Падзеі і здарэнні

Нумары Падзеі і здарэнні

image_pdfimage_print

У пажарнай часці згадалі пажар у летняй кухні ў Крамцы. Прычына здарэння высвятляецца. Пажарным давялося выязджаць дзевяць разоў на загаранне смецця, якое магло закончыцца пажарам і іншымі небяспечнымі наступствамі. Ва ўсіх выпадках вінаватыя прыцягнуты да адказнасці –  штрафу ад пяці да 30 базавых велічынь.

Міліцыяй зарэгістравана 153 паведамленні аб правапарушэннях, у выніку чаго ўзбуджана 15 крымінальных спраў, у 13-ці з іх устаноўлены падазраваемыя. У Сцяцках падчас сваркі хуліган зламаў руку грамадзянцы, што пацягнула працяглае расстройства яе здароўя. У Аталезі злодзей абрабаваў два дамы: у адным выкраў плед, у другім – мабільны тэлефон. З падворка ў Вішняўцы знікла 1,2 тоны лому чорнага металу. Пацярпеў ад злодзея жыхар Ругайца.   

Стаўбцоўскай міжраённай інспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету выяўлены рэшткі двух незаконна здабытых ласёў на ўкраіне лесу паблізу Дзераўной. Страты, нанесеныя прыродзе, склалі 24 700 000 рублёў. Райаддзелам міліцыі праводзіцца праверка, вырашаецца пытанне аб узбуджэнні крымінальнай справы. Да ведама: у Дзяржаўнай інспекцыі дзейнічаюць тэлефоны даверу: 8-017-390-00-00, 8-033-333-60-00.

Пракуратурай раёна разгледжаны калектыўны зварот работнікаў свінатаварнага комплексу ААТ «Вішнявецкі-агра» па пытанні парушэння істотных умоў працы і нясвоечасовай выплаты заработнай платы за снежань 2013 года. У ходзе праверкі ўстаноўлена, што дырэктарам таварыства быў выдадзены загад (у сувязі са змяншэннем выручкі ад рэалізацыі свіней і, адпаведна, складаным фінансавым становішчам) аб змяненні істотных умоў працы работнікаў, а менавіта ўстаноўленых калектыўным дагаворам сістэмы, памераў і тэрмінаў яе аплаты. Работнікі комплексу аб гэтым не былі папярэджаны, што выключыла іх магчымасць рэалізаваць сваё права на адмову ад працягу работы. На неадпаведны заканадаўству загад вынесены пратэст з патрабаваннем ажыццявіць пераразлік заработнай платы за снежань 2013 года. У адносінах да дырэктара складзены адміністрацыйны пратакол, перададзены на разгляд у міжраённую інспекцыю працы. 

 Суд аштрафаваў на 1 300 000 рублёў 58-гадовага жыхара Старыны, які збіў да смерці сабаку. За захоўванне самагоннага апарата пакарана штрафам на суму 390 000 рублёў 67-гадовая жыхарка Драздоўшчыны.

ДАІ выявіла 125 парушэнняў правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў – шэсць п’яных і 11 бяспраўных вадзіцеляў, 21 недысцыплінаваны пешаход. Зафіксавана 11 дарожна-транспартных здарэнняў. У дзве гадзіны ночы на чыгуначным пераездзе на Новы Свержань 19-гадовы жыхар раёна, які кіраваў аўтамабілем «Рэно» ў нецвярозым стане, працягнуў рух пры закрытым шлагбауме, на забаронены сігнал святлафора, у выніку чаго сутыкнуўся з таварным поездам. На шчасце, абышлося без пацярпелых.

Падрыхтавала Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *