Паўгода, як майстар лесу

Моладзь Стаўбцоўшчыны Нумары

image_pdfimage_print

Крыху больш як паўгода працуе ў Стаўбцоўскім доследным лясгасе Аляксандр Ігнатчык. Малады спецыяліст прыехаў на Стаўбцоўшчыну па размеркаванні пасля вучобы ў Барысаўскім дзяржаўным лесаагратэхнічным прафесійным каледжы. Накіравалі яго майстрам лесу ў Хатаўское лясніцтва, адно з самых аддаленых на Стаўбцоўшчыне.

Першыя дні, месяцы самастойнай працы –  няпростыя! Яны падкідваюць столькі незнаёмага, цягнуцца доўга… Зіма з яе маразамі выпрабоўвала.  Затое гэтыя будні далі Аляксандру магчымасць упэўніцца ў галоўным –  з выбарам прафесіі ён не памыліўся. Выбар, прызнаецца, рабіў сам – свядома, без старонняга ўплыву. Калі займаўся ў старэйшых класах, збіраў на летніх канікулах грыбы і ягады ў лясах свайго роднага Нясвіжскага раёна, у душы выспявала мара – стаць лесаводам. Закончыў сельскі хлопец 11 класаў і паступіў у каледж. Вучоба давалася яму няцяжка.

Стараецца Аляксандр вучыцца і цяпер. Натуральна спасцігае прафесію ў сваіх старэйшых калег па лясніцтве – вопытных майстроў лесу Мечыслава Ламакі і Сяргея Сечкі. Акурат у сям’і Сяргея Сечкі знайшлася маладому спецыялісту і ўтульная цёплая кватэра. І хоць Аляксандру выпадае не кожныя выхадныя наведацца са Стаўбцоўшчыны на Нясвіжчыну і сваім жыццярадасным настроем супакоіць  трывогі бацькоў, але па адносінах да яго ў калектыве відавочна, што трапіў ён у сапраўды надзейныя, бацькоўскія рукі.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ     

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *