Знайсці сям’ю для пажылога

Важное Соцыум

Фота носіць ілюстрацыйны характар

На Стаўбцоўшчыне ўкараняецца новая форма сацыяльнага абслугоўвання пажылых людзей – замяшчальная сям’я. Гэта добрая альтэрнатыва дому-інтэрнату і магчымасць для адзінокага пажылога чалавека ці інваліда жыць няхай і не ў роднай сям’і, але ў той, якая пра яго клапоціцца.

Як расказала дырэктар  ДУ «Стаўбцоўскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва» Святлана БЛАШКО, права на сацыяльныя паслугі ў замяшчальнай сям’і прадугледжана для грамадзян, якія маюць патрэбу ў доглядзе і пастаянна пражываюць на тэрыторыі рэспублікі. Гэта адзінокія непрацуючыя пенсіянеры, якія дасягнулі 70-гадовага ўзросту, а таксама адзінокія непрацуючыя інваліды І ці ІІ групы. У замяшчальную сям’ю не можа быць прыняты грамадзянін, які заключыў дагавор рэнты або дагавор пажыццёвага ўтрымання.

– Памочнік у замяшчальнай сям’і. Хто ён?

– Аказваць сацыяльныя паслугі ў замяшчальнай сям’і можа дзеяздольны грамадзянін ва ўзросце ад 18 да 65 гадоў, які пастаянна пражывае на тэрыторыі Беларусі. Да іх ліку не адносяцца асобы, якія абавязаны, паводле закона, утрымліваць паўналетняга непрацаздольнага грамадзяніна. Таксама ў памочнікі не прымуць чалавека з інваліднасцю І ці ІІ групы.

– Якім чынам вырашаюцца ў замяшчальнай сям’і жыллёвыя пытанні?

– Пажылы чалавек ці інвалід можа прадаставіць жылплошчу памочніку, а можа і сам пераехаць да яго. Абавязковая ўмова: той, хто мае патрэбу ў доглядзе,  павінен жыць у асобным пакоі. Яго квадратныя метры застаюцца недатыкальнымі, права ўласнасці на іх ён не абавязаны нікому перадаваць. Як, дарэчы, не можа прэтэндаваць на маёмасць свайго памочніка.

– Як фарміруецца бюджэт у такой сям’і?

– Пажылы чалавек ці інвалід уносіць свой уклад у бюджэт замяшчальнай сям’і. Аднак гэтая сума не можа перавышаць 75 працэнтаў яго пенсіі з улікам надбавак, даплат i павышэнняў.

Памочніку, які клапоціцца пра пажылога чалавека – інваліда І групы, не здольнага сябе абслугоўваць, выплачваецца штомесячнае грашовае ўзнагароджанне ў памеры 100 працэнтаў бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва (на даны момант гэтая сума складае 216 руб. 90 кап.), а пры адначасовым аказанні сацыяльных паслуг двум паўналетнім непрацаздольным грамадзянам – у памеры 150 працэнтаў. У іншых выпадках штомесячных грашовых выплат не прадугледжана.

– Якім чынам можна стварыць замяшчальную сям’ю?

– І адзінокім людзям, якія маюць патрэбу ў доглядзе, і тым, хто гатовы ўзяць на сябе клопат пра іх, трэба звярнуцца з заявай у тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання. Пры падтрымцы сельвыканкамаў і неабыякавых грамадзян мы плануем стварыць банк даных для жадаючых пражываць у замяшчальнай сям’і і жадаючых прыняць у сваю сям’ю пажылых людзей. Такім чынам спросціцца пошук, і ў абодвух бакоў будзе магчымасць пазнаёміцца, прайсці тэсты на псіхалагічную сумяшчальнасць.

Чакаем прапаноў ад жыхароў раёна, неабыякавых да пажылых людзей, іх лёсаў і гатовых стварыць ім сямейнае акружэнне, напоўніць іх жыццё новым зместам (кант. тэл. 5-15-93).

Гутарыла Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *