Дзяніс Колясень наведаў Стаўбцоўскі лясгас

Афіцыйна

У рамках графіка планавых сустрэч у працоўных калектывах раёна старшыня раённага выканаўчага камітэта Дзяніс Колясень наведаў Стаўбцоўскі лясгас.

Дырэктар лясгаса Генадзій Кажушка са старшынёй райвыканкама Дзянісам Колясенем

Прэамбулай размовы паслужылі словы кіраўніка раёна да прысутных, што сустрэча будзе праходзіць не ў афіцыйным фармаце, а як дыялог, і старшыня райвыканкама з увагай выслухае, чым жыве калектыў, якія пытанні хвалююць людзей не толькі ў вытворчай сферы, але і ў грамадскай і бытавой, бо задача мясцовай улады – ведаць усе праблемы, настрой людзей і садзейнічаць вырашэнню пытанняў, што ўзнікаюць.

Работнікі лясной гаспадаркі з увагай і цікавасцю слухалі пра поспехі ў іншых працоўных калектывах розных сфер. Самай аб’ёмнай галіной у нашым раёне з’яўляецца сельскагаспадарчая вытворчасць, якая дае асноўны даход у агульны бюджэт. Чым не стымул для ўсіх жыхароў раёна ўмацавацца духам, парадавацца за сваю зямлю ад такой навіны: Стаўбцоўшчына лідзіруе ў Мінскай вобласці па тэмпах вытворчасці малака, а СЖК «Налібакі» ў рэйтынгу сярод больш чым тысячы сельгаспрадпрыемстваў рэспублікі знаходзіцца на 23-м месцы па надоях малака на карову. У лідарах таксама наш раён у вобласці і па захаванасці маладняку. І гэта пры тых абставінах, што складанасць умоў надвор’я не дазволіла атрымаць чаканай ураджайнасці збожжавых. Аднак правільны курс на закладку кармоў у сянажныя траншэі (іх было пабудавана 100 штук аб’ёмам 200 тысяч тон кармоў – гэта палова ад неабходнага) з максімальным захаваннем іх якасці дапамог належна пракарміць жывёлу і атрымаць высокія надоі. Будаўніцтва 14 жывёлагадоўчых памяшканняў дазволіла дабавіць пагалоўе жывёлы на чатыры тысячы, і гэта таксама павялічыла аб’ёмы, якія вывелі раён у лідары. У планах будаўніцтва дзвюх і завяршэнне пачатай жывёлагадоўчай фермы з аснашчэннем самым сучасным абсталяваннем. З’явяцца яшчэ пяць сянажных траншэй. Калектыў лясгаса атрымаў удзячнасць старшыні райвыканкама за вялікую дапамогу ва ўзвядзенні індывідуальных домікаў для нованароджаных цялят, што паспрыяла атрымаць такі высокі вынік па захаванасці маладняку.

У іншых сферах таксама ажыццяўляюцца новыя праекты, як будаўніцтва новага забойнага цэха на Стаўбцоўскім мясакансервавым камбінаце, узвядзенне вытворчага цэха ў СТАА «Фрэор Рэфрыгерайшн», увод у строй завода па перапрацоўцы бульбы магутнасцю 65 тысяч тон у год кампаніі «Сула Плюс». Былі адзначаны дынамічная работа і рост аб’ёмаў вытворчасці пасля праведзенай мадэрнізацыі на Навасвержанскім лесазаводзе. Залу ажывіла паведамленне, што ёсць падтрымка кіраўніцтва аблвыканкама па распачынанні будаўніцтва ў Стоўбцах чацвёртай агульнаадукацыйнай школы. Старшыню райвыканкама хвалюе пытанне абавязковай патрэбы будаўніцтва аб’язной дарогі для грузавога транспарту з выездам з вуліцы Задворанскай на аўтамагістраль М2, узвядзення пешаходнага пераходу на аварыйным участку на аўтастрадзе М1 у раёне Коласава, асфальтавання гарадскіх вуліц, добраўпарадкавання дарог у сельскай мясцовасці. Зацверджаны план правядзення чарговасці работ па добраўпарадкаванні дарог.

Падчас сустрэчы можна было задаць свае пытанні

Прыемнай навіной стала паведамленне, што ў райцэнтры распачата будаўніцтва 60-кватэрнага жылога дома, падрадчыкам якога выступае ПМК-233. У гэтым годзе плануецца будаўніцтва і яшчэ аднаго жылога дома, а таксама праводзіцца работа па пошуку падрадчыка для пачатку будаўніцтва 100-кватэрнага дома, таксама па вуліцы Міру.

Калектыў лясгаса яшчэ больш згуртавала высокая ацэнка, якую даў Дзяніс Колясень адносна дзейнасці іх арганізацыі. Была выказана задаволенасць тым, як пабудавана работа ў калектыве: з адказнасцю і веданнем справы. Дзяніс Сяргеевіч заклікаў кожнага праяўляць асабістую чэснасць, нераўнадушную пазіцыю, сумленнасць у той справе, хто якую павінен выконваць. Высока ацэнены перспектыўныя напрамкі работы лясгаса. У вытворча-майстарскім участку «Акінчыцы» сёлета запушчана новая лінія па вытворчасці абразных піламатэрыялаў славенскай фірмы «Мебор» магутнасцю 18 тысяч метраў кубічных піламатэрыялаў у год. 60 працэнтаў выпушчанай прадукцыі зарыентавана на экспарт. Заключаны дагавор з лізінгавай кампаніяй на набыццё двух сушыльных комплексаў для гэтай вытворчасці з разавай загрузкай 200 метраў кубічных піламатэрыялаў. Працягваецца закупка харвестараў, МАЗаў і спадарожных агрэгатаў для спецтэхнікі.

Калектыў лясгаса атрымаў удзячнасць райвыканкама за дапамогу сацыяльным установам у вёсках, у добраўпарадкаванні дарог. Выказана просьба да працаўнікоў лясной галіны ўключыцца ў работу па падрыхтоўцы да святкавання 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Чакаецца дапамога ў навядзенні парадку на ваенных пахаваннях, ля абеліскаў і помнікаў.

Ва ўнісон гэтым прыемным момантам сустрэчы старшыня  раённай арганізацыі Таварыства выратавання на водах Іосіф Грыгарцэвіч выказаў вялікую ўдзячнасць калектыву лясгаса за клопаты па навядзенні парадку на возеры Кромань. З нядаўняга часу месцы адпачынку на тэрыторыі гэтай жамчужыны Налібацкай пушчы знаходзяцца ў ведамстве Стаўбцоўскага лясгаса. Пасля былога гаспадара, які ўзяў возера Кромань у арэнду для ажыццяўлення сваёй прадпрымальніцкай дзейнасці, давялося правесці нямала аднаўленчых падводна-тэхнічных работ. Добраўпарадкаваны пляж, зроблены агароджы, устаноўлены малыя архітэктурныя збудаванні. За рупнасць калектыву ў прыродаахоўнай дзейнасці Іосіф Грыгарцэвіч уручыў дырэктару лясгаса Генадзію Кажушку грамату раённай арганізацыі Таварыства выратавання на водах.

Работнікі лясгаса, якія прыехалі на сустрэчу з усяго раёна, задалі Дзянісу Колясеню свае набалелыя пытанні. Яны тычыліся стану дарогі ад Церабейнага да Кляцішча, адсутнасці тэлефоннай станцыі і цэнтральнага водаправода ў вёсцы Сцяцкі, належнага пад’езду да дома № 3-а па вуліцы Цэнтральнай у райцэнтры.

Святлана ЖЫБУЛЬ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *