Танец – па жыцці і ў працы

Важное Культура

Канцэртную праграму, прысвечаную працаўнікам Стаўбцоўшчыны, на раённым Свяце працы адкрыла музычна-харэаграфічная кампазіцыя «Горад майстроў», яе аўтар – настаўнік па класе харэаграфіі Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў і кіраўнік ансамбля танца «Шчабятушкі» Юлія Бохан.

За плённую працу ў сістэме дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, вялікі ўклад у падрыхтоўку лаўрэатаў абласных, рэспубліканскіх і міжнародных фестываляў і конкурсаў, развіццё аматарскай творчасці на Стаўбцоўшчыне, па выніках работы за 2018 год, фотаздымак Юліі Мікалаеўны занесены на раённую Дошку гонару.

Выпускніца Заямнаўскай сярэдняй школы, былая ўдзельніца ўзорнага ансамбля танца «Гарошынка», спачатку закончыла каледж мастацтваў, а затым – універсітэт культуры і мастацтваў па спецыяльнасці харэаграфічнае мастацтва (народны танец). Ёй прысвоена кваліфікацыя артыста, балетмайстра, выкладчыка.

Па сваёй спецыяльнасці ў дзіцячай школе мастацтваў Юлія Бохан выкладае класічны і народны танцы, займаецца пастаноўкай канцэртных нумароў, з’яўляецца харэографам узорнага ансамбля народнай песні «Жавароначкі». За майстар-класам да настаўніка звяртаецца моладзь, якая жадае навучыцца танцаваць вальс на выпускным вечары, маладыя – для вясельнага танца. Яна нікому не адмаўляе, дае слушныя парады сваім вучням і калегам. Тры вучаніцы Юліі Бохан ужо  з’яўляюцца студэнткамі каледжа мастацтваў у Мінску і Гродне. На наступны навучальны год яшчэ адна вучаніца Юліі Мікалаеўны рыхтуецца паступіць у каледж на аддзяленне харэаграфіі.

З 2010 года Юлія Бохан з’яўляецца кіраўніком ансамбля танца «Шчабятушкі», які створаны ў 1990 годзе пры школе мастацтваў на аснове пяці танцавальных груп дзяцей рознага ўзросту. На сучасны момант у калектыве ўжо больш за 50 удзельнікаў ва ўзросце ад 7 да 14 гадоў. Асноўная задача калектыву –  навучыць дзяцей любіць танец. «Шчабятушкі» прымаюць удзел ва ўсіх мерапрыемствах, якія праходзяць у горадзе і раёне: літаратурна-музычныя гасціныя, творчыя сустрэчы, фестывалі. Ансамбль пабываў у Польшчы, Балгарыі, Германіі, Францыі.

За 2018 год ансамбль танца «Шчабятушкі» атрымаў шмат узнагарод у конкурсах дзіцячай і юнацкай творчасці: Рэспубліканскі фестываль-конкурс дзіцячага мастацтва «ЛьВёнок» (Лідскі вянок),  IV Міжнародны фестываль-конкурс «Новыя вяршыні-2018», XV фестываль народнай творчасці «Напеў зямлі маёй», VIII Міжнародны фестываль-конкурс «Творчы ваяж». У рэпертуары прысутнічаюць танцы разнастайных жанраў: «Я скакала, я плясала», «Мы такія розныя», «Куточак Беларусі», «Майстэрня ганчароў», «Бульба» і т. п.

Для Юліі Мікалаеўны ў творчай дзейнасці і працы нязменным застаецца любоў да танца і жаданне данесці чароўны свет музыкі і пластыкі да сваіх навучэнцаў і гледачоў.

Яўгенія СЛЕСАРЧЫК,  фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *