Апошні тыдзень перад Вялікім постам – масленічны. На Стаўбцоўшчыне былі арганізаваны святочныя мерапрыемствы на розных пляцоўках. Найбольш яскрава Масленіцу адзначалі ў ТАК “Высокі бераг”. Галіна Лукашэвіч, начальнік службы прыёму і размеркавання турбазы, паведаміла нам: “Непасрэдна арганізацыяй свята займалася Іна Буланцава, вядучы спецыяліст па турызме ТАК “Высокі бераг”. Але працавалі ўсе разам, таму што гэта агульная справа калектыву, хоць невялікага, але дружнага”.
ТАК “Высокі бераг” у перыяд Масленіцы ў першую чаргу працаваў па заяўках кліентаў. Другога і трэцяга сакавіка ў турыстычна-аздараўленчым комплексе была арганізавана шырокая Масленіца, менавіта ў гэтыя дні прыязджалі пяць груп з Мінска. Наведаць свята мог кожны жадаючы. А тых, кто прыехаў адзначаць Масленіцу на некалькі дзён, чакаў прыемны сюрпрыз – скідка 30% на пражыванне ў нумары.
І зіму праганялі, і чучала палілі
Надвор’е на масленічныя дні выпала сонечнае, што паспрыяла добраму правядзенню свята. Нават некалькі лебядзіных сем’яў прыляцелі на Нёман і адпачывалі разам з прысутнымі. На мерапрыемстве гасцей частавалі блінамі, гарачым глінтвейнам. “Мы працуем сумесна са Стаўбцоўскім раённым цэнтрам народнай творчасці і Навасвержанскім цэнтрам культуры, таму падчас свята былі арганізаваны выставы народных майстроў. Цесна супрацоўнічаем і з народным фальклорным ансамблем “Коласавы землякі”. Дзякуючы работнікам культуры наша масленічная праграма была не толькі забаўляльная, але і пазнавальная. Удзельнікі свята пазнаёміліся з гісторыяй Масленіцы, яе традыцыямі. І зіму праганялі, і чучала на вогнішчы палілі. Людзі з вялікім інтарэсам удзельнічалі ў мерапрыемствах. Была ў нас адна група чыгуначнікаў з Мінска. Так, калі мы сабраліся паліць чучала, яны адразу ж падхапіліся, узялі паперу, ручкі і пачалі пісаць запіскі, а потым кідаць у вогнішча. Яны сапраўды спадзяваліся, што з гэтай паперкай, якая згарыць, усё дрэннае застанецца ў мінулым. Такая ўпэўненасць і зацікаўленасць прыемна здзіўляе”, – расказвае Галіна Лукашэвіч.
Таксама ў праграме былі карнавальнае шэсце, тэатралізаванае прадстаўленне, шматлікія конкурсы, народныя танцы і спевы, выступленне фальклорных калектываў. Праводзілася і шмат спартыўных спаборніцтваў, такіх як перацягванне каната, распілоўванне бервяна, забіванне цвіка, бой падушкамі.
Хацелася б бачыць больш стаўбчан
“Большасць прысутных наведала нашы мерапрыемствы ўпершыню. Але яны былі так задаволены, што, гледзячы на іх шчаслівыя ўсмешкі, марознай раніцай саграваліся і мы. Многія турысты выказалі жаданне прыязджаць да нас яшчэ. Атмасфера свята, дзівосная прырода і цёплы прыём – гэта тое, што прываблівае ўсё больш людзей у ТАК “Высокі бераг”. Хацелася б яшчэ, каб часцей нас наведвалі жыхары Стаўбцоўшчыны. У першую чаргу мы арганізоўваем мерапрыемствы для нашага раёна, але за яго межамі нас ведаюць лепш”, – дзеліцца ўражаннямі Галіна Лукашэвіч.
Масленічны тыдзень ужо завяршыўся, але іншыя мерапрыемствы і прыемныя навіны для наведвальнікаў ТАК “Высокі бераг” наперадзе.
У красавіку 2019 года пройдзе рэгіянальны этап прафсаюзнага турыстычнага форуму «Прафтур-2019». У выставе прымуць удзел айчынныя і замежныя прафсаюзныя тураператары, у тым ліку з Балгарыі, Грузіі, Латвіі, Літвы, Расіі, Украіны. Турбазу на форуме прадставяць майстры ДУК «Стаўбцоўскі раённы цэнтр народнай творчасці».
Нагадаем, што з 1 мая па 1 верасня ў турыстычна-аздараўленчым комплексе – перыяд рэалізацыі пуцёвак. Прыемнага адпачынку!
Ксенія РУБІН
Фота Галіны ЛУКАШЭВІЧ
Свята ўдалае, але, для стаўбчан трэба было арганізаваць святочны аўтобус для падвозу на турбазу, упрыгожыць яго, як было зроблена, напрыклад у Мінску, Баранавічах, іншых гарадах, дзе па гораду, ў пераднавагодні час, вадзіцелі ездзілі ў святочных касцюмах Дзеда Мароза, а на Масленіцу таксама былі арганізаваны святочна ўпрыгожаныя аўтобусы, якія падвозілі людзей да месца свята. Стаўбчанам німа як дабірацца да турбазы на маршрутным аўтобусе, які ходзіць раніцай, зусім на досвітку, у абед, і позна вечарам. Можна вырашыць пытанне з падвозам. Людзі творчыя, крэатыўныя, святы цікавыя. Вялікі дзякуй!
Рейтинг комментария:
+1
0