Пяюць ветэраны Стаўбцоўшчыны і Уздзеншчыны

Важное Культура

Па ініцыятыве старшынь раённых саветаў ветэранаў прайшла міжрэгіянальная сустрэча ветэранаў і актывістаў ветэранскага руху Стаўбцоўскага і Уздзенскага раёнаў. Стаўбчане паехалі ў госці да ўздзенцаў.

«Чаму б бліжэй не пазнаёміцца і не падружыцца з суседзямі?» – так растлумачыла гэты першы «замежны» выезд старшыня раённага савета ветэранаў Наталля Лапко. Сустрэча «Не старэюць душой ветэраны» праходзіла ў Палацы культуры, дзе гаспадары падрыхтавалі цікавую экскурсію, літаратурную кампазіцыю. Актыўны ўдзел у яе падрыхтоўцы прынялі ДУК «Уздзенская цэнтральная раённая бібліятэка» і Уздзенскі РДК.

Ветэраны Стаўбцоўшчыны на Уздзенскай зямлі

З прывітальным словам звярнуліся намеснік старшыні Уздзенскага райвыканкама Анжэла Федчанка і старшыня раённага савета ветэранаў Таццяна Лычкоўская. Сваё слова ў адказ сказалі і стаўбцоўскія ветэраны.

– Панавала надзвычай цёплая і творчая атмасфера. У зале было шмат моладзі, – падзялілася ўражаннямі Наталля Лапко.

Дэлегацыя Стаўбцоўскага раёна

Ва Уздзе выступіў хор народнай песні «Родны кут», які працуе ў тэрытарыяльным цэнтры пры аддзяленні дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту. Дзякуючы актыўнасці загадчыка аддзялення Сяргея Есіса хор не раз выступаў на розных сцэнічных пляцоўках. І на гэты раз спадабаліся артыстам і сцэна, і гледачы, якія шчодра ўзнагародзілі апладысментамі. Кіраўнік хору Яўген Карпуць прачытаў уласныя вершы. У зале ўсе разам спявалі ваенныя песні, і сярод іх, безумоўна, гучаў велічны і векапомны «Дзень Перамогі». Дамовіліся аб сустрэчы наведвальнікі клубаў «Залаты ўзрост» (Узда) і «Гады – не бяда» (Стоўбцы).

Ідучы насустрач 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, раённы савет ветэранаў плануе пабываць з канцэртнымі праграмамі разам з хорам «Родны кут» ва ўсіх дамах культуры раёна.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *