Дарожнікі сталі актыўней займацца ямачным рамонтам

Главное Эканомiка

Гэтымі днямі, на мяжы каляндарных зімы і вясны, дарожнікі сталі актыўней займацца яшчэ адным відам работ – ямачным рамонтам.

– Ухіленнем ям на праезджай частцы дарог мы займаемся ўсцяж на працягу зімы, калі дазваляе надвор’е. Для гэтага павінна быць суха, без ападкаў, і асфальт – чыстым, без снегу, – падкрэслівае галоўны інжынер ДРБУ № 135 Вадзім Калпак.

Менавіта такім надвор’ем, спрыяльным для заладжвання найбольш выбітых участкаў дарог, і выдалася апошняя дэкада лютага. Днём свеціць сонца, плюсавая тэмпература, а ноччу – падмарожвае. Праўда, з раніцы на дарогах магчымы галалёд, таму дарожнікі працягваюць весці апрацоўку праезджай часткі супрацьгалалёднымі сумесямі. Адносна зімовага ўтрымання мясцовых дарог прадстаўнік ДРБУ № 135 тлумачыць:

– Працуем у адпаведнасці з нарматыўнымі дакументамі. Для ўхілення слізкасці задзейнічаны шэсць аўтамабіляў, якія аснашчаны абсталяваннем для раскідвання пясчана-саляной сумесі, трактары, пагрузчыкі – усяго 24 адзінкі тэхнікі. Паломкі бываюць, але іх аператыўна выпраўляем. Кантроль за якасцю апрацоўкі дарожнага пакрыцця ажыццяўляюць аддзел ДАІ, райаддзел па надзвычайных сітуацыях.

Ямачны рамонт вядзецца на мясцовых дарогах і ў халодную пару года

Пакуль зіма канчаткова не адступіла, дарожнікі працягваюць несці дзяжурства ў кругласутачным рэжыме, у тым ліку ў выхадныя і святочныя дні. Варта вылучыць такіх вадзіцеляў аўтамабіляў МАЗ, як Аляксандр Дубатоўка, Андрэй Буднік, Яўген Гунько, вадзіцеляў пагрузчыкаў Сяргея Коршука, Сяргея Супрановіча, якія старанна ўвіхаюцца на пагрузцы пясчана-саляной сумесі. У сёлетнім асенне-зімнім перыядзе гэтай сумесі ўжо зрасходавана амаль 6300 тон – больш, чым у мінулагоднім. Запасаў дастаткова, як сцвярджае Вадзім Калпак, і яны па меры неабходнасці папаўняюцца.

Папаўняюцца і запасы арганічнай мінеральнай сумесі, з прымяненнем якой і вядуць дарожнікі цяпер ямачны рамонт. Даная тэхналогія прыстасавана для зімняга перыяду, носіць часовы характар. Пасля таго як яма ці выбоіна падчышчаецца, выдуваецца, у яе ўтрамбоўваюць арганічную мінеральную сумесь, падагрэтую непасрэдна на дарозе. Планавы ямачны рамонт пачнецца з наступленнем стабільных плюсавых тэмператур і, безумоўна, з прымяненнем такіх высокатэхналагічных і трывалых матэрыялаў, як эмульсія, шчэбень і асфальтабетон.

– На даны момант на мясцовых дарогах ліквідавана 70 м2 ям, якія ўплывалі на бяспеку дарожнага руху, – заўважае Вадзім Калпак. – Зрасходавана 20 тон арганічнай мінеральнай сумесі, і днямі паступіла яшчэ такая ж партыя з клецкага філіяла КУП «Мінскаблдарбуд».

Ямы з’яўляюцца пастаянна, таму дарожнікі працягваюць весці маніторынг і аператыўна працаваць над іх ухіленнем.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *