Дзяжурная змена водаканала

Главное Эканомiка

Мы не ўяўляем сваё жыццё і побыт без вады, таму і працуюць спецыялісты ўчастка  водаканалізацыйнай гаспадаркі Стаўбцоўскага АКС у кругласутачным рэжыме, не зважаючы на ўмовы надвор’я.

Летась прадпрыемствам было зроблена шмат укладанняў у гэтую гаспадарку. Вынік ёсць, але работы яшчэ шмат.

– Аварыйных сітуацый на састарэлых сетках бывае нямала, – адзначае  намеснік дырэктара АКС па водаканалізацыйнай гаспадарцы Андрэй Суднік. – За 2018 год  іх зафіксавана больш за 180. У бягучым годзе ўхілены тры аварыі, прычым усе – на магістральным водаправодзе з дыяметрам трубы 500-600 мм. Падчас іх узнікае замутненне вады ў сістэме, спажыўцы адчуваюць іншыя нязручнасці, таму нам важна разуменне з іх боку. Заўсёды ўдзячныя за неабыякавы падыход, калі паведамляюць пра парыў у горадзе.

Нясуць дзяжурства машыніст помпавых установак Уладзімір Шынкоўскі і яго малады калега Дзмітрый Глоба

А парывы на сетках здараюцца складаныя, у самых нязручных месцах. Нярэдкія яны і ў цэнтры горада, дзе кепска працаваць каля будынкаў і асфальтавых дарожак, у суседстве з мноствам розных падземных камунікацый. Патрэбна ювелірная дакладнасць, каб нічога не парушыць, не зачапіць. Дарэчы сказаць, што на ўчастку такім майстэрствам валодае машыніст экскаватара Аляксандр Буката. І не адзін Аляксандр. «Менавіта прафесіяналізм дапамагае калектыву спраўляцца з абавязкамі», – падкрэслівае Андрэй Суднік.

На балансе АКС знаходзяцца 200 км водаправодных сетак. Гэта нямала, і адлегласць, якая раздзяляе іх, – значная. Абслугоўваннем сетак займаюцца дзве брыгады. Брыгада ў складзе Уладзіміра Ляхоўскага, Дзмітрыя Глобы, Ігара Марчанкі і Анастасіі Хадасок (майстар) працуе ў пераважнай большасці ў горадзе. У сельскай мясцовасці гаспадараць Адам Кожыч, Анатоль Жук, Мікалай Трацяк і Мікалай Жук (майстар). Абедзве каманды складаюцца з вопытных спецыялістаў, якія нават зношанаму абсталяванню здольныя надаць другое жыццё. Так, летась АКС набыло шэсць глыбінных помпаў для артсвідравін і, дзякуючы сваім «кулібіным» Анатолю Жуку, Адаму Кожычу і Мікалаю Жуку, яшчэ столькі ж помпаў адрамантавала.

Зменны электрык Аляксандр Скроб абслугоўвае эканамічны прывад-«частотнік»

– Імкнёмся выкарыстоўваць энергаэфектыўнае абсталяванне, таму што электраэнергія – адзін з асноўных складнікаў цаны на ваду, – акрэслівае стратэгічную задачу Андрэй Суднік. Як прыклад ён прыводзіць комплекс водазабеспячэння «Водазабор Альхоўка», дзе рэгуляванне ціску і падачы вады ажыццяўляецца ў аўтаматычным рэжыме пры дапамозе прываду частотнага рэгулявання помпаў.

Камунальнікі працуюць таксама над змяншэннем страт, звязаных з несанкцыянаваным водаспажываннем. Вядзецца выяўленне падобных фактаў, на лічыльнікі вады ўстанаўліваюць кантрольныя антымагнітныя пломбы. Праводзіцца паэтапная паверка прыбораў уліку, для чаго ў АКС створаны падменны фонд лічыльнікаў.

Значная мадэрнізацыя закранула таксама ачысныя збудаванні і каналізацыйныя сеткі. Сістэму гарадской каналізацыі абслугоўвае ўчастак пад кіраўніцтвам Віктара Жураўскага. Брыгадзірам з’яўляецца Пётр Казак, адзін са старэйшых работнікаў камунальнай службы раёна. Кантроль за працэсам ачысткі сцёкавых вод і іх якасцю ажыццяўляе выпрабавальная лабараторыя прадпрыемства на чале з вопытным спецыялістам Верай Друзь. Лабараторыя працуе на сучасным узроўні, акрэдытавана і паспяхова пацвярджае свой статус.

– Падтрымліваем абсталяванне ў рабочым стане, стараемся аператыўна рэагаваць на ўсе ўзнікшыя сітуацыі, – сцвярджае Андрэй Суднік.

Для многіх  камунальнікаў прафесійнае свята будзе не выхадным днём, а дзяжурнай зменай.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *