Каштуйце і тэсціруйце стаўбцоўскае!

Главное Эканомiка

Напярэдадні свята жанчын ААТ «Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат» парадаваў пакупнікоў дэгустацыяй сваіх навінак.

На ўваходзе ў фірменны магазін «Пятачок» пакупнікоў сустракалі в. а. намесніка дырэктара па камерцыйных пытаннях Ганна Бушыла і тэхнолаг Вадзім Белавус з апетытнай прадукцыяй. На падносах – скрылікі каўбасы, мяснога рулета. Усіх жадаючых запрашалі пакаштаваць навінкі і падзяліцца ўражаннямі адносна  іх смакавых  якасцяў.

Ганна Бушыла і Вадзім Белавус запрашаюць прадэгуставаць каўбасныя навінкі

Стаўбчанін Міхаіл Радзіон з задавальненнем выкарыстаў гэтую магчымасць. Ён адказаў і на нашы пытанні: «Заходжу ў магазіны камбіната нярэдка. Часцей за ўсё набываю паўфабрыкаты і ахалоджаную прадукцыю. Люблю браць шашлык. Заўсёды чакаем ад вытворцаў нечага новага, нетрадыцыйнага». Аляксандра Пачасуй таксама заходзіць па любімыя пакупкі – каўбасу «Турынская» і прадукт «Каралінскі».

На гэты раз сярод таго, што прыемна здзівіла стаўбчан, быў рулет мясны вэнджана-вараны «Прэм’ера». І, дарэчы, на дэгустацыі прапаноўвалі не толькі новыя віды прадукцыі, якія ўжо паступілі ў фірменную гандлёвую сетку камбіната, але і эксклюзіўныя ўзоры, якія на даны момант знаходзяцца ў вытворчасці і праходзяць, так бы мовіць, тэставыя выпрабаванні.

– Сёння прапануем пратэсціраваць новыя каўбаскі – «Польскія» і «Падвавельскія», выраб якіх плануем пачаць, – падкрэслівае Ганна Бушыла. – Гэтыя каўбаскі прыгатаваны паводле старадаўніх польскіх рэцэптаў, і яны прыйшліся нашым пакупнікам даспадобы.

Вадзім Белавус тлумачыць пакупнікам асаблівасці саставу каўбасак і дадае, што ў найбліжэйшы час яны паступяць у продаж.

Упершыню на дэгустацыі можна было  пакаштаваць і акцыённы від прадукцыі. Цана на яго ў фірменнай гандлёвай сетцы зніжана на 10 працэнтаў. Такая маркетынгавая прапанова ад камбіната захаваецца на працягу сакавіка і, немалаважна, будзе дзейнічаць у адносінах да амаль дзесяці відаў прадукцыі.

Каб знайсці новыя рынкі збыту і спажыўцоў, пашырыць напрацаваныя рынкі, вытворцы актыўна працуюць з пакупнікамі і за межамі свайго раёна. Як абяцаюць работнікі мясакамбіната, у Стоўбцах чарговая дэгустацыя навінак будзе прымеркавана да сезона пікнікоў.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *