнічаны ў эканоміцы, ільготныя ўмовы для іх самазанятасці, спрашчаць формы іх рэгістрацыі як плацельшчыкаў падаткаў. Прадстаўнікі мясцовай улады выказалі гатоўнасць дапамагчы ўсім, хто мае намер адкрыць сваю справу, аказваць паслугі насельніцтву і добрасумленна плаціць падаткі ў бюджэт.

Старшыня райвыканкама Дзяніс Колясень прадоўжыў гэтую тэму і расказаў аб эфектыўнай дзейнасці такіх прыватных прадпрыемстваў на тэрыторыі раёна, як СЗАТ «Фрэор Рэфрыгерайшн» і новы завод па перапрацоўцы бульбы кампаніі «Сула Плюс», адкрыццё якога чакаецца ў хуткім будучым. У адносінах да калектыву аўтапарка № 17 была акцэнтавана ўвага на такіх момантах: у сучасных умовах патрэбна вучыцца працаваць з эканамічным падыходам, мабільна, хутка рэагаваць на сітуацыі дня, умець эфектыўна ажыццяўляць дзейнасць ва ўмовах канкурэнцыі з прыватным бізнесам. Сфера аўтаперавозак, як ніякая іншая, пастаўлена менавіта ў такія ўмовы работы. У раёне развіты прыватны бізнес маршрутных таксі і грузаперавозак. Быў зроблены акцэнт на тым, што аўтапарк, у адрозненне ад прыватнага бізнесу, мае клопат выканання сацыяльных стандартаў па транспартным абслугоўванні насельніцтва, і не заўсёды ў прыярытэт можа паставіць даходную частку. І тым не менш сучасныя ўмовы работы патрабуюць інавацыйных падыходаў і змянення стэрэатыпаў, прыняцця мабільных рашэнняў.

З надзённым пытаннем — інжынер Мікалай Грыб

Як заўсёды на сустрэчах са старшынёй райвыканкама, прысутным у зале была прадастаўлена магчымасць задаць свае пытанні на самыя розныя тэмы. Работнікі аўтапарка не ўпусцілі такой магчымасці. Іх заклапочанасць была выклікана пытаннямі арганізацыі гарадскога жыцця. Падняты праблемы стану вуліц на скрыжаванні ля раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях, аднаўлення аднаго з прыпынкаў грамадскага транспарту ў горадзе, звернута ўвага на вышыню бардзюраў тратуараў на вуліцах райцэнтра ў некаторых месцах (яны ствараюць праблемы пры пераездзе з каляскамі і наогул нязручныя для пешаходаў). Цікава ішло абмеркаванне  патрэбы завяршэння аб’язной дарогі ў райцэнтры для велікагрузных машын. Актуальна прагучала заўвага грэбавання правіламі ўтрымання дамашніх жывёл. У гарадскім парку, як адзначалася, праблематычна прайсці ад прадуктаў жыццядзейнасці сабак. Правілы, між тым, прадугледжваюць браць з сабой прыстасаванні для ўборкі за сваім гадаванцам, якія ёсць у продажы ў зоамагазінах. Такая асабістая культура упрыгожыць кожнага аматара жывёл. Былі падняты пытанні збору другаснай сыравіны з канкрэтнымі прапановамі па яе перапрацоўцы. Дзяніс Колясень падзякаваў працаўнікам калектыву аўтапарка за такую іх нераўнадушную пазіцыю як гаспадароў сваёй роднай зямлі. У адносінах да другаснай сыравіны паведаміў навіну, што ў аб’яднанні камунальных службаў рыхтуецца адкрыццё новага ўчастка сартавання другаснай сыравіны. У адносінах да захавання парадку ў горадзе кіраўнік раёна заклікаў рупіцца аб гэтым кожнага, каб вучыцца жыць у чысціні і з высокай асабістай культурай, што будзе спрыяць захаванню іміджу Беларусі як чыстай краіны. Гэта прыемна ўражвае турыстаў з іншых краін і робіць беларусам гонар.

Святлана ЖЫБУЛЬ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *