Ксёндз Ігар Лашук расказаў як пройдзе дзень памяці святога Казіміра ў Стоўбцах

Соцыум

Настаяцель касцёла святога Казіміра ў г. Стоўбцы ксёндз Ігар Лашук звярнуўся ў рэдакцы з патрэбай абвясціць аб урачыстасці, якая адбудзецца 2 сакавіка 2019 года. Рэдакцыя скарыстала магчымасць правесці інтэрв’ю з новым свяшчэннікам мясцовага касцёла.

Ксёндз Ігар Лашук

– Ксёндз Ігар, дазвольце прадставіць вас жыхарам раёна.

– Я нарадзіўся непадалёку ад Стоўбцаў – у вёсцы Макашы Нясвіжскага раёна. Аднак да Стоўбцаў нам бліжэй, чым да Нясвіжа. Таму, калі я даведаўся, што мяне пасылаюць у Стоўбцы на службу з патрэбай вырашыць некаторыя справы з будаўніцтвам касцёла, якое задоўжылася, быў рады прыняць гэтае паслушэнства ад біскупа. Стаўбцоўшчына для мяне як малая радзіма, лічу сябе земляком стаўбчан. Прадстаўлю сябе, пачынаючы са свайго шляху ў свяшчэнства. Пасля заканчэння агульнаадукацыйнай школы я паступіў у Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут, аднак яго не закончыў. Адразу пасля службы ў арміі прадоўжыў сваю навуку ў сферы духоўнай і паступіў у духоўную семінарыю ў Рыгу. Гэта быў савецкі час, складаная сітуацыя ў адносінах да рэлігіі, і патрэбна была цвёрдая пазіцыя, каб зрабіць такі выбар. І я ўдзячны Пану Богу за такое благаславенне. Затым мяне скіравалі вучыцца ў Польшчу ў духоўную семінарыю недалёка ад горада Познань. Затым закончыў Акадэмію каталіцкай тэалогіі ў Варшаве. Затым быў скіраваны ў Рым – закончыў Папскі ўніверсітэт з тытулам кандыдата дагматычнага багаслоўя. Некалькі гадоў назад закончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт па спецыяльнасці «журналістыка». Шэсць гадоў выкладаў у духоўнай семінарыі ў Пінску гісторыю касцёла, дагматычную тэалогію, патрыстыку. Служыў ксяндзом у Лідзе, 15 гадоў – у касцёле святога Яна Хрысціцеля ў Мінску, сем гадоў – у касцёле ў вёсцы Багданава Валожынскага раёна і вось два месяцы знаходжуся на службе ў касцёле святога Казіміра ў Стоўбцах. Маю такі юбілей: летам 2018 года споўнілася 25 гадоў майго святарскага служэння.

–       Ксёндз Ігар, якая праграма ўрачыстасці, што плануецца ў Стоўбцах?

– У першую чаргу яна звязана з прэзентацыяй Новага Запавету з перакладам на сучасную беларускую мову. Я маю асабістыя адносіны да гэтай вялікай працы па перакладзе Святога Пісання, так як належу да Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла камісіі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамантаў пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. Секцыя атрымала высокую ўзнагароду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – прэмію «За духоўнае адраджэнне». Пераклад зроблены з арыгінала Новага Запавету – са старагрэчаскай мовы. Пераклад праводзіўся на працягу 15 гадоў, гэта грунтоўная праца. Што тычыцца мерапрыемства, якое рыхтуецца ў Стоўбцах, то яно прывязана да пэўнай даты: 4 сакавіка ў каталіцкім касцёле адзначаецца дзень памяці святога Казіміра. Сёлета гэты дзень прыпадае на панядзелак, таму мы вырашылі перанесці ўрачыстасць на суботу. Я звярнуўся з прапановай у Стаўбцоўскі райвыканкам зацвердзіць назву свята – «Казюкі стаўпецкія». Ёсць такі фэст «Казюкі віленскія». Як вядома, Рэліквіі святога Казіміра знаходзяцца ў Вільнюсе ў Архікатэдральным касцёле. Ва ўрачыстасці ў Стоўбцах прыме ўдзел Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, архібіскуп Мінска-Магілёўскі. Плануецца, што архіепіскап сустрэнецца з настаўнікамі СШ № 2 г. Стоўбцы. Затым на тэрыторыі школы, дзе раней стаяў касцёл святога Казіміра, у 09.30 адбудзецца набажэнства. Яно будзе адметнае тым, што малітвы будуць узнесены перад старадаўняй іконай святога Казіміра, якая перадаецца ў дар стаўбцоўскаму касцёлу з нясвіжскага касцёла. Гэта святы абраз ХVІІІ стагоддзя. Святы Казімір, сын вялікага князя літоўскага і караля Польшчы Казіміра Ягелончыка, жыў  у ХV стагоддзі. Нарадзіўся ён у 1458 годзе ў Кракаве, памёр у 1484 годзе ў Гродне, па дарозе ў Вільню. Святы Казімір адмовіўся ад багацця каралеўскага двара з яго спакусамі, быў адданы Богу. Яго кароткае жыццё было напоўнена святасцю. Гэта святы нашай зямлі, блізкі нам, таму яго вобраз можна вяртаць для моладзі, выхоўваць на прыкладзе яго жыцця. Месца былога касцёла адметнае і тым, што тут пахаваны слуга Божы святар Фабіян Малішэўскі. Перад разбурэннем касцёла мясцовымі вернікамі яго мошчы былі замураваны на касцёльнай тэрыторыі.  Пасля набажэнства малітоўная працэсія скіруецца да касцёла святога Казіміра, дзе будзе здзейснена богаслужэнне. Мы папросім заступніцтва святога Казіміра ва ўсіх нашых справах. Пасля богаслужэння ў раённым Цэнтры культуры а 12-й гадзіне адбудзецца сімпозіум. Будзе прадстаўлены даклад пра святога Казіміра, можна будзе больш даведацца пра гэты цікавы вобраз. Таксама будуць зроблены даклад па тлумачэнні Святога Пісання на розных мовах і прэзентацыя Новага Запавету на сучаснай беларускай мове. Уваход на ўрачыстасць для ўсіх свабодны. Трагедыя ў Стоўбцах не дазволіла нам правесці гэтую ўрачыстасць як фэст. Аднак я ініцыірую «Казюкі стаўпецкія» надалей праводзіць кожны год у адзін і той жа час, у першыя дні вясны, і прымеркаваць да 4 сакавіка. Спадзяюся, што воляй Божай гэтую парафіяльную ўрачыстасць удасца зрабіць цікавай, добрай традыцыяй. Запрашаю прыняць удзел у свяце.

Святлана ЖЫБУЛЬ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *