Школьная майстэрня – творчая майстэрня

Адукацыя Важное

Станіслаў Васілеўскі – з кагорты тых, хто не здрадзіў сваёй малой радзіме, а застаўся там, дзе яго продкі спрадвеку пусцілі карані. Вёска Савоні – радзіма сям’і Васілеўскіх. Гэта паважаныя людзі, добрыя гаспадары, пра якіх кажуць: «Майстры на ўсе рукі». Сярод іх былі кавалі,  цесляры, токары, леснікі.

Калі Станіслаў закончыў школу, то бацькі, Франц Антонавіч і Леаніда Уладзіміраўна, вырашылі, што сын будзе настаўнікам. Шляхетныя ад роду, яны з павагай ставіліся да гэтай прафесіі. У Нясвіжскім педагагічным вучылішчы, куды паступіў юнак, ён быў адзін сярод дзяўчат, але не зважаў на гэта, стараўся, вучыўся, нават навучыўся іграць на трубе – у настаўніцкай працы спатрэбіцца ўсё.

Знаёмая сцяжынка зноў прывяла ўжо маладога спецыяліста ў родную школу. На першавераснёўскай лінейцы побач з ім стаялі маленькія хлопчыкі і дзяўчынкі, заглядвалі ў вочы і ганарыліся, што толькі ў іх настаўнік – мужчына. Спакойны, разважлівы, удумлівы – гэтыя якасці ён перадаваў разам з ведамі сваім выхаванцам. Два яго выпускі пачаткоўцаў з трывалымі ведамі перайшлі ў наступны клас.

Працуючы ў жаночым калектыве, Станіслаў Васілеўскі заўсёды прыходзіў на дапамогу: размясціць выставу, прымацаваць карціну, парамантаваць мэблю і нават прыбіць абцас. Мабыць, таму ў хуткім часе любімым месцам яго працы стала школьная майстэрня, а працоўнае навучанне – любімым прадметам усіх хлопчыкаў. У арсенал дзейнасці настаўніка-мужчыны дабавілася яшчэ і выкладанне асноў бяспекі жыццядзейнасці.

Наведваючы ўрокі калегі, параўноўваеш яго з чараўніком, бо з-пад рук яго вучняў выходзяць сапраўдныя цуды. Вось ужо гатовая палічка, а вось зэдлік, пажарныя машына і верталёт, міліцэйская машына, роўненькім шнурочкам стаяць кармушкі для птушак. Да школьных свят і мерапрыемстваў заўсёды ладзяцца выставы. А чым не падарункі для таты і матулі рэчы, зробленыя сваімі рукамі?

Станіслаў Францавіч стараецца ўдзельнічаць са сваімі вучнямі ў розных конкурсах («Знаўцы АБЖ», «Выратавальнікі вачыма дзяцей», «Выратавальнікі на вадзе»), алімпіядах па працоўным навучанні і правілах дарожнага руху. Каманда КВЗ «Юны выратавальнік» прымала ўдзел у абласным конкурсе ў г. Слуцк. У родную школу ўдзельнікі заўсёды вярталіся з перамогай. У гэтым навучальным годзе скарбонка ўстановы папоўнілася новымі ўзнагародамі. Віктар Тарабэш, вучань 9 класа, заняў другое месца ў другім этапе рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні, вучаніца 10 класа Кацярына Міхайлоўская – трэцяе месца ў конкурсе «Дзеці. Вада. Бяспека». Юныя шахматысты парадавалі першым агульнакамандным месцам, бо гэтая гульня ў школе – у вялікай павазе і даступная ўсім (на сцяне калідора прымацавана шахматнае поле з фігурамі, зробленае рукамі вучняў і настаўніка).

І самая апошняя навіна – агульнакаманднае трэцяе месца за ўдзел у 14-й раённай алімпіядзе па правілах дарожнага руху. Асабліва пастараліся вучань 5 класа Міхаіл Якушаў (першае месца) і вучань 6 класа Аляксандр Іванец (трэцяе месца). За ўсім гэтым стаіць добры прыклад творчай суполкі настаўніка і вучняў, якіх яднае дух апантанасці і жаданне тварыць. Калі вярнулі ў школу прафесійную профільную падрыхтоўку для вучняў 10 класа, то Станіслаў Францавіч згадзіўся навучаць дзяцей разьбе па дрэве і бяросце. Хто ведае, можа, для кагосьці гэта будзе першым крокам у прафесію, бо побач знаходзіцца настаўнік, які – на сваім месцы.

У настаўніцкі пакой ён заходзіць толькі на перапынку, каб памяняць журнал. Усміхнецца ўсім і хутчэй спяшаецца ў сваю творчую майстэрню, дзе яго з нецярпеннем чакаюць любімыя вучні.

Яніна ДУШКЕВІЧ, настаўніца Горкаўскай СШ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *