Агульнагарадскі Хрэсны ход адбыўся ў Стоўбцах

Важное Культура

Трэцяга сакавіка ў Стоўбцах адбыўся агульнагарадскі Хрэсны ход, які аб’яднаў у малітве сотні людзей.

Пасля Бажэственнай літургіі ў кафедральным саборы святой праведнай Ганны быў адслужаны малебен на пачатак добрай справы. І Хрэсны ход з харугвамі, іконамі, іншымі святынямі, малітвай і царкоўным звонам адправіўся па вызначаным маршруце. Ва ўсіх былі ўзрушанасць, светлы настрой, саборнасць, любоў паміж сабою і слёзы на вачах ад важнасці і значнасці падзеі. Благачынны прыходаў Стаўбцоўскай акругі протаіерэй Аляксандр Марцінчык заручыўся падтрымкай Школы званароў Мінскага епархіяльнага ўпраўлення, і ў Стоўбцы прыбыла перасоўная званіца. Царкоўны звон суправаджаў Хрэсны ход па ўсім маршруце і рассыпаў дабравест па гарадскіх вуліцах.

Хрэсны ход быў з прыпынкамі. Адзін з іх – на плошчы Бессмяротнасці, дзе была здзейснена малітва за воінаў, якія паклалі сваё жыццё ў барацьбе з ворагам за мір на нашай зямлі. У Свята-Уваскрасенскім храме на вуліцы Міру быў адслужаны малебен за мір, спакой, дабрабыт роднай Беларусі і на нашай Стаўбцоўшчыне з просьбай малітвеннага заступніцтва ўсіх беларускіх святых, якія праззялі на беларускай зямлі.

Айцец Аляксандр звярнуўся да шматлікіх удзельнікаў Хрэснага ходу з пропаведдзю. Адзначыў, што Хрэсны ход прысвячаецца Году малой радзімы і яшчэ адной важнай даце для праваслаўных хрысціян – 180-годдзю аб’ядноўчага Полацкага царкоўнага сабору 1839 года. Благачынны агучыў Пасланне Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі, прыўрочанае да юбілею гэтай важнай падзеі.

Айцец Аляксандр заклікаў усіх жыць у міры, любові, згодзе, ва ўсіх абставінах дастойна несці высокае званне хрысціяніна. Была выказана ўдзячнасць райвыканкаму за падтрымку ідэі правядзення Хрэснага ходу і вялікую дапамогу ў яго арганізацыі. Удзячнасць адрасавана таксама раённаму аддзелу ўнутраных спраў за суправаджэнне Хрэснага ходу, які паспяхова прайшоў, унёс святло і радасць у душы людзей і ў наваколле.

Першы агульнагарадскі Хрэсны ход паклаў у Стоўбцах пачатак аднаўленню даўняй хрысціянскай традыцыі, плануецца яго праводзіць кожны год.

Святлана ЖЫБУЛЬ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *