У Стоўбцах праходзіць раённы злёт перадавікоў

Афіцыйна Важное

Свята працы. Раённы злёт перадавікоў… Гэта свята, якое ствараюць сваім талентам і працай вучоныя і кіраўнікі, настаўнікі і будаўнікі, урачы і журналісты, механізатары і паляводы. Гэта свята плёну і здабыткаў. Сёння Стаўбцоўскі цэнтр культуры гасцінна сустракае ўдзельнікаў раённага свята «Злёт перадавікоў 2018 года». Сёння ж пра вас, шчырыя працаўнікі Стаўбцоўшчыны, наша слова. Якім быў 2018 год? Першае слова  гаспадару раёна, старшыні раённага выканаўчага камітэта Дзянісу Сяргеевічу Колясеню. 

Шаноўныя працаўнікі Стаўбцоўшчыны, паважаныя госці!

Сёння мы падводзім вынікі работы за 2018 год і віншуем асобных працаўнікоў і цэлыя калектывы, гаворым словы падзякі ўсім, хто вызначыў сённяшні поспех.

2018-ы год для Стоўбцаў быў юбілейным. 425-годдзе роднага горада мы запомнім не толькі святочнымі мерапрыемствамі, але і работай па добраўпарадкаванні, і асабістым удзелам кожнага жыхара ў развіцці і працвітанні малой радзімы. Ад кіраўніцтва Стаўбцоўскага райвыканкама ўсім выказваю шчырую ўдзячнасць.

Наш раён нядрэнна завяршыў вытворчы год. У дынаміцы асноўных сацыяльна-эканамічных паказчыкаў 2018-ы стаў для раёна годам далейшага росту. Актыўна развіваўся прамысловы сектар эканомікі. Забяспечаны рост аб’ёму вытворчасці прамысловай прадукцыі на 108,7 працэнта да ўзроўню 2017 года. Ён склаў больш за 103 мільярды рублёў.

Станоўчая дынаміка дасягнута за кошт значных аб’ёмаў прадукцыі ААТ «Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат», якія займаюць больш за 55 працэнтаў у аб’ёме прамысловай вытворчасці раёна. Высокія тэмпы росту таксама забяспечылі Навасвержанскі лесазавод, торфабрыкетны завод «Нёман», рамонтна-механічныя майстэрні станцыі Стоўбцы.

Сёння дынамічна развіваюцца менавіта тыя прадпрыемствы, якія выкарыстоўваюць сучасныя тэхналогіі, змаглі забяспечыць эфектыўнасць вытворчых працэсаў, зарыентаваць сваю дзейнасць на пашырэнне асартыменту выпушчанай інавацыйнай прадукцыі.

Значны ўклад у эканоміку раёна ўнеслі работнікі гандлю. У 2018 годзе аб’ём рознічнага тавараабароту склаў 127,4 мільёна рублёў.

Асноўным сектарам эканомікі нашага раёна з’яўляецца сельская гаспадарка, дзе працуе каля трох тысяч чалавек. Мінулы год быў няпростым для працаўнікоў вёскі. Не ўдалося ў поўнай меры дасягнуць намечанага. Але ў нас ёсць рэзервы для руху наперад. У першую чаргу гэта працоўная і тэхналагічная дысцыпліна.

Станоўчая дынаміка назіраецца ў жывёлагадоўлі. Валавы надой малака ў 2018 годзе склаў 94 тысячы тон, пры сярэднім надоі ад каровы за год 5600 кілаграмаў. Вырашчана каля 14 600 тон ялавічыны і птушкі. Найбольшых сярэднясутачных прывагаў на вырошчванні і адкорме буйной рагатай жывёлы дасягнулі ААТ «Вялікі Двор», «Жацерава», «Агранёманскі».

У скарбонку добрых спраў сельскагаспадарчай галіны раёна ўносяць значны ўклад працаўнікі райаграсэрвіса, аграпрамэнерга, Стаўбцоўскай ПМК, хлебапрыёмнага прадпрыемства, інспекцыі па насенняводстве, ветэрынарнай і племянной станцый.

Дзякуй вам за нялёгкую, але ўсім нам так патрэбную працу.

Сярод прадпрыемстваў сферы абслугоўвання патрэбна адзначыць работу калектываў Стаўбцоўскіх электрычных сетак, Стоўбцыгаза, Стоўбцыгазбуда, Стаўбцоўскага раённага вузла электрасувязі, аўтапарка № 17.

Нельга не сказаць сёння пра будаўніцтва і добраўпарадкаванне населеных пунктаў. Уведзена ў эксплуатацыю 21 163 квадратныя метры жылля. Гадавы план па будаўніцтве жылля выкананы на 127,4 працэнта. Змянілі свой воблік многія населеныя пункты нашага раёна. З дастойным выглядам прымаў раённыя «Дажынкі» аграгарадок Любкаўшчына.

Значным рэсурсам раёна з’яўляецца малы і сярэдні бізнес. Ён аказвае станоўчае ўздзеянне на эканоміку, насычае рынак таварамі і паслугамі, забяспечвае занятасць і сацыяльную стабільнасць насельніцтва. У гэтай сферы задзейнічаны 1200 суб’ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва. У раённы бюджэт ад прадпрымальніцкага сектара за 2018 год паступіла каля 9 мільёнаў рублёў.

Поспех сацыяльна-эканамічнага развіцця падзяляюць і работнікі сацыяльнай сферы раёна.

Дзейнасць устаноў адукацыі і спорту накіравана на развіццё асобы дзіцяці. Па выніках цэнтралізаванага тэсціравання ў 2018 годзе 21 выпускнік атрымаў 90 і больш балаў. Дзіцяча-юнацкай спартыўнай школай раёна падрыхтавана 18 спартсменаў-першаразраднікаў.

Самая вялікая каштоўнасць – гэта здароўе чалавека. У сістэме аховы здароўя ў 2018 годзе прадоўжана правядзенне комплексу работ па рамонце і матэрыяльна-тэхнічным абсталяванні. На базе Стаўбцоўскай ЦРБ рэалізаваны першы этап пілотнага праекта «Беражлівая паліклініка». Па выніках работы за 2018 год ЦРБ прызнана лепшай у Мінскай вобласці.

Высокі ўзровень работы забяспечваюць нашы аптэчная сетка і Цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, які ўжо другі год займае першае месца ў вобласці.

Шчырых слоў удзячнасці заслугоўваюць работнікі ўстаноў культуры.

За 2018 год установамі культуры арганізавана і праведзена больш за чатыры тысячы мерапрыемстваў міжнароднага, рэспубліканскага, абласнога і рэгіянальнага значэння. Атрыманы 173 перамогі.

Шмат слоў падзякі заслугоўвае работа супрацоўнікаў РАУС, суда, пракуратуры, райваенкамата, РАНС, раённай газеты «Прамень» па забеспячэнні выканання нормаў заканадаўства, правапарадку, бяспекі жыццядзейнасці жыхароў нашага раёна.

2019 год не абяцае быць лёгкім. Ад кожнага залежыць, якім стане наш раён заўтра. Усіх нас аб’ядноўвае адзіная мэта – забяспечыць стабільнасць і дастойны ўзровень жыцця нашых грамадзян і ўстойлівае развіццё Стаўбцоўскага раёна.

Дзякуй за сумесную працу ўсім кіраўнікам прадпрыемстваў, арганізацый, устаноў, дэпутацкаму корпусу, прафсаюзным і грамадскім арганізацыям. Асаблівыя словы ўдзячнасці выказваю Мінскаму аблвыканкаму за падтрымку і дапамогу ў рэалізацыі планаў сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна.

2019-ы год для нашай краіны асаблівы: гэта год 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Нізкі паклон нашым ветэранам за вялікі подзвіг.

У чэрвені Беларусь стане месцам правядзення ІІ Еўрапейскіх гульняў. Мы зробім усё, каб дастойна прадставіць не толькі наш раён, але і краіну для шматлікіх гасцей.

Дарагія сябры!

Жадаю вам і вашым блізкім здароўя, шчасця, прафесійных поспехаў, новых ідэй і пачынанняў на карысць нашай Міншчыны і Рэспублікі Беларусь! Са святам!



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *