Праезд з часовымі нязручнасцямі

Главное Эканомiка

У межах Стоўбцаў, на левай частцы моста праз раку Нёман, ужо трэці месяц закрыты дарожны рух. На мосце працуюць будаўнікі. Часовыя нязручнасці працягнуцца да сярэдзіны 2019 года.

На канец чэрвеня бягучага года намечана рэалізаваць праект адносна капітальнага рамонту моста на 12-м кіламетры аўтадарогі Р2 Стоўбцы – Івацэвічы – Кобрын. Генеральны падрадчык на аб’екце – філіял «Мостабудаўнічае ўпраўленне № 2» ААТ «Мастабуд», у ролі субпадраднай арганізацыі выступае ДЭУ-62.

– ДЭУ-62 абслугоўвае гэты ўчастак рэспубліканскай дарогі, у тым ліку мост праз раку Нёман. Цяпер па заказе РУП «Мінскаўтадар-Цэнтр» рамантуецца яго левая праезджая частка, рамонт правай часткі запланаваны на 2020-2021 гады, – тлумачыць галоўны інжынер Віталь Дзям’янка.

За рэалізацыю праекта адказвае і галоўны інжынер ДЭУ-62 Віталь Дзям’янка

На левай праезджай частцы моста пасля правядзення абследавання быў выяўлены шэраг дэфектаў, звязаных з разбурэннем гідраізаляцыйнага слою і стратай нясучай здольнасці. У выніку на ёй устаноўлены дарожны знак, які абмяжоўвае рух грузавога транспарту агульнай масай больш за 23 тоны. Зняць існуючыя абмежаванні дазволіць капітальны рамонт.

Мост праз раку Нёман, на якім вядуцца рамонтныя работы, быў уведзены ў эксплуатацыю ў 1952 годзе і ўяўляе сабой магутнае інжынернае збудаванне даўжынёй 150 метраў і з дзвюма палосамі ў абодвух напрамках. Інтэнсіўнасць руху складае ў сярэднім 2200 машын у суткі. Апошняя рэканструкцыя моста праводзілася ў 1991 годзе.

Шчыруюць цесляры мостабудаўнічага ўпраўлення №2 Ігар Грышкевіч і Леанід Аўгусціновіч

Амаль праз тры дзясяткі гадоў ён ізноў запатрабаваў капітальных укладанняў. Арыенціровачны кошт сучаснага праекта складае 950 тысяч рублёў. Затрымак па фінансаванні няма. Балазе і надвор’е спрыяе актыўнай рабоце. Нягледзячы на  тэхналагічныя перапынкі, тэрміны фактычна не разыходзяцца з нарматыўнымі.

Назіраючы за рабочым рытмам, Віталь Дзям’янка заўважае наконт змен на левай частцы моста пасля капрамонту:

– Будуць устаноўлены сучасныя бар’ерныя і парэнчавыя агароджы, зроблены тратуар для пешаходаў. Асвятленне будзе новым, на два бакі.

Пасля капрамонту левая частка моста не будзе мець абмежаванняў

На аб’екце асноўныя работы выконвае генпадрадная арганізацыя. Функцыі ДЭУ-62 заключаюцца ў арганізацыі дарожнага руху з дапамогай дарожных знакаў і ўстаноўкі бар’ернай агароджы, ва ўстройстве рабочых і будаўнічых пляцовак, выкананні дэмантажных работ. Пры наступленні спрыяльных умоў ДЭУ-62 будзе займацца ўстройствам запланаваных тратуараў, а на канчатковым этапе – устройствам асфальтабетоннага пакрыцця з нанясеннем разметкі. На даны момант дарожнікі падтрымліваюць у бяспечным стане адкрытую для руху праезджую частку моста, ухіляюць на ёй выбоіны і ямы.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *