«Бывала, сына ўжо няма ў жывых, а пісьмы бацькам ідуць»: Вітольд Лісоўскі пра службу ў Афганістане

Соцыум

У нашы мірныя дні нечакана ўбачыць вадзіцеля хлебнай машыны з такой колькасцю ўзнагарод. Яшчэ адзін медаль, юбілейны, далучыўся да папярэдніх на спецформе воіна-інтэрнацыяналіста падчас урачыстасці да 30-годдзя вываду войскаў з Афганістана.

У дзень яго ўручэння ў поўным парадзе Вітольд Лісоўскі прыйшоў да нас на сустрэчу. Мы аб ім ужо крыху ведалі ад яго калег, таму пачынаем размову з трагічнай гісторыі 9-й роты, якая легла ў аснову аднайменнага мастацкага фільма Фёдара Бандарчука.

Вітольд Вітольдавіч пацвярджае, што служыў у 9-й роце 345-га гвардзейскага парашутна-дэсантнага палка, якім камандаваў Герой Савецкага Саюза падпалкоўнік Валерый Вастроцін.

У Афганістане Вітольд Лісоўскі ваяваў год і 9 месяцаў. На тэрміновую службу быў прызваны ў 1985 годзе. Адразу яго накіравалі ў вучэбны цэнтр у горад Фергана Узбекістана. Усе ваеннаслужачыя ведалі, што іх рыхтуюць у Афганістан. Разам з Вітольдам служылі хлопцы з суседніх вёсак Ругаец і Астравы – Віктар Кураш і Валерый Крапіўніцкі. З Віктарам былі ў адным палку. Гэтыя юнакі таксама вярнуліся з Афганістана жывымі.

Пасля службы ў вучэбным цэнтры ваеннаслужачых адправілі ў Баграм. Аднак гэта было толькі месца дыслакацыі. Яны вярталіся сюды на некалькі дзён для перадышкі ад баявых аперацый. Вітольд Вітольдавіч гаворыць, што за час службы ён праехаў увесь Афганістан некалькі разоў. Ведае, дзе ляжыць кожны камень, і прызнаецца, што хацеў бы паехаць туды на экскурсію.

На баявыя дзеянні бралі сухі паёк і пабольш – камплектаў патронаў. Па спецыяльнасці Вітольд Лісоўскі быў вадзіцелем-механікам, аднак, гаворыць, давялося асвоіць спецыяльнасць гранатамётчыка і іншыя. У кожнай ваеннай аперацыі былі страты байцоў, сяброў. Тры дні, якія былі ў салдат пасля вяртання з баёў, прысвячаліся невялікаму адпачынку. Салдаты пісалі пісьмы дамоў. Шмат пісьмаў адразу, ставілі дату наперад. Ідучы ў бой, прасілі на пульце, каб палявой поштай іх адпраўлялі пачаргова, з розніцай некалькі дзён. Бывала, сына ўжо няма ў жывых, а пісьмы бацькам ідуць: «Жывы, здаровы…» Ганна Тамашаўна, маці Вітольда, расказвала сыну: «Атрымаю пісьмо, падзякую Богу, адгукнуўся – значыць, жывы…»

Вітольд Лісоўскі не раз глядзеў у вочы смерці. Здарылася, наехаў на замыкацель міны, падарваўся, моцна стукнуўся галавой. Аднак у шпіталь ехаць адмовіўся. Ён і цяпер знаходзіцца пад такім моцным уражаннем: праязджаючы кішлакі на маленькай хуткасці, яны бачылі афганскіх дзяцей, але ніяк не думалі, што тыя паспеюць прымацаваць да машыны міны-ліпучкі. Яны спрацоўвалі ў цяснінах – і машыну даводзілася саштурхваць з абрыву.

За гады службы ў Афганістане беларускія юнакі пражылі цэлае асобнае жыццё, успаміны пра якое не пакідаюць іх і праз 30 гадоў пасля вайны. У воінаў-афганцаў ёсць традыцыя: 15 лютага пасля ўрачыстай часткі збірацца ў кафэ. Многія прыходзяць з жонкамі. І заўсёды цякуць успаміны пра Афганістан. Ім няма канца…

Дэмабілізацыя ў Вітольда Лісоўскага была напрыканцы лістапада. Прыехалі навабранцы. Вітольд перадаў маладому вадзіцелю сваю машыну і заплакаў. Камандзір роты звярнуўся да ваеннаслужачых, паведаміўшы, што не хапае механікаў. Папрасіў іх затрымацца яшчэ на адно баявое заданне. Ён не вынес загад, а прапанаваў, хто згодны – зрабіць са строю два крокі наперад. Побач стаяў самалёт, што чакаў салдат, якія чэсна і мужна выканалі свой воінскі абавязак, даставіць іх на Радзіму. Ніхто з дэмабілізаваных не знайшоў у сабе сіл зрабіць гэтыя два крокі. Усе ведалі, што патрэбна будзе зноў пайсці ў бой, які можна стаць ракавым, і ўсім хацелася дамоў.

Вітольда сустракала ўся вёска Ніўнае. Прыехаў ён чорны ад паўднёвага сонца, а на вуліцы стаяла сырая лістападаўская восень. Пазней стаў атрымліваць пісьмы ад саслужыўцаў, якія пісалі, што ў той баявой аперацыі амаль усе з 9-й роты загінулі. І ён зноў заплакаў…

І незлічоную колькасць разоў Вітольд Вітольдавіч не стараўся скрыць гэтых слёз. Аб Афганістане адразу публічна нічога не гаварылі, не пісалі. Прыехаў неяк на абед (тады яшчэ працаваў у калгасе), уключыў радыё і пачуў песню пра Афган. І зноў пасыпаліся слёзы. Воіны-афганцы вельмі даражаць армейскай дружбай. Да Вітольда Лісоўскага ў Ніўнае прыязджалі баявыя таварышы з Расіі, пагасцілі некалькі дзён. Паўспаміналі…

У сям’і, дзе нарадзіўся і рос Вітольд Вітольдавіч, было пяцёра дзяцей. Калі ён вярнуўся з арміі, бацькі прасілі яго жыць з імі, бо, гаварылі, яны яго вельмі-вельмі чакалі. І ён згадзіўся застацца ў бацькоўскім доме. Жонка яго з суседняй вёскі, надзейная палавінка ў яго жыцці. Вера Станіславаўна працуе сакратаром у Дзераўнянскай сярэдняй школе. Цікава, што ўсе чатыры сыны Вітольда Эдуардавіча і Ганны Тамашаўны Лісоўскіх – вадзіцелі. Усе жывуць на роднай зямлі, а Іосіф – дык і наогул па суседстве з Вітольдам. Маці пайшла з жыцця паўтара года назад, 85-гадовы бацька – пад доглядам Вітольда і яго сям’і. Акрамя гэтага, яны з жонкай узялі клопат пра брата-інваліда, які таксама жыве з імі. Дзве дачкі выйшлі замуж, зяці з вялікай павагай адносяцца да Вітольда Вітольдавіча, расце ўнук.

Ужо 19-ы год Вітольд Лісоўскі развозіць хлеб у райспажыўтаварыстве. Яго маршрут пралягае да Гродзенскай вобласці, у самыя аддаленыя вёскі нашага раёна. На шляху – да 20 кропак, куды ён штодзённа дастаўляе прадукцыю з духмяным пахам – хлеб, батоны, кандытарскія вырабы. І гэта не толькі магазіны, але і школы, дзіцячыя сады. З армейскай загартоўкай, сур’ёзнымі адносінамі да жыцця, да людзей, Вітольд Вітольдавіч выконвае свае абавязкі бездакорна. Гэта адзін з лепшых вадзіцеляў райспажыўтаварыства. Вянцамі ў яго жыцці з’яўляюцца любоў, павага да яго родных, калег, баявых сяброў і ўсіх людзей, хто жыве з ім побач. І ў нас таксама засталіся вельмі прыемныя ўражанні ад сустрэчы з гэтым простым, сціплым, адкрытым чалавекам, якому хочацца паслаць паклон за подзвіг хрысціянскага жыцця ў цяжкасцях, міласэрнасці, самаахвярнасці.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *