Спартыўны кумір для падлеткаў

Ахова правапарадку Главное

Вадзім Гарохавік працуе з непаўналетнімі

Участковы інспектар інспекцыі па справах непаўналетніх райаддзела міліцыі Вадзім Гарохавік не толькі займаецца з падлеткамі раёна, але і выступае ў камандзе райаддзела па міні-футболе.

Трэнер – гэта першая прафесія Вадзіма. У 2012 годзе ён закончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт фізічнай культуры, у 2017 годзе – Акадэмію Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь. Яго запрасілі ў аддзел кадраў райаддзела міліцыі, калі яшчэ і дыплом трэнера не атрымаў, каб прапанаваць службу ў міліцыі. На яго выбар паўплываў у першую чаргу прыклад бацькі, Уладзіміра Альфрэдавіча, які, як вядома, прысвяціў сваё жыццё стаўбцоўскай міліцыі. У акадэміі Вадзім навучаўся завочна.

Усе гэтыя гады набіраўся прафесійнага міліцэйскага вопыту і, літаральна з першых дзён, папоўніў склад каманды, якая абараняе гонар РАУС на спартыўных спаборніцтвах. «Каманда маладзёжная, натрэніраваная», – падкрэслівае Вадзім. Двойчы на тыдзень ён наведвае спартыўную залу ФАКа. Дарэчы, побач з ім трэніруецца і яго калега з інспекцыі – участковы інспектар Генадзь Масель.

Відавочныя спартыўныя звычкі, добрая фізічная форма – акурат тое, што міжволі ўзнімае імідж інспектараў у вачах падлеткаў. На Стаўбцоўшчыне стала традыцыяй, што інспектары і падлеткі некалькі разоў на год сустракаюцца камандамі на футбольным полі. У гэтых матчах перамагае, зразумела, дружба, затое з якім захапленнем падлеткі глядзяць на інспектараў-куміраў!

Адміністрацыйны ўчастак Вадзіма Гарохавіка ахоплівае не менш чым палову раёна. Ён наведвае школы, клубы і іншыя месцы масавага адпачынку, каб не дапусіць учынення моладдзю правапарушэнняў, навучыць іх жыць згодна з літарай закона. З дзевяццю непаўналетнімі Вадзім Гарохавік праводзіць індывідуальную прафілактычную работу. Двое з іх – раней судзімыя, атрымалі адтэрміноўку ў выкананні прыгавору. Вадзім сустракаецца з імі і іх бацькамі па месцы жыхарства, па месцы вучобы. Сем’і ў падлеткаў розныя, таму падыходы інспектара да іх адрозніваюцца, але ў цэлым вынікі работы, што праводзіцца, не могуць не радаваць: апошнім часам падлеткавая злачыннасць у раёне зменшылася прыкладна на трэць.

Ёсць і іншыя, нестатыстычныя, дасягненні: некаторыя падлеткі, з якімі інспектар праводзіў індывідуальную прафілактычную работу, звяртаюцца да яго і пасля дасягнення паўналецця – па параду наконт работы, з пытаннем асабістага характару.

У планах Вадзіма – працаваць, назапашваць вопыт. Дома ў яго сям’я, жонка і двое дзетак. Дачка наведвае дзіцячы сад, сыну нядаўна споўніўся годзік. Блізкія прызвычаіліся да міліцэйскага графіка службы, які прыпадае на выхадныя дні, вячэрні і начны час.

«Служба, сям’я, спорт – на іншае няма часу», – кажа Вадзім Гарохавік.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *