У Стоўбцах адбылося пасяджэнне савета раённага аб’яднання прафсаюзаў

Соцыум

Адбылося чарговае пасяджэнне савета раённага абяднання прафсаюзаў, на якім  прысутнічалі прадстаўнікі пярвічных прафсаюзных арганізацый і старшыні раённых арганізацый галіновых прафсаюзаў.

У рабоце савета прымалі ўдзел начальнік галоўнага ўпраўлення юрыдычнай работы прававога забеспячэння апарату Савета Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Марына Лазар, загадчык аддзела сацыяльнага партнёрства і працоўных адносін Мінскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Аляксандр Юрчык, старшыня раённага Савета дэпутатаў Сяргей Шэсцель.

На парадак дня было вынесена тры пытанні. Падчас даклада па першым пытанні “Выкананне Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны” і аб выніках работы тэхнічнай інспекцыі працы ФПБ, Стаўбцоўскай міжраённай інспекцыі працы, мабільнай групы Стаўбцоўскага райвыканкама па ажыццяўленні кантролю за выкананнем заканадаўства аб ахове працы ў арганізацыях і ўстановах, размешчаных на тэрыторыі Стаўбцоўскага раёна, у 2018 годзе і задачах на 2019 год”, старшыня  раённага аб’яднання прафсаюзаў Юрый Ларычэў звярнуў увагу на вынікі праведзеных маніторынгаў. Яны паказваюць, што наймальнікамі праводзіцца пэўная работа па выкананні бяспечных умоў працы, прымаюцца меры па прафілактыцы вытворчага траўматызму, прафесійных і іншых захворванняў. Разам з тым маюцца парушэнні заканадаўства аб ахове працы. Тэхнічнай інспекцыяй працы Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ў жніўні 2018 года 10 арганізацыям раёна было выдадзена дзевяць рэкамендацый па ліквідацыі 51 выяўленага парушэння заканадаўчых актаў аб ахове працы: ТАА “Стоўбцыгазбуд”, КВУП “Стаўбцоўская друкарня”, ААТ “Навасвержанскі лесазавод”,  ДУ “Стаўбцоўскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва”,  ДУА “Шашкоўская дзіцячая школа мастацтваў”, ДЛГУ “Стаўбцоўскі лясгас”,  ААТ “Рочавічы”, ААТ “Радзіма Дзяржынскага”, ДУА “Дзераўнянская дзіцячая школа мастацтваў”, і даведка – Стаўбцоўскаму РЭС РУП “Мінскэнерга”.

Прэзідыум савета

Сярод асноўных парушэнняў можна назваць наступныя: адсутнічаў кантроль за выкананнем нарматыўных дакументаў аб ахове працы з боку кіраўніцтва прадпрыемства, работнікаў дапускалі да выканання работ з павышанай небяспекай без правядзення стажыроўкі і праверкі ведаў па пытаннях аховы працы, работы выконваліся на няспраўным абсталяванні, работнікі не былі забяспечаны сродкамі індывідуальнай аховы, не арганізавана правядзенне перыядычнага (штодзённага, штомесячнага і штоквартальнага) кантролю за станам аховы працы, не прыведзены ў адпаведнасць з патрабаваннямі заканадаўства інструкцыі па ахове працы і да т. п.

Юрый Іванавіч падкрэсліў значнасць работы грамадскіх інспектараў па ахове працы. У адпаведнасці з ускладзенымі на іх задачамі за 2018 год на імя наймальніка былі выпісаны 694 рэкамендацыі на ліквідацыю 1379 выяўленых парушэнняў заканадаўчых актаў аб ахове працы.

На завяршэнне свайго выступлення старшыня  раённага аб’яднання прафсаюзаў даў парады па прафілактыцы вытворчага траўматызму, умацаванні працоўнай і выканаўчай дысцыпліны.

Судакладчыкамі выступілі галоўны спецыяліст аддзела занятасці і працоўных адносін упраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне насельніцтва раённага выканаўчага камітэта Людміла Магер і памочнік пракурора Стаўбцоўскага раёна Яўген Асосаў.

Падчас абмеркавання другога пытання “Справаздачна-выбарчая кампанія ў прафсаюзных арганізацыях Стаўбцоўскага раёна” былі акрэслены асноўныя моманты арганізацыі і правядзення сходаў і канферэнцый. Зацверджаны графік правядзення справаздачна-выбарчай кампаніі ў членскіх прафсаюзных арганізацыях Стаўбцоўскага раёна ў 2019 годзе.

Прадстаўнікі пярвічных прафсаюзных арганізацый

Па трэцім пытанні старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Сямён Юрчык і старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі філіяла ААТ “ККХ “Мінскі маторны завод” у г. Стоўбцы Вольга Мішук у сваіх выступленнях  расказалі, як неабходна забяспечваць няўхільнае выкананне стандарту наменклатуры і нарматываў выкарыстання членскіх прафсаюзных узносаў у прафсаюзных арганізацыях.

На пасяджэнні былі разгледжаны пытанні прафсаюзнай экскурсійна-турыстычнай дзейнасці, план правядзення мерапрыемстваў, прысвечаных 75-й гадавіне вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, 50-годдзю стварэння мемарыяльнага комплексу “Курган Славы”, Святу працы і 115-годдзю прафсаюзнага руху Беларусі.

Вынікі гэтай сустрэчы падвяла начальнік галоўнага ўпраўлення юрыдычнай работы прававога забеспячэння апарату Савета Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Марына Лазар: “Галоўнымі прынцыпамі арганізацыйнай дзейнасці раённага аб’яднання з’яўляюцца салідарнасць і адзінства дзеянняў усіх прафсаюзных арганізацый і арганізацыйных структур галіновых прафсаюзаў”.

Яўгенія Слесарчык, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *