Дыпломы з Масквы

Адукацыя Нумары

image_pdfimage_print

Не толькі для сярэдняй школы № 3  г. Стоўбцы, але і для сістэмы адукацыі ўнікальны выпадак – інтэлектуальныя перамогі двух родных братоў Уладзіслава і Мікіты Сазановічаў на розных алімпіядах па праграміраванні. Дзе толькі яны не атрымлівалі дыпломы! І гэта не толькі рэспубліканскія алімпіяды і турніры, але і міжнародныя. Вось і нядаўна Мікіта і Уладзіслаў вярнуліся з Масквы. Яны бралі ўдзел у заключным этапе Адкрытай алімпіяды школьнікаў па праграміраванні. Каб атрымаць права ўдзелу ў заключным этапе, Уладзіславу і Мікіту давялося прайсці этапы завочнага тура, паказаць свае ўнікальныя веды па праграміраванні, набраць вялікую колькасць балаў і заваяваць права паехаць у Маскву.

Арганізатарамі алімпіяды ў Расійскай Федэрацыі сталі Маскоўскі інстытут адкрытай адукацыі, Маскоўскі дзяржаўны фізіка-тэхнічны інстытут, Маскоўскі дзяржаўны ўніверсітэт імя М. В. Ламаносава, Маскоўскі цэнтр бесперапыннай матэматычнай адукацыі. На алімпіяду сабраліся самыя моцныя інфарматыкі Расіі і іншых краін. Уладзіслаў і Мікіта і тут былі неперасягнутымі. Дзесяцікласнік Мікіта атрымаў дыплом І ступені, адзінаццацікласнік Уладзіслаў – дыплом ІІ ступені. Гэтая алімпіяда дала юнакам упэўненасць у сваіх інтэлектуальных сілах, праверыла іх веды і садзейнічала набыццю вопыту.

Не толькі школа, але і раён ганарыцца поспехамі Уладзіслава і Мікіты Сазановічаў. Адкрыў таленты ў юнакоў, дапамог ім развіцца педагог Уладзімір Радзіон, які лічыцца прызнаным майстрам сваёй справы.  Дзесяцігоддзі ён вядзе інфарматыку ў сярэдняй школе № 3, з’яўляецца заснавальнікам раённай Школы юных інтэлектуалаў. Колькі перамог разам са сваімі вучнямі атрымаў Уладзімір Сяргеевіч за гэтыя гады! Віншуючы Уладзіслава і Мікіту з дыпломамі міжнароднай алімпіяды, віншуем і Уладзіміра Сяргеевіча.

Лана СВЯТЛІЦКАЯ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *