Свята з уручэннем ордэнаў

Афіцыйна

Напрыканцы мінулага тыдня ў раённым Цэнтры культуры адбылося прыгожае вясновае свята, прысвечанае дню 8 Сакавіка. На яго былі запрошаны працаўніцы прадпрыемстваў і арганізацый, а таксама ўсе стаўбцоўскія жанчыны.

Са шчырымі, добрымі словамі прывітаў жанчын і павіншаваў іх з вясновым святам старшыня раённага выканаўчага камітэта Дзяніс Колясень.

Свята было ўпрыгожана такой падзеяй – уручэннем ордэнаў Маці тром шматдзетным жанчынам.

Гэтую высокую дзяржаўную ўзнагароду атрымалі Алёна Папова з аграгарадка Заямнае, стаўбчанкі Вольга Пракаповіч і Алена Шыдлоўская.

Дзяніс Колясень и маці пяцярых дзяцей Вольга Пракаповіч

У сям’і Юрыя і Алёны Паповых выхоўваецца шасцёра непаўналетніх дзяцей: вучні Заямнаўскай сярэдняй школы сямікласнік Арман, чацвёртакласніца Данна, другакласніца Эвяліна, першакласнік Багдан, дашкольніца Ульяна і двухгадовы Ілля.

Галоўны інжынер Стаўбцоўскіх электрычных сетак Віктар Пракаповіч з Вольгай Віктараўнай, настаўнікам-дэфектолагам ясляў-сада № 4, выхоўваюць пяцярых дзяцей. Старэйшая, Сабрына, з’яўляецца студэнткай Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М. І. Глінкі, сямікласнік Ян, шасцікласнік Мацвей, другакласніца Злата вучацца ў гімназіі № 1 г. Стоўбцы, з маленькім Ігнатам Вольга Віктараўна ў дэкрэтным адпачынку.

Дзяніс Колясень і шматдзетная маці Алена Шыдлоўская

Пяцёра дзяцей у сям’і Аляксандра і Алены Шыдлоўскіх: вучні сярэдняй школы № 3 г. Стоўбцы сямікласніца Аляксандра, пяцікласнік Уладзіслаў, трэцякласніца Анастасія і дашкольнікі Арына і Мікіта.

Апладысменты залы, кветкі ад раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» былі прыемным дапаўненнем жанчынам да ўручанай старшынёй райвыканкама ўзнагароды.

А для ўсіх удзельнікаў урачыстасці да віншаванняў са сцэны падарункам стаў і святочны канцэрт, падрыхтаваны  супрацоўнікамі Цэнтра культуры.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля  ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *