З раніцы рупяцца камунальнікі

Добраўпарадкаванне Нумары

Завітаем на ўчастак добраўпарадкавання аб’яднання камунальных службаў. Менавіта яго можна назваць самым «раннім» падраздзяленнем. Ужо ў 06.00 яго работнікі, апранутыя ў ярка-аранжавыя жылеты бяспекі, выходзяць на ўборку гарадскіх вуліц.

– Кожны кіруецца па сваім, замацаваным за ім маршруце. Падбіраем бытавое смецце. Ачышчаем урны. У дзевяць гадзін  нас чакае агульная работа, яе характар напрамую залежыць ад сезона. Зімою прыбіраем снег на аўтобусных прыпынках, а летам займаемся ямачным рамонтам вуліц. Вясною, як правіла, – найбольш клопатаў: прыбіраем вулічны змёт, лісце, траву, – расказвае брыгадзір Валянціна Лосік.

Побач з брыгадзірам працуюць рабочыя Валянціна Бакіноўская, Святлана Грыгаровіч, Іна Дайлідава, Мікалай Клімовіч, Аляксандр Зубенка, Ігар Камендант. Падчас размовы карэнны стаўбчанін Аляксандр Зубенка падкрэслівае, што яму асабліва прыемна прыбіраць свой родны горад. 

Усе члены брыгады ўзброеныя хто  мяцёлкай, хто – шуфлем. Падчас нашай сустрэчы яны акурат наводзілі парадак ля бардзюраў вакол плошчы Леніна. Сакавіцкае сонейка свяціла, але грэла мала, а ветрык падганяў пыл, прымушаў ухіляцца ад яго моцнага парыву. Пад жарты і ўзаемнае падбадзёрванне работа не спынялася.

Брыгадзір Валянціна Лосік – сапраўдны старажыл на сваім участку і, бадай, і ў аб’яднанні камунальных службаў. Пачынала яна амаль тры дзясяткі гадоў таму з гасцінічнай пакаёўкі, затым перавялі прыбіраць адміністрацыйны будынак прадпрыемства. Але так выйшла, што затрымалася менавіта тут. Састаў брыгады мяняецца, а яна, брыгадзір, – чалавек пастаянны, загартаваны за жыццё фізічнай працай. Голас у яе – сапраўды камандзірскі: «Люблю гучна сказаць, каб пачулі». Але не гэта галоўнае. Работніца яна  выключнай адказнасці, надзейнасці. Кіраўніцтва АКС не адзін раз прадстаўляла Валянціну Мікалаеўну на ўзнагароджанне ганаровымі граматамі раённага выканаўчага камітэта.

– Брыгадзіру Валянціне Лосік, рабочым Валянціне Бакіноўскай, Іне Дайлідавай я магу давяраць як  сабе. Любое даручэнне яны выканаюць якасна, у тэрмін, – падкрэслівае і начальнік участка добраўпарадкавання Валерый Красоўскі. –  Агульную мову знаходжу з усімі работнікамі ўчастка. Яны – за мяне, я – за іх, але магу, калі заслужылі, і паўшчуваць каго. Раней на ўчастку было 20 чалавек, цяпер – сем. Прыходзіцца ўсюды паспяваць і – пры неабходнасці – людзі  застаюцца працаваць і пазаўрочна.            

За апошнія гады аб’ёмы работы выраслі – у горадзе павялічыліся памеры тэрыторый, якія абслугоўваюць камунальнікі. «Прыходзіцца прыбіраць і звалкі, бо не ўсе хочуць заключаць дагавор з АКС (на вываз цвёрдых бытавых адходаў, хаця ён каштуе «капейкі»)», – падказваюць мне яшчэ адну  праблему.

За ўчасткам добраўпарадкавання замацаваны вадзіцель Анатоль Гаўрук са сваім аўтамабілем «ГАЗ-3307». Дзякуючы ўмельству вадзіцеля машына кожны дзень на лініі, задзейнічана на ўборцы  горада. Але не толькі за гэтую стабільнасць Анатоля цэняць у калектыве. Як сапраўдны вадзіцель-ас, ён можа зманеўрыраваць, «выкруціцца» на вуліцы з інтэнсіўным рухам і пад’ехаць так, каб рабочым было максімальна зручна працаваць.

Пасля зімы ў горадзе вельмі шмат работы, у тым ліку і ручной,  таму на камунальнікаў кладзецца асаблівая нагрузка. Калі трэба на працягу рабочага дня хутчэй «перакінуць» іх з аднаго канца горада ў другі, Валерый Красоўскі выкарыстоўвае ўласны легкавы аўтамабіль. Цяпер праходзяць суботнікі, таму камунальнікам аказваюць дапамогу ва ўборцы паркаў і плошчаў школьнікі ўсіх трох гарадскіх школ, арганізацыі і прадпрыемствы, якія вычышчаюць замацаваныя за імі вуліцы.

Неўзабаве  камунальнікі пачнуць ямачны рамонт вуліц. У Стоўбцах, дарэчы, налічваецца 90 км вуліц, 50 км сярод іх – з асфальтабетонным пакрыццём. Работа на вуліцы з асфальтам вельмі спецыфічная: праводзіцца без спынення дарожнага руху, ды і асфальт, які ўкладваюць рабочыя ў гэтых абмежаваных умовах, – гарачы. Неабходна выключная ўважлівасць, строгае захаванне тэхнікі бяспекі.

Валерый Красоўскі звяртае ўвагу, што да яго нярэдка звяртаюцца людзі, якім  трэба ўладкавацца на работу. Хтосьці, напэўна, думае, што з мяцёлкай ці шуфлем на вуліцах горада працуюць толькі тыя,  каму больш ужо няма куды падацца. Дарэмна так думаюць, бо на ўчастак добраўпарадкавання бяруць  далёка не ўсіх жадаючых.     

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

На здымках: начальнік участка добраўпарадкавання Валерый Красоўскі дае ўказанні вадзіцелю Анатолю Гаўруку; яны  робяць вуліцы нашага горада чыстымі (злева направа): Іна Дайлідава, Валянціна Лосік (брыгадзір), Аляксандр Зубенка

Фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *