Гвалт у сям’і – не прыватная праблема

Соцыум

У Стоўбцах прайшло міжведамаснае пасяджэнне па пытаннях узаемадзеяння ў прафілактыцы дамашняга насілля. Абагульненне вопыту работы ў гэтым напрамку і выпрацоўка сумесных прапаноў праходзіла з удзелам прадстаўнікоў камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінаблвыканкама, унутраных спраў, адукацыі, аховы здароўя, пракуратуры, царквы.

Насілле ў сям’і застаецца адной з важнейшых прычын, што вядуць да сацыяльнага і псіхалагічнага нездароўя сям’і, пазбаўляюць яе стабільнасці і бяспекі. Вырашэнне праблемы абцяжарваюць яе ўспрыманне як прыватнай справы сям’і, «інтымны» характар і прававая няграматнасць людзей. У нашым выпадку сюды можна дадаць і праблему маленькага горада, калі ўсё пра ўсіх вядома, але на суседа ці калегу «даносіць» наўрад ці стануць. Альтэрнатывай сямейнаму насіллю выступае работа псіхолага, прычым не толькі з ахвярай, але і з агрэсарам, аказанне комплекснай дапамогі сям’і.

 

Насілле ў сям’і – гэта наўмысныя дзеянні фізічнага, псіхалагічнага, сексуальнага характару члена сям’і ў дачыненні да другога члена сям’і, якія парушаюць яго правы, свабоды, законныя інтарэсы і наносяць яму фізічныя і (або) псіхічныя пакуты.

(Закон Рэспублікі Беларусь «Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў»)

 

Рашэннем райвыканкама зацверджаны пратакол міжведамаснага ўзаемадзеяння па аказанні дапамогі ахвярам насілля ў сям’і. Распрацаваны алгарытм узаемадзеяння, каардынацыю якога ажыццяўляе міжведамасны савет.

Як адзначыла дырэктар ДУ «Стаўбцоўскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва» Святлана Блашко, летась у цэнтр райаддзелам міліцыі было накіравана 100 паведамленняў аб фактах сямейнага насілля (гэтыя даныя – паводле інфарміраванай згоды тых, хто пацярпеў), дзе ахвярам насілля была аказана кансультацыйная і псіхалагічная дапамога. У электронным банку даных тэрытарыяльнага цэнтра знаходзяцца 90 асоб (сярод іх – 26 дзяцей), якія пацярпелі ад насілля ў сям’і.

У цэнтры абмеркавання – старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінаблвыканкама Алег Семянчук

Пры неабходнасці цэнтр аказвае паслугу часовага прытулку на базе «крызіснага» пакоя. На працягу мінулага года па яе звярнуліся восем грамадзян. Асобныя з іх аказаліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі пасля пажару, у перыяд рамонту пячнога ацяплення. Супрацоўнікамі райаддзела міліцыі ў «крызісны» пакой былі дастаўлены трое грамадзян пажылога ўзросту, прычым усе – у вячэрні і начны час. У адносінах да іх былі распрацаваны праграмы рэабілітацыі, ім аказана інфармацыйна-кансультацыйная  і псіхалагічная дапамога. Для даступнасці інфармацыі аб функцыянаванні «крызіснага» пакоя, рабоце тэлефонаў даверу аддзяленнем сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі распрацаваны памяткі і буклеты. Іх распаўсюджваюць у тым ліку падчас міжведамасных прафілактычных акцый – «Дом без насілля», «Сям’я без насілля» і інш.

 

Засяленне ў «крызісны» пакой – бясплатнае, добраахвотнае, з захаваннем канфідэнцыяльнасці. Падача дакументаў пры засяленні не абавязковая, іх неабходна прадставіць на працягу трох дзён. Па дапамогу можа звярнуцца любы грамадзянін з 18-гадовага ўзросту. Тэлефон аказання экстраннай псіхалагічнай дапамогі – 5-16-04.

 

Старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінаблвыканкама Алег Семянчук падкрэсліў, што ўзаемаразуменне паміж суб’ектамі прафілактыкі знойдзена, паступова наладжваецца абмен інфармацыяй. Аднак важна працаваць разам як над удасканаленнем якасці дапамогі ахвярам, так і над выяўленнем насілля ў сям’і, вядзеннем растлумачальнай работы сярод насельніцтва.

Царква, пракуратура і міліцыя — сярод суб’ектаў прафілактыкі

Працуюць усе суб’екты прафілактыкі, аднак асаблівая роля ў медыцынскіх работнікаў. Бываючы ў сем’ях, урачы-педыятры, тэрапеўты бачаць і адчуваюць абстаноўку, таму ад іх патрабуецца большая актыўнасць у прадастаўленні трывожнай інфармацыі. Нельга чакаць бяды – злачынства, пажару ці іншага негатыўнага факта. «Узаемадзейнічаць можна і без «паперак». Трэба браць на сябе такую адказнасць, быць неабыякавымі», – выказаў сваю хрысціянскую і грамадзянскую пазіцыю айцец Аляксандр Марцінчык. І, безумоўна, пры нагодзе варта больш расказваць пра «крызісны» пакой і іншыя віды дапамогі, па якія можа звярнуцца сам чалавек.

Адметна, што ў ходзе абмеркавання прадстаўнікі міліцыі і аховы здароўя прапанавалі правесці семінар па пытаннях прымянення такога дакумента, як інфарміраваная згода, засялення ў «крызісны» пакой.

У прафілактыцы сямейнага насілля пракурор раёна Сяргей Грыцук вылучыў пакуль не задзейнічаны ў поўнай меры рэсурс пракуратуры, яе паўнамоцтваў як нагляднага органа: «Пры наяўнасці паведамленняў у міліцыю з сямейным скандалістам можна працаваць і ў тым выпадку, калі яму ўдалося пазбегнуць адказнасці па прычыне прымірэння бакоў».

Выступае дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра Святлана Блашко

Была ўзнята праблема недастатковай колькасці псіхолагаў, якія працуюць з пацярпелымі ад сямейнага насілля сярод дарослага насельніцтва (два – у тэрытарыяльным цэнтры і два – у раённай бальніцы), адсутнасць у іх пэўнай спецыялізацыі. Для эфектыўнай работы патрэбна адзіная псіхалагічная служба.

…Цану сямейнага гвалту насамрэч цяжка акрэсліць. Нам адкрыта толькі нязначная яго частка. І тут своеасаблівым імунітэтам і лекавым сродкам выступаюць хрысціянскія каштоўнасці, пра якія разважаў бацюшка. Лепшая прафілактыка – любоў. Немагчыма, калі любіш чалавека, адносіцца да яго па-іншаму. Прафілактыка насілля пачынаецца з дзяцінства.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *