ААТ «ТБЗ Нёман» — лідар сярод прамысловых прадпрыемстваў

Главное Эканомiка

Торфабрыкетны завод працуе на перспектыву

Торфабрыкетны завод «Нёман» традыцыйна за сваю больш чым паўвекавую гісторыю рэалізуе паліўны брыкет спажыўцам з розных раёнаў Беларусі. Апошнім часам ён цесна супрацоўнічае з цэментнымі заводамі рэспублікі, якія забяспечвае паліўным брыкетам. Неўзабаве завод стане асноўным пастаўшчыком сыравіны для новай кацельні ў г. Стоўбцы на мясцовых відах паліва. Гэта амбіцыйны праект, які пачне рэалізоўвацца ўжо ў бягучым годзе.

Дырэктар завода Міхаіл Камейша адзначаны Падзякай міністра энергетыкі

Міхаіл КАМЕЙША, дырэктар ААТ «ТБЗ Нёман»:

– У 2018 годзе са сваёй асноўнай задачай калектыў паспяхова справіўся. Пры плане вытворчасці паліўнага брыкету 42 тысячы тон выпушчана 46,6 тысячы тон, ці амаль 111 працэнтаў (130 працэнтаў да ўзроўню 2017 года). Аб’ём выпуску таварнай прадукцыі ў фактычных цэнах склаў 115 працэнтаў да планавага задання.

Працуюць у адной звязцы сакратар прыёмнай Алена Янкоўская, юрысконсульт Юлія Клімовіч (на першым плане), інжынер Аляксандр Камейша і спецыяліст па кадрах Аксана Барысенка

За кошт інвестыцый у памеры 224 тысячы рублёў набыты ў тым ліку аўтамабіль МАЗ для перавозкі паліўнага брыкету і два колавыя трактары, якія задзейнічаны на здабычы фрэзернага торфу. Каб павялічыць аб’ёмы вытворчасці, праграмай развіцця ў 2019 годзе запланаваны замена і мадэрнізацыя тэхналагічнага абсталявання брыкетнага цэха. Працягваюцца работы па добраўпарадкаванні адміністрацыйнага будынка і вытворчых цэхаў, тэрыторыі завода.

«Мазгавы цэнтр» завода: галоўны механік Станіслаў Русан, галоўны інжынер Уладзімір Круглінскі і галоўны энергетык Генадзь Шаціла

Падчас сезона нарыхтовак быў створаны надзейны сыравінны падмурак для стабільнай работы завода: здабыта амаль 115 тысяч тон фрэзернага торфу (145 працэнтаў да планавага задання), у тым ліку паліўнага – 104,6 тысячы тон. Здабыча торфу вядзецца на тарфяным радовішчы «Гу-манаўшчызна», землі якога адведзены прадпрыемству ў пастаяннае карыстанне да 2034 года. Фактычна яго запасаў хопіць не менш чым на 30 гадоў работы. У мінулым годзе на базе ААТ «ТБЗ Нёман» прайшоў рэспубліканскі семінар-нарада па падрыхтоўцы прадпрыемстваў паліўнай галіны да сезона здабычы.

Дружны калектыў бухгалтэрыі: Святлана Міхалевіч (галоўны бухгалтэр), Дар’я Капейчанка (на першым плане), Вераніка Бабіч, Часлава Сёмуха і Наталля Галушка

Планы на 2019 год не менш значныя. Пачатак года радуе. Я задаволены калектывам і яго імкненнем да новых дасягненняў.

Дырэктар ААТ «ТБЗ Нёман» Міхаіл Камейша адзначаны Падзякай міністра энергетыкі Рэспублікі Беларусь за асабісты ўклад у развіццё паліўнай прамысловасці і дасягненне высокіх паказчыкаў у сезоне здабычы торфу 2018 года

Калі завод – гэта не толькі працоўнае месца

Сёння перад важніцай (весовой) завода – ажыўлены рух і чарга аўтамашын. Доўга яны не затрымліваюцца. Ад’язджае на-гружаная брыкетам тэхніка – пад’язджае парожняя для пагрузкі. «За змену адпускаем больш за 300 тон брыкету», – падсумоўвае, кідаючы погляд на электронныя вагі, вагаўшчык гатовай прадукцыі Надзея Копаць.

Вытворча-эканамічная служба: Кацярына Масойць, Галіна Кутас, Віктар Якаўлеў, Сяргей Масойць, Іна Круглінская, Наталля Харытон

Апошнія гады колькасць работнікаў завода вырасла. Большасць з 124 работнікаў – людзі мясцовыя, з пасёлка Нёман і аграгарадка Шашкі, але нямала і тых, каго падвозяць ведамаснымі аўтобусамі з ваколіц аграгарадка Дзераўная і вёскі Старына. Асноўнае, што прыцягвае на завод новых работнікаў, – усведамленне перспектывы. Галоўны бухгалтар Святлана Міхалевіч заўважае: «Дзякуючы вытворча-гаспадарчай дзейнасці без страт, захоўваюцца меры матэрыяльнага стымулявання. Ажыццяўляем усе выплаты, якія прадугледжаны калектыўным дагаворам».

Рухае завод наперад транспартны ўчастак: Віктар Абрамовіч, Аляксандр Радзіон, Іосіф Абрамовіч (начальнік), Уладзімір Кутас, Таццяна Абрамовіч, Мікалай Шыманец, Андрэй Бець

У калектыве ёсць з каго браць прыклад. Галоўны інжынер Уладзімір Круглінскі калісьці пасля школы пачынаў станочнікам. На заводзе працавалі яго бацькі. І пасля армейскай службы, якая праходзіла ў гарачай кропцы – Афганістане, Уладзімір вярнуўся на свой завод. Маці, Ганна Міхайлаўна, і сёння цікавіцца заводскімі навінамі, прычым не толькі ў сына, але і ў нявесткі, начальніка вытворча-тэхнічнага аддзела Іны Круглінскай.

Прафесіяналы высокага ўзроўню: фрэзероўшчык Антон Кутас і токар Дзмітрый Вялічка

Прысвяціў заводу сваё жыццё Франц Дзямянка, а на пасадзе галоўнага энергетыка працуе апошнія восем гадоў яго вучань – Генадзь Шаціла. На працягу чатырох дзясяткаў гадоў шчыруе на прадпрыемстве майстар участка здабычы Віктар Жук. Менавіта гэты ўчастак адказвае за стратэгічны напрамак – нарыхтоўку сыравіны. Летась сезоннае заданне  было выканана фактычна за месяц замест запланаваных чатырох. З дапамогай транспартнага ўчастка сыравіна дастаўляецца ў вытворчы цэх у любое надвор’е. Яго работнікі дружна працуюць над тым, каб цеплавозы і вагоны былі на хаду, спраўнымі. Для рамонтных работ створаны ў майстэрні ўсе неабходныя ўмовы.

На пагрузцы торфу для вытворчасці брыкету ўвіхаецца зменная брыгада ў складзе Аляксандра Гамзы, Віктара Рагозы і Івана Багдановіча

Завітаем на тарфяное радовішча, што за 12 км ад завода. Тут пахне торфам. Ён сухі, якасны, таму пры пагрузцы ў вагоны ўзнімаецца ў паветры слуп пылу. «Сабекошт брыкету з такой сыравіны будзе меншы. Атрымаем прадукцыю з высокай дабаўленай вартасцю», – дзеліцца эканамічнымі прагнозамі Міхаіл Камейша. Машыніст пагрузчыка Аляксандр Гамза нагружае за змену да 30 вагонаў. Ён па-ранейшаму верны свайму заводу, хоць апошнім часам перабраўся з сям’ёй у Стоўбцы. Пра Аляксандра Уладзіміравіча з павагай кажуць: «Шматдзетны бацька». Побач з ім працуе машыніст цеплавоза, ветэран працы Віктар Рагоза. Непадалёку ідзе загрузка торфу для сельгаспрадпрыемстваў, дзе ўвіхаецца машыніст пагрузчыка Раман Ананьеў.

На адгрузцы гатовай прадукцыі заняты Надзея Копаць, Генадзь Елак і Алена Гузоўская

У рэспубліканскім спаборніцтве сярод машыністаў торфа-здабываючых машын выйшлі ў лік пераможцаў і прызёраў Іван Равяка, Іван Бялушка, Аляксандр Босы, Вячаслаў Кало-дзінскі, Валерый Лысы, Віктар Чабай. Усе яны адзначаны прэміямі на ўрачыстым сходзе ДВА «Белпалівагаз», які пра-ходзіў на базе ААТ «ТБЗ Браслаўскае».

Дарэчы, торф запатрабаваны і самім торфабрыкетным заводам. На гэтым відзе паліва працуе яго кацельня, якая забяспечвае цяплом як вытворчасць, так і жылы пасёлак.

«Выходзіць не брыкет, а чорнае золата», — упэўнены вопытны машыніст брыкетнага прэса Іван Гузоўскі

З размоў з людзьмі вынікае, што для многіх завод – штосьці значна большае, чым проста месца працы. Стабільнасць, дастойны заробак (сярэд-нямесячны памер яго ў 2018 годзе склаў 851 рубель) – гэта ў сучасных умовах вельмі важна. Але не менш важныя і ацэнка тваёй працы, адносіны да цябе як да асобы, удзел у тваім лёсе. З гэтым у калектыве ўсё ў парадку, пачынаючы з самага высокага, дырэктарскага, узроўню. Ад тых, хто працуе не так даўно і хто працягвае слаўныя дынастыі торфабрыкетчыкаў, чула пры-знанне: «Люблю свой завод!»

У апаратнай сочаць за работай вытворчага канвеера майстар змены Валерый Багдановіч, начальнік брыкетнага цэха Яўген Кутас і апаратчык Юрый Валадзько

У Год малой радзімы кіраўніцтва ААТ «ТБЗ Нёман» паспрыяла таму, каб упрыгожыць родную зямлю памятнымі адзнакамі-камянямі. Адзін з валуноў акурат устаноўлены пры ўездзе на завод. Ён, зразумела, – у гонар калектыву.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *