Пяць канцэртаў – у скарбонку

Грамадства Нумары

image_pdfimage_print

Стаўбцоўшчына стала ўдзельніцай акцыі «60 добрых спраў прафсаюза культуры», прысвечанай 60-гадоваму юбілею прафсаюза культуры і 110-годдзю прафсаюзнага руху ў Беларусі.

– У скарбонку адметных прафсаюзна-культурных спраў зрабіла свой унёсак студыя «Святліца» Шашкоўскай дзіцячай школы мастацтваў – ужо прайшло пяць канцэртаў, прысвечаных гэтай акцыі, –  завітала ў рэдакцыю, каб расказаць пра іх, выкладчыца гэтай школы мастацтваў Ніна Дубовік. – Кіраўнік ансамбля  Алена Каралец  з’яўляецца дырэктарам Шашкоўскай дзіцячай школы мастацтваў і, адначасова, старшынёй прафсаюзнага камітэта работнікаў культуры раёна, таму сваёй творчасцю і творчасцю сваіх калег не магла не адгукнуцца на актуальныя падзеі, што адбываюцца вакол нас. У складзе ансамбля выступаюць выкладчыкі  Ганна Мартыненка, Марыя Сяржан і Надзея Лабоцкая (Надзея Аляксандраўна кіруе таксама дзіцячай студыяй эстраднай песні «Капель»).  

– Вы, Ніна Уладзіміраўна, таксама пастаянны ўдзельнік «Святліцы», выступаеце вядучай канцэртных праграм як таленавіты чытальнік.  Дзе вы пабывалі, каму расказалі пра «60 добрых спраў прафсаюза культуры»?

– Згадаю з прыемнасцю. Два канцэрты прайшлі ў  Шашкоўскім сельскім Доме культуры: «Гэта гордае імя, бацька!»,  прысвечаны татам, і   «Твой удзел на зямлі – быць адзінай і любімай» – у гонар матуляў. Што вельмі парадавала – нашы слухачы і гледачы ішлі ў клуб сем’ямі. Напярэдадні 8 Сакавіка вялікая канцэртная праграма прайшла і ў раённай бібліятэцы. Работнікі бібліятэкі пастараліся – чытальная зала была паўнюткай, а потым яны ўсіх запрасілі на чаяпіцце. Сваю праграму мы прысвяцілі работнікам бібліятэкі і яе чытачам. З музычнымі віншаваннямі ў духу «Ах, гэтая  жанчына…» мы завіталі  і ў былы аддзел культуры, дзе наш адзіны мужчына – Сяргей Гарачка – выканаў цудоўныя песні-прысвячэнні жанчынам, якія працуюць у сферы культуры раёна.

– 60 –  своеасаблівая планка канцэртнай дзейнасці. Да канца года будзе яшчэ шмат новых канцэртаў. Як сустракаюць слухачы «Святліцу»?

– Цудоўна! Варта прыгадаць хаця б нашы апошнія выступленні ў калектывах цэнтральнай раённай бальніцы і ўзбуйненай друкарні. Канцэрты праходзілі пры поўным аншлагу, з удзелам кіраўнікоў гэтых устаноў, а песні, якія мы прысвячалі жанчынам, матулям, нас прасілі выканаць на біс. У друкарні, на мой погляд, вельмі ўдала пакладзены пачатак новай традыцыі – вітаць свой, амаль жаночы, калектыў вось так шчыра, творча, запамінальна. Разам з прыгожымі і рамантычнымі словамі дырэктар Валяр’ян Савіцкі ўручыў ружы сваім працаўніцам і калектыву «Святліца». Не магу не сказаць яму дзякуй і за тое, што дапамог з афармленнем грамадскай прыёмнай раённага камітэта КПБ (яна месціцца ў будынку друкарні).

Спадзяемся, што ўслед за «Святліцай» і іншыя творчыя калектывы раёна падтрымаюць прафсаюзную акцыю, рух грамадскай актыўнасці, які адкрывае нас адзін аднаму, робіць бліжэйшымі, больш цікавымі і карыснымі адзін для другога.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *