У клубах і бібліятэках раёна з’явіліся дыскі для старшакласнікаў

Важное Моладзь Стаўбцоўшчыны

У клубах і бібліятэках раёна зявіліся дыскі, якія адобраны Выдавецкім саветам Беларускай Праваслаўнай Царквы і могуць паслужыць практычным дапаможнікам для старшакласнікаў. Яны – пра сапраўдныя пачуцці і стварэнне моцнай сям’і.

Прывезлі іх загадчык Слабадскога клуба-бібліятэкі Людміла Віцько і псіхолаг тэрытарыяльнага цэнтра Святлана Калпак з абласнога маладзёжнага форуму «САД: Сям’я – Акадэмія Духоўнасці», арганізаванага пад эгідай галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінаблвыканкама. Праграма форуму прадугледжвала знаёмства з сучаснымі праектамі органаў улады, грамадскіх фарміраванняў і рэлігійных арганізацый у рэалізацыі сямейнай палітыкі. Гэтыя праекты дзейнічаюць і прыносяць плён, што пацвярджаецца павышэннем сацыяльнай актыўнасці сем’яў, пашырэннем агульных інтарэсаў дзяцей і бацькоў.

З прывітальным словам звярнуўся да ўдзельнікаў форуму намеснік старшыні аблвыканкама Іван Маркевіч. Працавала з імі на маршрутах загадчык сектара маладзёжнай палітыкі Мінаблвыканкама Вольга Шыбко.

Падзяліцца ўражаннямі ад форуму мы папрасілі Людмілу Віцько:

– На форуме было шмат цікавых сустрэч, ад якіх міжволі заражаешся актыўнасцю і ідэямі. Хочацца несці іх моладзі і атрымліваць адпаведны водгук. Адна з такіх сустрэч – з матушкай Веранікай Сярдзюк, кіраўніком грамадскага дабрачыннага аб’яднання «Цэнтр падтрымкі сям’і і мацярынства «Матуля». Адзін з праектаў гэтага аб’яднання – «Еве – 13» – грунтуецца на даследаваннях у вобласці рэпрадуктыўнага здароўя моладзі, з ім матушка (яна – маці пяцярых дзяцей) і яе паплечнікі ездзяць па школах і знаходзяць зацікаўленых слухачоў.

У касцёле прыхода Прасвятой Троіцы (святога Роха) на Залатой Горцы нас сустрэў ксёндз Юрый Санько. Пры прыходзе пад кіраўніцтвам мастачкі Надзеі Бука працуе мастацкая студыя «Крылы натхнення». Студыю наведваюць дзеці разам з бацькамі. Каб сем’і адпачывалі разам і трымаліся здаровага ладу жыцця, летась касцёл стаў арганізатарам першага дабрачыннага каманднага турніру па каратэ. Перад намі выступіў Андрэй Жылевіч, дырэктар таварыства «Карытас» Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, які расказаў пра вопыт супрацоўніцтва з Гарадзейскай дапаможнай школай-інтэрнатам, у прыватнасці пра  абсталяванне там спецыялізаваных класаў для прафесійнага навучання дзяцей швейнай і сталярнай справам.

Фота носіць ілюстрацыйны характар

З Мінска мы пераехалі ў аграгарадок Міханавічы, у храм прыхода свяціцеля Дзмітрыя Растоўскага. У аграгарадку пражывае нямала шматдзетных, маламаёмасных сем’яў. Для аказання ім дапамогі пры прыходзе створана сацыяльная служба міласэрнасці. Валанцёры разам з настаяцелем Дзмітрыем Грыцэнкам збіраюць прадукты, арганізуюць дабрачынныя выстаўкі і кірмашы. На тэрыторыі царквы дзейнічае парафіяльны дом, куды мясцовыя дзеці прыходзяць у гурткі, на трэнажоры. Спадабалася перасоўная выстаўка «Сям’я». Вось тут нам уручылі дыскі, буклеты, якія адобраны Выдавецкім саветам Беларускай Праваслаўнай Царквы і могуць быць цікавымі для старшакласнікаў. Яны будуць распаўсюджаны па бібліятэках, клубах раёна.

Унікальны вопыт мы атрымалі падчас знаёмства са сталічным прыватным прадпрыемствам «Сямейны цэнтр Кацярыны Каўровай». Кацярына разам з мужам Уладзіславам адкрыла майстэрню па вырабе сувеніраў з гіпсу. Адметнасць у тым, што ў ёй працуюць людзі, залежныя ад алкаголю. Падобная працатэрапія з’яўляецца для іх і крыніцай даходу. Пра поспех прадпрыемства гаворыць тое, што 19 чалавек змянілі ранейшы лад жыцця, у іх сем’ях гэта адчулі і 42 дзіцяці. Акрамя таго, для дзетак, хворых на анкалагічныя захворванні, прадпрыемства Каўровых арганізавала акцыю «Скрынка смеласці»: гіпсавыя фігуркі-паўфабрыкаты разам з фарбамі  адпраўляюць у анкацэнтр, каб яго маленькія пацыенты, рыхтуючыся да складанай аперацыі, змаглі пераключыцца і пераадолець за вырабам цацкі свае боязь і хваляванні…

…Для кожнага з нас сям’я – у ліку галоўных складаемых лёсу. Сям’я, адкуль мы родам, выпраўляе нас у вялікі свет і закладвае аснову каштоўнасцяў, а потым мы, ствараючы ўласную сям’ю, павінны прымножыць гэтыя каштоўнасці і перадаць іх сваім дзецям. На Стаўбцоўшчыне шмат робіцца для таго, каб умацоўваліся сем’і і раслі шчаслівымі дзеці. Інфармацыя з абласнога маладзёжнага форуму таксама паслужыць гэтай важнай справе.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *