Калектыў ААТ «Каганец» настроены на новыя дасягненні

Главное Сельская гаспадарка

Па выніках работы за мінулы год жывёлаводы ААТ «Каганец» занялі трэцяе месца сярод сельгаспрадпрыемстваў раёна па надоях малака ад каровы, атрымаўшы ў сярэднім ад кожнай рагулі 7333 кілаграмы. На працягу некалькіх апошніх гадоў руплівыя работнікі не саступалі гэтую прызавую прыступку. А сёлета, дзякуючы намаганням працаўнікоў фермаў, рэйтынг таварыства павысіўся: за два месяцы напружанай работы калектыў здолеў перамясціцца на другое месца. Цяпер у сярэднім ад кожнай каровы жывёлаводы атрымліваюць 26 кілаграмаў малака. Адгружаецца штодзень перапрацоўшчыкам 26 тон прадукцыі. З пачатку года валавая вытворчасць і сярэдні надой малака ад кожнай каровы павялічыліся адпаведна на 12 працэнтаў, рэалізацыя вырасла на 11 працэнтаў. Летась ад продажу малака таварыствам атрымана 1727 тысяч рублёў чыстага прыбытку. Таварнасць склала 91,2 працэнта,  рэнтабельнасць – 52,2 працэнта. Гатункам «экстра» пастаўлена на малаказавод 7663 тоны – 99,2 працэнта пры тлустасці 3,74 працэнта.

Галоўны інжынер Андрэй Клімко (у цэнтры) ставіць задачу механізатарам Алегу Ганчарэнку, Сяргею і Валерыю Шахно, Уладзіміру Чарнецкаму

Пяць гадоў назад таварыства ўзначаліў Пётр Малахаў. І хоць справы ў гаспадарцы ішлі няблага, але малочны патэнцыял статка спаўна не выкарыстоўваўся. Першы крок быў зроблены ў наладжванні належнага кармлення. Пачалі рыхтаваць кормасумесі і раздаваць іх з дапамогай кормараздатчыкаў. Паступова, год за годам, вытворчасць малака павялічылася амаль у два разы. За гэты час пагалоўе буйной рагатай жывёлы прырасло на тысячу жывёлін.

У дырэктара ёсць усе падставы быць задаволеным работай сваіх падначаленых, і ён пастаянна настройвае калектыў на новыя здзяйсненні. Разам з галоўнымі спецыялістамі гаспадаркі распрацоўвае далейшы план работы, робіць усё неабходнае для таго, каб выканаць намечанае.

Галоўны заатэхнік Эдварт Ярмаловіч (справа) і жывёлавод Мікалай Сяркоў

Звыш васямнаццаці гадоў працуе галоўным ветурачом Валерый Матуліс. Неаднойчы яго прызнавалі лепшым сярод калег у раёне, вобласці і рэспубліцы. Поплеч з ім прыкладае старанні вопытны ветурач з вялікім стажам работы Віктар Каспяровіч. Добра ведае сваю справу галоўны заатэхнік Эдварт Ярмаловіч, які працуе ў жывёлагадоўчай галіне на працягу 48 гадоў. Рупяцца маладыя спецыялісты – галоўны энергетык Аляксандр Кутас і галоўны эканаміст Яўгеній Нікіфараў.

Вялікая заслуга ў павелічэнні вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі згуртаванага калектыву спецыялістаў, працаўнікоў фермаў і палёў.

Аператар машыннага даення Таццяна Чэмка (злева) і жывёлавод Галіна Кухарчык

Лідзіруюць па надоях жывёлаводы МТФ «Зарэчча» (брыгадзір Галіна Каробка). Дружны калектыў завяршыў мінулы год з самым лепшым паказчыкам у гаспадарцы – надоена 7431 кілаграм малака ў сярэднім ад кожнай каровы. Сёлета дбайныя работнікі здолелі прыбавіць у адносінах да адпаведнага перыяду папярэдняга года і за два месяцы маюць вынік 1551 кілаграм – другое месца сярод адпаведных вытворчых падраздзяленняў раёна. Жывёлаводы МТФ «Ячонка» надаілі 7421 кілаграм, работнікі МТФ «Засулле» – 7136 кілаграмаў. Калектывы займаюць адпаведна дзявятае і дванаццатае месцы. Надоі павысіліся за кошт строгага прытрымлівання тэхналогіі вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі.

Аператары машыннага даення Таццяна Саковіч, Алена (Яраславаўна) Рубін, Наталля Храпіцкая (на другім плане), Аляксандра Круглік (брыгадзір), Алена Рубін і Віктар Каспяровіч (ветурач)

Добрасумленна працуюць і дабіваюцца высокіх паказчыкаў аператары машыннага даення Таццяна Чэмка, якая надаіла летась ад кожнай каровы сваёй групы 8583 кілаграмы малака і ўвайшла ў топ-10 лепшых прадстаўніц гэтай прафесіі ў раёне. Аксана Маліноўская сёлета лідзіруе па надоях не толькі ў гаспадарцы, а і ў раёне. Рупяцца Алена (Яраславаўна) Рубін, Любоў Клепчукова, Святлана Гаркач, Тамара Лапко, Мікалай Самахвал. З веданнем справы шчыруюць тэхнікі-асемянатары Валянціна Паляшчук і Аксана Мельнікава – сапраўдныя прафесіяналы. Яны любяць жывёлу і сумленна выконваюць свае абавязкі. Дзякуючы іх старанню на высокі ўзровень пастаўлена ўзнаўленчая работа, павялічваюцца паказчыкі па надоях малака. Абедзве жанчыны ў прафесіі звыш 10 гадоў і карыстаюцца павагай сярод калег. Валянціна Васільеўна неаднаразова прымала ўдзел у раённых святах працы, была ўзнагароджана падзякамі і граматамі. Аксана Аляксандраўна таксама тытулаваны спецыяліст. Як пераможца раённага конкурсу-атэстацыі, па выніках якога атрымала пераходны прыз, яна прымала ўдзел у конкурсе прафесійнага майстэрства «Майстар Мінскай вобласці – 2016», дзе была ўзнагароджана ганаровай лентай, дыпломам і прэміяй.  Летась дбайныя спецыялісты атрымалі на 100 кароў ад кароў па 98 цялят кожная.

Тэхнікі-асемянатары Аксана Мельнікава (злева) і Валянціна Паляшчук

Важкі ўклад у агульную справу ўносяць слесары па рамонце і абслугоўванні абсталявання Іван Бельскі і Віктар Касцюк.

Шчыруюць з кормараздатчыкамі на фермах механізатары Андрэй Кулішоў, Іван Тарасевіч і Валерый Прышывалка. Гэтыя руплівыя механізатары заўсёды своечасова дастаўляюць на фермы кормасумесі для дойнага статка.

Аператар машыннага даення Аксана Маліноўская

І ў мясных справах ёсць плён. Вырашчана за мінулы год 414 тон мяса ялавічыны. Сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе жывёлы склалі каля 600 грамаў. Жывёлавод Галіна Кухарчык дасягнула за мінулы год сярэднясутачных прываг сваіх гадаванцаў 919 грамаў, самы высокі паказчык у Мікалая Сяркова – 991 грам. Стараюцца Антаніна Часноўская, Марыя Кутас і Віктар Бычынскі.

У таварыстве вырошчваюць высокаўдойных цялушак, якімі ўкамлектоўваюць дойны статак. У абмен на камбікармы рэалізоўваюць штогод па 50-60 галоў на Барысаўскае хлебапрыёмнае прадпрыемства.

Механізатар Дзмітрый Трацяк

У гэтым годзе перад жывёлаводамі пастаўлена задача павялічыць вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі на 8,7 працэнта ў адносінах да паказчыкаў мінулага года пры далейшым зніжэнні сабекошту: надаіць 8575 тон малака, вырасціць 421 тону мяса ялавічыны. Дзеля гэтага неабходна павялічыць вытворчасць травяных кармоў – сенажу і сіласу. Плануецца перазалужыць 400 гектараў плошчаў, стварыць 60 гектараў шматкампанентных пашаў, пасеяць 30 гектараў люцэрны. Падсяваецца пад азімыя збожжавыя культуры канюшына. Сёлета разлічваюць нарыхтаваць сенажу больш, чым летась. А таксама кукрузнага сіласу, бо плошча пад гэтай прапашной культурай павялічваецца на 50 гектараў.

Аператары машыннага даення Любоў Клепчукова, Тамара Лапко, Святлана Гаркач і Алеся Пярмінава

Трэба зрабіць усё для таго, каб атрымаць неабходную колькасць збожжа. Для павелічэння ўраджайнасці гаспадаркай завозіцца элітнае насенне, набываюцца пад патрэбнасць мінеральныя ўгнаенні, уносіцца арганіка.

Амаль два дзесяцігоддзі налічвае стаж работы ў загадчыцы насеннага і фуражнага склада Веры Клімко. Гэта важны вытворчы аб’ект, дзе захоўваецца, ачышчаецца і пратручваецца насенны матэрыял. Працуюць тут Іван Рубін і Дзмітрый Рубін, Раіса Дземідовіч. Летась на сяўбе збожжавых вызначыўся Алег Ганчарэнка.  У планах павялічыць ураджайнасць азімага рапсу і цукровых буракоў. Рост вытворчасці ў раслінаводстве павінен скласці не менш за 28 працэнтаў.

Механізатар Андрэй Кулішоў

Добра спрацавалі корманарыхтоўшчыкі. Парупіўся на ўборцы кармоў для грамадскай жывёлы механізаваны кормаўборачны атрад, у склад якога ўвайшлі руплівыя механізатары, якія не першы год шчыруюць у таварыстве. Самы вопытны з іх – Валерый Шахно. Валерый Анатольевіч звыш 30 гадоў працуе ў гаспадарцы на розных палявых работах. Разам з ім завіхаецца і яго сын Сяргей. Старанна выконваюць даручаную справу Сяргей Карабін, Дзмітрый Трацяк, Аляксандр Кавалёў, Уладзімір Чарнецкі. Усе травяныя кармы закладваюцца і затрамбоўваюцца своечасова. На зімоўку было нарыхтавана для грамадскай жывёлы 8235 тон сенажу, вырашчана і сабрана 12 030 тон зялёнай масы кукурузы.

Загадчыца склада Вера Клімко гутарыць з рабочымі Іванам Рубіным і Дзмітрыем Рубіным

– Прадпасылак для зніжэння вытворчасці малака ў нас няма, і думаю, што з такім працалюбівым калектывам нам удасца  сёлета ўшчыльную наблізіцца да паказчыкаў ТАА «СЖК «Налібакі», а ў далейшым  і выйсці ў лідары, – сказаў дырэктар таварыства Пётр Малахаў. – І прыклад таму – МТФ  «Зарэчча». Калектывы МТФ «Ячонка» і «Засулле» па надоях малака ад каровы таксама ўваходзяць у топ-15 лепшых у раёне. Калектыў гаспадаркі ўвогуле працуе плённа. У кожнага работніка ёсць жаданне прымножыць здабыткі, і зрабіць гэта нашым людзям цалкам па сіле.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

1 комментарий по теме “Калектыў ААТ «Каганец» настроены на новыя дасягненні

  1. Пришла горячая пора для хлеборобов и крестьян. И как мы сработаем на начальном этапе битвы за урожай — таким он и будет. Так что вперед передовики сельского хозяйства, мужества и профессионализма вам, в вашем нелегком труде.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *