Стаматалагічнае аддзяленне Стаўбцоўскай ЦРБ — лепшае ў Мінскай вобласці

Главное Медыцына

Для дружнага калектыву стаматалагічнага аддзялення цэнтральнай раённай бальніцы добры стымул для далейшай плённай работы такая навіна – перамога ў Мінскай вобласці па выніках работы за мінулы год.

Загадчык стаматалагічнага аддзялення Эдвард Станкевіч з дыпломам калектыву

Як расказвае загадчык стаматалагічнага аддзялення Эдвард Станкевіч, урач з 33-гадовым стажам работы і з 20-гадовым стажам кіраўніцкай дзейнасці, пры падвядзенні вынікаў улічваліся многія паказчыкі. Асабліва звярнулі на сябе ўвагу такія дасягненні стаўбчан. У сельскай мясцовасці працуюць 13 стаматалагічных кабінетаў – найбольшая колькасць, чым дзе яшчэ ў вобласці. Стаўбцоўскае аддзяленне выйшла на рэнтабельнасць плюс 20 працэнтаў – самую высокую ў вобласці сярод стаматалагічных аддзяленняў. Такому высокаму выніку паспрыяў і экспарт медыцынскіх паслуг. Стаматалагічнае аддзяленне ў Стоўбцах выконвае ўсе віды тэрапеўтычнай, хірургічнай і артапедычнай дапамогі на сучасным абсталяванні з выкарыстаннем самых новых стаматалагічных матэрыялаў. Праводзіцца як бюджэтны прыём, так і на гасразліковай умове. Пацыенты маюць права выбару. Сродкі ад платных медыцынскіх паслуг шырока выкарыстоўваюцца на аснашчэнне новым сучасным абсталяваннем, самымі якаснымі стаматалагічнымі матэрыяламі. Напрыклад, аддзяленне выконвае паслугу па зняцці зубных адкладанняў, для гэтага набыты неабходныя інструменты.

Стаў працаваць у дзве змены аглядавы кабінет па прафілактыцы раку поласці рота. І іншыя кабінеты стаматалагічнага аддзялення працуюць у дзве змены, да 20 гадзін, што стварае зручнасці. Укаранёны электронны запіс на прыём, які можна зрабіць з дамашняга ці рабочага камп’ютара ў любы час сутак, з дапамогай інфакіёска. Арганізавана кругласутачнае дзяжурства стаматолагаў на даму: пры экстраннай патрэбе ўрач будзе выкліканы ў бальніцу для аказання дапамогі ў любы час сутак.

Як значнае дасягненне, адзначана ў вобласці і тое, што калектыў стопрацэнтна забяспечаны кадрамі – урачамі і спецыялістамі сярэдняга медыцынскага персаналу. Эдвард Міхайлавіч расказвае, што яму пастаянна паступаюць тэлефанаванні ад стаматолагаў з іншых гарадоў, якія хацелі б прыехаць на працу ў Стоўбцы. Аднак на сучасны момант няма ніякіх вакансій. Урачоў-стаматолагаў прыцягваюць умовы працы, належнае матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне аддзялення, дастойная заработная плата, магчымасць атрымаць месца для пражывання ў інтэрнаце.

На працягу многіх гадоў нязменнае месца працы ў стаматолагаў Наталлі Агароднік і Святланы Кучур

Кіраўнік даражыць сваімі кадрамі, выказвае калегам удзячнасць за паспяховыя вынікі працы. Кожны з 38 членаў калектыву, якія працуюць у райцэнтры і ў сельскай мясцовасці, унёс сваю лепту ў гэтую перамогу. У першую чаргу адзначае тых з медыцынскага персаналу, хто аддаў сваёй прафесіі дзясяткі гадоў. У ліку іх хірург з неперасягнутай рэпутацыяй кваліфікаванага спецыяліста Святлана Кучур. Выдатнымі майстрамі сваёй справы сталі тэрапеўты Наталля Агароднік, якая абслугоўвае па графіку сельскіх жыхароў у аграгарадку Любкаўшчына, Ірына Глоба, Жанна Дашкевіч, артапед Міхаіл Самахвалаў. Доўгія гады выдатна працуюць на сваім месцы медыцынскія сёстры Таццяна Калодзінская і Алена Конюх. Самыя прыемныя ўражанні пакінула знаёмства з зубнымі тэхнікамі Алегам Раманоўскім і Аленай Шастак. Алена Анатольеўна – расіянка, прыехала ў Стоўбцы па размеркаванні, выйшла замуж і тут засталася назаўсёды. Яна працуе ў аддзяленні ўжо 37 гадоў, зарэкамендавала сябе выдатным спецыялістам. Пра сваю работу гаворыць, што гэтая справа вельмі карпатлівая, ювелірная, патрабуе цярпення, старання, навыкаў, прафесіяналізму, але і вельмі цікавая. Яе калега Алег Міхайлавіч – стаўбчанін, аддае свае здольнасці на роднай зямлі, таксама адзін з лепшых спецыялістаў у сваёй прафесіі.

Лепшыя зубныя тэхнікі Алена Шастак і Алег Раманоўскі

Новае папаўненне – упрыгажэнне калектыву. Эдвард Міхайлавіч выказвае задаволенасць маладымі кадрамі, якія стараюцца павышаць свой прафесіяналізм, ахвотна і зацікаўлена працуюць па новых тэхналогіях, што патрабуе пастаяннай самаадукацыі, праяўляюць актыўнасць, адказнасць. У ліку такіх – стаўбчанін, урач-артапед Уладзімір Куель, які прыехаў працаваць на сваю малую радзіму. З радасцю выконвае сваю работу з місіяй, як ён вобразна сказаў, рабіць усмешку пажылым людзям. Доктар мае ўжо нямала добрых водгукаў ад пацыентаў. Таццяна Чарнец – таксама наша, мясцовая, выпускніца Дзераўнянскай сярэдняй школы. Малады стаматолаг-тэрапеўт працуе як на бюджэтным прыёме, так і ў гасразліковым кабінеце. Выказвае нам сваю задаволенасць умовамі работы, тым, як прыязна яе прынялі ў калектыве, добрымі адносінамі паміж калегамі, у ліку якіх нямала спецыялістаў яе равеснікаў. Сям’я ўрачоў Панамаровых таксама ў добрым працоўным і жыццёвым настроі. Дзмітрый Аляксандравіч працуе ўрачом-артапедам. Наталля Іванаўна яшчэ ў дэкрэтным адпачынку па доглядзе дзіцяці, аднак ужо выходзіць на працу. Пачынала яна тэрапеўтам, а калі тэрмінова спатрэбіўся стаматолаг-хірург, прайшла дадатковае навучанне і цяпер працуе на гэтай пасадзе. Заўсёды прыемна чуць, калі спецыяліст гаворыць, што вельмі любіць сваю работу. У ліку маладых членаў калектыву Аляксандра Юркевіч, Ксенія Каспяровіч, Лізавета Куксо, якія паспелі ўжо заслужыць добрыя словы за свае старанні на працы.

Маладыя ўрачы Уладзімір Куель, Наталля Панамарова і Таццяна Чарнец

Усе супрацоўнікі стаматалагічнага аддзялення, з кім нам давялося размаўляць, дружна выказваюць удзячнасць Эдварду Станкевічу за яго смеласць, старанні, ініцыятывы ўкараняць самыя сучасныя тэхналогіі дыягностыкі, лячэння, пратэзіравання зубоў. Як урач-практык, ён першы імі авалодвае і стварае ўсе ўмовы, каб вучыліся калегі, праходзілі курсы павышэння кваліфікацыі. У аддзяленні пастаянна арганізоўваюцца семінары з удзелам прадстаўнікоў фірмаў і кампаній, якія працуюць на стаматалагічную галіну. Ісці ў нагу з часам – неад’емная ўмова працы сёння.

Святлана ЖЫБУЛЬ, фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *