Вось такія першакласнікі

Адукацыя Нумары

Хтосьці салодка пазяхае і не можа ўключыцца ў работу, у кагосьці літары «леглі спаць», тут нехта расплакаўся – не атрымліваецца заданне, там адцягваюць увагу адзін аднаго – не падзялілі месца за партай… І гэта першакласнікі. З адкрытымі чыстымі поглядамі, наіўныя і шчырыя, гатовыя, як губка, усмактаць тое, што ім падносяць. Здзейсніць цуд –  ператварыць маленькага чалавечка ў вучня – такая няпростая задача. Яе ўзяла на сябе настаўніца пачатковых класаў СШ № 3 Марына Карніцкая, калі першы раз пераступіла парог школы на свой першы ўрок. Было гэта больш за 20 гадоў назад. Колькім такім дзеткам за гэтыя гады дапамагла Марына Леанідаўна стаць вучнямі, знайсці сябе ў гэтым вялікім свеце!

І пранікаешся мудрасцю, праверанай гадамі, што «продвинутую» школу можна шукаць вучням у старэйшых класах, а ў пачатковай школе бацькі стараюцца шукаць добрага настаўніка. І як гэта важна. У любога будынка павінен быць фундамент, які не заменіць ні прыгожы фасад, ні модны інтэр’ер, ні надзейны дах. Без фундамента не будзе будынка. Менавіта такім фундаментам у жыцці кожнага чалавека з’яўляецца пачатковая школа, дзе закладваецца галоўнае, закладваецца вучань. Выбраўшы прафесію педагога пачатковых класаў, Марына Карніцкая адчувала, які груз адказнасці яна павінна пакласці на свае плечы. З такім уладкаваннем розуму, душы, свайго сэрца яна працуе ўсе гэтыя гады. У яе атрымліваецца спалучыць спакойную патрабавальнасць з добразычлівымі адносінамі да дзяцей. За гады працы Марына Карніцкая сумела адбыцца як прафесіянал, які валодае вялікім наборам метадаў, з дапамогай якіх можна знайсці падыход да кожнага дзіцяці. І гэта не толькі метадычныя напрацоўкі, але і цэлы арсенал душэўных якасцяў, якія дапамагаюць ёй стаць для вучняў дарагім чалавекам, якому можна даверыць свой настрой, разлічваць быць зразумелым і любімым. Маленькія дзеці  маюць у гэтым патрэбу. Марына Леанідаўна лічыць, што старанні настаўніка будуць мець вынік толькі пры адзінстве патрабаванняў сям’і і школы. Таму яна заўсёды знойдзе мінутку, каб адказаць на пытанні бацькоў, яна рада, што бацькі цікавяцца, як прайшоў рабочы дзень у іх маленькага школьніка. І калі сям’я выконвае просьбы настаўніка, звяртае ўвагу на тыя моманты, якія патрэбна ўлічыць менавіта сёння, а не адкласці на заўтра, у дзіцяці праблемы знікаюць адразу. І гэта дапамагае захаваць патрэбны псіхалагічны клімат, упэўненасць вучня ў сваіх сілах, жаданне далей старанна вучыцца і атрымаць чаканыя зорачкі ў сшытку.

Першы «В» клас Марыны Карніцкай – адзін з сямі камплектаў першых класаў СШ № 3, якія займаюцца на плошчах дзіцячага сада-ясляў № 7. Для дзяцей створаны ўмовы для навучання, прыбліжаныя да дашкольнай установы. Тут яны і вучацца, і ядуць, і спяць. Таму вялікі груз клопатаў па доглядзе  дзяцей кладзецца на выхавацеляў. Надзейнай памочніцай Марыны Леанідаўны з’яўляецца Вольга Каробка, спакойны, мяккі чалавек, які ўмее разагнаць усе хмаркі ў настроі дзяцей і дапамагчы ім быць паслухмянымі.

Дзіця прыходзіць у першы клас з шырока раскрытымі здзіўленымі вачыма. У яго свой свет, свая мова, свае паняцці, свае мары і жаданні. І настаўнік павінен не патушыць гэты агеньчык,  а пастарацца як можна ярчэй яго распаліць. І тады вучні будуць вось такія, якіх вы бачыце на здымку разам з Марынай Карніцкай.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *