Перапрацоўшчыкі ў чаканні перамен

Нумары Прамысловасць

image_pdfimage_print

На Стаўбцоўскім філіяле ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат» блізіцца да завяршэння рэалізацыя буйнога інвестпраекта па выпуску пладова-ягадных напаўняльнікаў.

На прадпрыемстве для ажыццяўлення пуска-наладачных работ прыбылі італьянскія і польскія спецыялісты. Як адзначыў дырэктар Сяргей Прасмыцкі, працэс запуску новага абсталявання ідзе ў нармальным рэжыме, у сакавіку плануецца завяршыць яго і пачаць выпуск доследнай партыі напаўняльнікаў. Згодна з тэхналагічным цыклам, вытворчасць таварнай прадукцыі чакаецца ў красавіку-маі бягучага года.

Разам з мадэрнізацыяй не спыняецца і вытворчы канвеер завода.  Перапрацоўваецца морква, з якой выпускаецца цалкам новы від прадукцыі – нектары. Асартымент іх шырокі: маркоўна-яблычны, маркоўна-гарбузова-яблычны, маркоўна-малінавы, маркоўна-трускалкавы. Нектары разліваюцца ў зручныя бутэлькі ёмістасцю 0,75 л і рыхтуюцца для адпраўкі на расійскі рынак. Адметна, што спажыўцом гэтага рынку ўжо зроблена заяўка на навінкі. З рынкамі збыту, а таксама з распрацоўкай новых запатрабаваных відаў прадукцыі заводу аказвае істотную дапамогу Дэпартамент кіравання якасцю, створаны пры Беларускай цукровай кампаніі.

Вядзецца нарыхтоўка бярозавага соку. На яго пастаўку ў філіяла заключаны дагаворы са Стаўбцоўскім, Валожынскім, Клецкім лясгасамі. Сёлета плануецца нарыхтаваць бярозавіку ў аб’ёме 600 тон – у тры разы больш, чым летась. Цяпер, у сезон, лясны напітак кансервуецца асептычным спосабам, каб потым вырабляць з яго міксы, разліваць у «чыстым» выглядзе і спаўна задаволіць попыт на вітамінную прадукцыю айчынных і расійскіх спажыўцоў.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *