3-га сакавіка – Хрэсны ход у Стоўбцах

Главное Соцыум

Фота носіць ілюстрацыйны характар

Як вяртанне набожнай традыцыі 3-га сакавіка ў Стоўбцах адбудзецца Хрэсны ход.

Ён прысвячаецца Году малой радзімы і Году памяці Полацкага сабора 1839 года. У мінулую нядзелю, 24 лютага, ва ўсіх праваслаўных храмах было агучана Пасланне Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, прыўрочанае 180-годдзю Полацкага царкоўнага сабора, па выніках якога больш за паўтара мільёна заходнебеларускіх уніятаў вярнуліся ў лона Праваслаўнай Царквы.

Хрэсны ход адправіцца ад Кафедральнага сабора святой праведнай Ганны пасля Бажэственнай літургіі ў нядзелю, 3-га сакавіка, каля 12 гадзін. Маршрут малітвеннага шэсця з харугвамі, іконамі і іншымі святынямі праляжа ў горадзе праз вуліцы М. Горкага, Танкістаў, міма Плошчы Бессмяротнасці на вуліцу Сацыялістычную, паверне на вуліцу Свярдлова, з якой скіруе на вуліцу Ленінскую каля магазіна «Гаспадарчыя тавары», пройдзе да фізкультурна-аздараўленчага комплексу, затым – па вуліцы Міру. У новым Свята-Уваскрасенскім храме будзе адслужаны малебен. Затым Хрэсны ход пройдзе па вуліцы Машынабудаўнікоў на Магістральную, потым – на Першамайскую з вяртаннем у сабор.

Да Хрэснага ходу можа далучыцца кожны стаўбчанін, неабавязкова ад храма, можна ад свайго дома. Царкоўнае яднанне ў малітве да Бога асвячае нашу зямлю, наш горад. Вуліцы райцэнтра стануць храмам пад адкрытым небам у саборнай малітве. Благадатная сіла Хрэснага ходу мае вялікае значэнне для кожнага канкрэтнага чалавека, для мясцовасці, якая асвячаецца. Гэта  выяўленне адзінай веры з сардэчным маленнем Госпаду і Божай Маці аб дараванні нашаму гораду і людзям заступніцтва і міласцівай дапамогі.

Благачынны прыходаў Стаўбцоўскай акругі протаіерэй Аляксандр МАРЦІНЧЫК



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *