Дарыць усмешку

Соцыум

Ірына Глоба дорыць усмешку і сваім заўсёдным прыемным, пазітыўным выглядам, і сваёй прафесіянальнай дзейнасцю як урач-стаматолаг. Яе высокая кваліфікацыя пацверджана тым, што Ірыне Чаславаўне адной з першых было даверана працаваць у платным стаматалагічным кабінеце і забяспечваць высокую якасць абслугоўвання кліентаў.

Вялікі вопыт работы на адным месцы і аўтарытэт дае права Ірыне Глоба сказаць, што яна любіць сваю прафесію, якой прысвечаны многія гады жыцця. А яшчэ – любіць сваю малую радзіму, куды прыехала працаваць пасля заканчэння медінстытута, любіць свой горад, сваіх землякоў, якіх лечыць і якім дорыць  усмешку.

Ірына Чаславаўна аб сваіх заслугах не гаворыць, а выказвае вялікую ўдзячнасць кіраўніцтву стаматалагічнага аддзялення за тую выдатную атмасферу, што створана для павышэння прафесіянальнага майстэрства ўрачоў-стаматолагаў. Эдвард Станкевіч, сам урач-практык, арганізоўвае для калег курсы павышэння кваліфікацыі на кафедрах Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі. Пастаянна праводзіцца вучоба з прадстаўнікамі фірм і кампаній, якія пастаўляюць новыя матэрыялы для работы ўрачоў-стаматолагаў. Дзякуючы гэтаму мясцовыя стаматолагі маюць магчымасць карыстацца апошнімі навінкамі вучоных і распрацоўшчыкаў новых матэрыялаў.

Ірына Чаславаўна з вялікай павагай выказалася аб сваіх калегах, ветэранах аховы здароўя, такіх як урач-стаматолаг Ніна Малюшкіна, і парадавалася, што ў калектыў уліліся маладыя кадры з вялікім жаданнем удасканальвацца і стаць дастойнай зменай медыцынскім работнікам старэйшага пакалення.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *