Тэхналагічны «вектар» і кваліфікаваныя кадры Навасвержанскага лесазавода

Важное Эканомiка

Калектыў ААТ «Навасвержанскі лесазавод» на чале з дырэктарам Віктарам Лужкоўскім дабіўся ў 2018 годзе значных вынікаў.

Тэмп росту аб’ёмаў вытворчасці завода склаў 160,2 працэнта ў параўнанні з 2017 годам. Гэта дасягнута за кошт большай загрузкі вытворчых магутнасцяў (на 104 працэнты) і павелічэння аб’ёмаў рэалізацыі прадукцыі на экспарт. Асноўны ўпор зроблены на выраб сухога піламатэрыялу. Яго выпушчана 26,8 тысячы м3 супраць 16,3 тысячы м3  у 2017 годзе.

Сярод асноўных тэхналагічных дасягненняў на прадпрыемстве называюць пераход да перапрацоўкі лесаматэрыялаў адной даўжыні (аб’ёмы павялічваюцца за кошт зніжэння колькасці пераналадак абсталявання ў змену), а таксама ўкараненне ў вытворчы працэс вымяральніка бярвенняў «Вектар-3D» для больш дакладнага сартавання піловачніку па дыяметрах. Ад гэтага, дарэчы, палепшылася і якасць піламатэрыялаў.

Аператар лініі сартавання і перапрацоўкі драўніны Сяргей Шыдлоўскі — прадстаўнік дынастыі ў другім пакаленні

– Фрэзерна-брусуючая лінія працуе ў дзве змены. У асартыменце – каля дзясятка найменняў прадукцыі. Асноўныя яе спажыўцы знаходзяцца ў Літве, Эстоніі, Латвіі, Польшчы, – расказвае начальнік лесапільна-дрэваапрацоўчага цэха Марына Пасцярняк.

На лесазаводзе перспектыву звязваюць з будаўніцтвам дзвюх сушыльных камер. Акрамя таго, тут дбаюць і пра знешні імідж: вядзецца рэканструкцыя адміністрацыйнага будынка. Летась на ўмовах лізінгу закуплена шмат новай тэхнікі, у прыватнасці вялікі пагрузчык «Амкадор», аўтамабіль МАЗ-МАН з гідраманіпулятарам, лесанарыхтоўчая машына «Фарвардэр», аўтамабілі ГАЗЕЛЬ, вагончык «Купава» для лесанарыхтоўчай брыгады.

Вялікая ўвага надаецца падрыхтоўцы кадраў. Як адзначыла начальнік сектара па рабоце з персаналам Іна Пазняк, за два апошнія гады прайшлі навучанне і перакваліфікацыю за кошт прадпрыемства ў вучэбным цэнтры 75 работнікаў.

Сярод тых, хто ўносіць значны ўклад у агульны вынік, – вадзіцель франтальнага пагрузчыка Уладзімір Рудакоўскі.

Займаецца сартаваннем круглага лесу вадзіцель франтальнага пагрузчыка Уладзімір Рудакоўскі

– Неабходна падаваць круглы лес на сарціроўку і, пасля акорвання, вывозіць і ўкладваць яго па дыяметрах. За змену ў сярэднім сартую 200 м3 лесу, – гаворыць Уладзімір.

Родам ён з Узды, вучыўся там у вучылішчы, дзе і пазнаёміўся з будучай жонкай. У Новы Свержань, на яе радзіму, маладая сям’я прыехала пасля заканчэння вучобы ў 2009 годзе. На лесазаводзе Уладзіміру прапанавалі працу на пагрузчыку. За гэты час ён зарэкамендаваў сябе так, што год таму яму даверылі новую тэхніку. Працуюць на ёй пазменна разам з Сяргеем Станкевічам. У маладой сям’і Рудакоўскіх растуць сын і дачка.

З выгляду лёгка ўпраўляецца са сваімі абавязкамі аператар лініі сартавання і перапрацоўкі драўніны Сяргей Шыдлоўскі. Націскае на кнопкі, уважліва сочыць за тым, як рухаецца лінія… Пяць гадоў – дастатковы перыяд, каб дасканала засвоіць яе матэрыяльную частку. Да гэтага Сяргей Іванавіч на працягу дзесяці гадоў працаваў станочнікам.

Вадзіцель Дзмітрый Жыбуль перавозіць на сваім аўтамабілі драніцу

– Прастояў не дапускаем. Па магчымасці самі ўхіляем паломкі, – гаворыць аператар шостага разраду і, адначасова, прадстаўнік дынастыі ў другім пакаленні Сяргей Шыдлоўскі. У яго, дарэчы, прайшлі навучанне маладыя аператары Яўген Пакіда, Яўген Пакіш, Сяргей Светагор, Іван Босы.

Вадзіцель Дзмітрый Жыбуль перавозіць на сваім аўтамабілі драніцу. Фактычна гэта адходы вытворчасці, але і яны сталі запатрабаванай прадукцыяй, якую вадзіцель дастаўляе для загрузкі ў вагоны і адпраўкі на экспарт, а таксама заказчыкам па Беларусі. Вадзіцельскі стаж Дзмітрыя Міхайлавіча – 20 гадоў. Чатыры гады таму, калі прыйшоў на лесазавод, яму даверылі новую тэхніку. І не памыліліся.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *