Наталля Касцюк святкуе свой дзень нараджэння раз у чатыры гады

Соцыум

Можаце ўявіць сітуацыю, што чалавек святкуе дзень нараджэння раз у чатыры гады?  Бывае такое ў тых, хто
нарадзіўся 29 лютага. Таму першы дзень вясны ў Наталлі Касцюк – асаблівы. Менавіта 1 сакавіка яна святкуе дзень нараджэння тады, калі ў календары года няма 29 лютага. Яе 35-годдзе будзе вясновае.

Наколькі яна прыгожы чалавек, мы змаглі даведацца з водгукаў яе калег і кіраўніцтва аддзела грамадскага харчавання райспажыўтаварыства. У спажывецкай кааперацыі яна працуе 15 гадоў, пасля заканчэння Маладзечанскага кааператыўнага тэхнікума. Вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці «эканаміст» атрымала ў Мінскім інстытуце кіравання. У аддзеле грамадскага харчавання Наталля Мікалаеўна займае пасаду эканаміста па цэнах. Яна распрацоўвае калькуляцыю на кожны від вырабаў, робіць разлікі па цэнах, складае акты раздзелкі мяса і паўфабрыкатаў, праводзіць інвентарызацыю таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў. У паўсядзённых рабочых буднях ёй даводзіцца выконваць і нямала іншых спраў. Яна нікому не адмовіць дапамагчы, калі папросяць, не скажа, што гэта не яе работа, выканае ахвотна і спакойна. На ўсё ў яе хопіць часу. Таварыская, мірная, з уменнем пажартаваць – душа калектыву. Пра Наталлю Касцюк калегі гавораць: лёгкі чалавек.

Сама яна – са Старога Свержаня, муж – з Новага Свержаня, асталяваліся – у Старым. Вясковы ўклад жыцця дае свае плюсы ў адносінах да людзей, да сябе, да навакольнага свету. На яе прыветнасць і ўсмешку кожнаму хочацца адказаць тым жа.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *