Сяргей Парфёнаў правёў выязны прыём і прамую тэлефонную лінію ў Стоўбцах

Соцыум

Выязны прыём і прамую тэлефонную лінію правёў у Стоўбцах намеснік начальніка ўпраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз Рэспублікі Беларусь па Мінскай вобласці – галоўны дзяржаўны судова-медыцынскі эксперт па Мінскай вобласці Сяргей Парфёнаў. 

Сяргей Парфёнаў (справа) абмеркаваў бягучыя справы з начальнікам Стаўбцоўскага міжраённага аддзела ДКСЭ Рэспублікі Беларусь Мікалаем Белавусавым

Выкарыстоўваючы магчымасць, мы пагутарылі з Сяргеем Парфёнавым на актуальныя тэмы, у першую чаргу – аб ролі экспертнай службы ў працэсе расследавання злачынстваў і вырашэння розных жыццёвых сітуацый.

– Заключэнні экспертаў іграюць значную ролю і часта з’яўляюцца адзіным неабвержным доказам учыненага злачынства і віны той ці іншай асобы. Магу сказаць, што эксперты, як і следчыя, шукаюць адказы на пытанне «Чаму так адбылося?». У гэтым дапамагаюць прызначаныя ў адносінах да затрыманых комплексныя псіхолага-псіхіятрычныя экспертызы. У адносінах да  фігурантаў той ці іншай крымінальнай справы праводзяцца і знаходзяцца ў вытворчасці судова-медыцынскія экспертызы, падчас якіх вызначаюцца характар, ступень цяжкасці цялесных пашкоджанняў і многае іншае. Спецыялісты Стаўбцоўскага міжраённага аддзела ДКСЭ Рэспублікі Беларусь бяруць удзел у аглядзе месца здарэння, ажыццяўляюць адбор аб’ектаў і слядоў для далейшых даследаванняў.

– Сяргей Аляксандравіч, як у цэлым ацэньваеце работу Стаўбцоўскага міжраённага аддзела?

– Гэта адзін з лепшых міжраённых аддзелаў у Мінскай вобласці як па медыцынскім, так і па крыміналістычным напрамках. Яго дзейнасць ахоплівае Стаўбцоўскі і Дзяржынскі раёны, а пры адсутнасці экспертаў распаўсюджваецца і на Уздзенскі, Нясвіжскі раёны. Стаўбцоўскі міжраённы аддзел праводзіць даследаванні ідэнтыфікацыі нумароў транспартных сродкаў. Гэта перспектыўная паслуга, якая набывае развіццё і папулярнасць. На месцы аддзелам задавольваюцца фактычна ўсе патрэбы людзей, індывідуальных прадпрымальнікаў у экспертызах, пры неабходнасці вузкаспецыялізаванага даследавання можна прыбегнуць да паслуг сучаснай перасоўнай лабараторыі. Увогуле камітэт судовых экспертыз выконвае каля 200 відаў экспертыз і даследаванняў, аснашчаны такой апаратурай, якая, да прыкладу, дазваляе за лічаныя мінуты вызначыць нарказмяшчальныя рэчывы. У гэтым плане супрацоўнікі міліцыі, аховы здароўя і эксперты працуюць ва ўзаемадзеянні. Сярод новых відаў экспертыз – таваразнаўчая, аўтатаваразнаўчая, фонаскапічная, будаўніча-тэхнічная, эканамічная, лінгвістычная.

– Што часцей за ўсё цікавіць грамадзян падчас выязных прыёмаў?

– Пытанні бываюць розныя, у тым ліку і тыя, што, так бы мовіць, «не па адрасе». Тым не менш, імкнёмся аказаць максімальнае садзейнічанне ў вырашэнні той ці іншай сітуацыі. Часцей за ўсё грамадзян цікавяць пытанні, якія звязаны з вытворчасцю судова-медыцынскіх і судова-псіхіятрычных экспертыз.

– У вашым ведамстве шмат сучаснай тэхнікі, укараняюцца дасягненні навукі. Штогод у нашым раёне знаходзяцца выпускнікі школ, якія хацелі б выбраць прафесію эксперта. Куды ім звяртацца?

– Выпускнікі школ, якія прайшлі медыцынскі агляд, могуць паступіць на следча-экспертны факультэт Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь (больш падрабязную інфармацыю прадаставяць у аддзеле кадраў абласнога ўпраўлення: г. Мінск, вуліца Кіжаватава, д. 60 /7, тэл. (8-017) 360-01-11). Па пытанні адбору кандыдатаў для паступлення неабходна тэлефанаваць у міжраённы аддзел (тэл. 5-10-78). Таксама звяртаюся да студэнтаў 4-5 курсаў медыцынскіх універсітэтаў, якія пры наяўнасці нашай заяўкі могуць быць у далейшым размеркаваны на работу ў экспертныя органы.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *