З 11 сакавіка пачынаецца Вялікі пост, 10 сакавіка – Даравальная нядзеля

Главное

Любоўю і трапяткім чаканнем Вялікага посту можна правяраць сапраўднасць носьбіцтва хрысціянства. Калі гэтага няма, то чалавека трымае ў Царкве толькі абрадавер’е.

Царква як клапатлівая маці не адразу прапаноўвае нам акунуцца ў выратавальную купель посту, бо ведае, што ледзяная вада ўстрымання адразу можа адштурхнуць чалавека. Паступова ўводзіць яна нас у вялікапосную радасную журбу. Адразу па калена, потым – па пояс, па грудзі, і толькі тады можна ўвабраць поўныя лёгкія паветра і нырнуць, адчуваючы, як сэрца спыняецца ад холаду і трапеча ад радасці, бо мы кінуліся ўплаў да дзіўнага вострава Пасхі.

Сырны тыдзень для таго, каб раўнамерна тармазіць ва ўцехах. Гэта паласа разгону для посту і малітвы. Калі гэты «разгонны» тыдзень праігнараваць, можа здарыцца спакушэнне першых дзён посту.

Наогул, велікапосныя спакушэнні – тэма асобная. Мне здаецца, што Гасподзь праз нявольныя спакушэнні папаўняе ў нас недахоп добраахвотных подзвігаў. Патрэбна прайсці праз велікапосную печ загартоўкі, каб Пасхальны агонь не спаліў датла.

Таму, браты і сёстры, узрадуемся і ўзвесялімся ў чаканні «вясны духоўнай». Пост закліканы разагнаць нашы нуду і смутак, зарадзіць нашы духоўныя батарэі надоўга. Гэта пражэктар, які па-новаму асвятляе наша жыццё. І тое, што без посту нам здавалася важным і першаступенным, падчас посту можа адступіць на задні план, а рэчы пасрэдныя могуць пераўтварыцца і зайграць у новым святле. «Не памолімся, брація, фарысейскі», але пацалуем Вялікі пост, бо гэта свабода і гімн свабодзе. Гэта сыходжанне ў глыбіні пакаяння і лунанне ў вышынях малітвы. Гэта «світак», горкі на вуснах, але салодкі ў чэраве. Гэта духоўная бітва, якая вядзе да сапраўднага міру і благадаці. Амінь.

Настаяцель Свята-Георгіеўскага храма ў пасёлку Наваколасава свяшчэннік Сергій БЕГІЯН



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *