Вячаслаў Дзярнейка аб працы ў сельскай гаспадарцы, бізнес-плане і выхаванні трох дочак

Главное Сельская гаспадарка

На злёце жывёлаводаў, які прайшоў на Уздзеншчыне ў рамках рэспубліканскай акцыі «Наш жывёлавод«, брыгадзір МТФ «Залужжа» ААТ «Агранёманскі» Вячаслаў Дзярнейка  ўзнагароджаны Ганаровай граматай Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь.

Калектыў малочнатаварнай фермы, якую ўзначальвае Вячаслаў Віктаравіч, па выніках работы за мінулы год заняў першае месца ў раённым спаборніцтве сярод аднатыпных вытворчых падраздзяленняў гаспадарак раёна па надоях малака ад каровы – жывёлаводы перавысілі дзевяцітысячны рубеж, атрымалі 9204 кілаграмы.

Працаваць у сельскай гаспадарцы Вячаслаў Дзярнейка пачаў пасля заканчэння заатэхнічнага факультэта Смілавіцкага сельскагаспадарчага тэхнікума ў калгасе «Чырвоны сцяг» (ААТ «Жацерава»). Маці яго рупілася на ферме аператарам машыннага даення, і Вячаслаў пайшоў па яе слядах, звязаў свой лёс з жывёлагадоўляй. Спачатку ўсё складвалася добра і работа задавальняла, але неўзабаве вырашыў змяніць месца працы.

– Заработная плата была невысокай, а трэба было гадаваць трох дочак, – расказвае Вячаслаў Віктаравіч. – Спачатку ўладкаваўся ў ПМК-233. Затым быў прадпрымальнікам, будаваў дамы. Спрабаваў заняцца фермерствам, нават склаў свой бізнес-план. Мяне пастаянна цягнула працаваць у сельскай гаспадарцы. Дзеці выраслі, атрымалі адукацыю, і я задумаўся над тым, каб вярнуцца ў прафесію. Калі прапанавалі ўзначаліць калектыў Залужскай фермы, то не адмовіўся.

З самага першага дня брыгадзір пачаў умацоўваць дысцыпліну. Зменшыў напалову колькасць работнікаў.

– Засталіся людзі, якія прыходзяць працаваць і зарабляць, – працягвае размову Вячаслаў Дзярнейка. –  Усе разумеюць:  для таго каб атрымліваць дастойную заработную плату, трэба старацца, строга прытрымлівацца тэхналогіі.

Падабраўся ідэальны калектыў, з якім можна вырашаць пастаўленыя задачы. Людзі адказныя. У любы час сутак, калі ўзнікае экстранная сітуацыя (а выпадкі здараюцца розныя), яны прыходзяць, каб дапамагчы.

Работы ў брыгадзіра шмат, у жывёлагадоўчых памяшканнях утрымліваецца звыш 1250 галоў буйной рагатай жывёлы, у тым ліку 230 кароў. Справу сваю ён ведае дакладна. Хапае ў Вячаслава Віктаравіча практыкі і вопыту. Гаворыць, што яму дастаткова толькі аднаго позірку на цялушку, каб вызначыць, якая будзе яе прадукцыйнасць пасля расцёлу.

Памочнікам у Вячаслава Віктаравіча працуе яго жонка Алена Віктараўна.

– На ферме мы знаходзімся не толькі ў рабочы час, але і праводзім тут большую частку свайго свабоднага часу, бо такая ў нас адказная праца – жывёла патрабуе пастаяннага клопату, – дадае Вячаслаў Дзярнейка. – Таму можна сказаць, што ферма стала для нас другім домам.

Сямейная пара выдатна спраўляецца са сваімі абавязкамі, што пацвярджаецца вынікамі работы згуртаванага калектыву.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *