Інспектары працуюць з групай рызыкі

Ахова правапарадку Главное

Начальнік крымінальна-выканаўчай інспекцыі райаддзела міліцыі Уладзімір Кухарчык і старшы інспектар Андрэй Аляшкевіч

Новы падыход у рабоце крымінальна-выканаўчай інспекцыі райаддзела міліцыі – выдзяленне сярод асоб, якія асуджаны да не звязаных з пазбаўленнем волі пакаранняў і якія вярнуліся з месцаў пазбаўлення волі, групы рызыкі і далейшае «кропкавае» ўздзеянне на іх.

– Рызыку ўяўляюць тыя, хто схільны да наркаманіі, злоўжывання спіртным, не заняты грамадска карыснай працай і парушае ўмовы адбывання пакарання, – заўважае начальнік крымінальна-выканаўчай інспекцыі Уладзімір Кухарчык.

Гэтую трывогу пацвярджае і статыстыка: раней судзімымі ўчынена на тэрыторыі раёна кожнае другое злачынства. У рэцыдыўнай злачыннасці сустракаецца нямала шматэпізодных фактаў. Дачыненне да іх маюць, як правіла, тыя, у каго страчаны сацыяльна карысныя сувязі, і, як вынік, ім няма чаго губляць.

На ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі знаходзіцца на даны момант 561 асоба. Пераважная большасць – гэта неаднаразова судзімыя, на рахунку кожнага з іх – дзясятак і больш злачынстваў. Асноўная задача інспектараў – наведванне іх па месцы жыхарства, кантроль за выкананнем парадку адбыцця пакарання і недапушчэнне ўчынення  злачынстваў і правапарушэнняў. Нядзіўна, што службовая нагрузка прыходзіцца на перадвыхадныя і выхадныя дні, вячэрнія і начныя змены.

Акрамя праверак і кантрольных мерапрыемстваў практыкуюцца і нестандартныя формы работы з асуджанымі. Сярод іх – аказанне дапамогі ў працаўладкаванні і вырашэнні пытанняў адаптацыі з прыцягненнем спецыялістаў службы занятасці і тэрытарыяльнага цэнтра, святароў. Для гэтых мэт у раёне працуе назіральная камісія. Нядаўна ладзілася дабрачынная акцыя, падчас якой былых асуджаных, што трапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю, падтрымалі выдачай прадуктовых набораў.

Калектыў інспекцыі ўкамплектаваны кваліфікаванымі кадрамі, прычым усе чатыры  супрацоўнікі – выхадцы са свайго раёна, нясуць службу на малой радзіме. Начальнік інспекцыі Уладзімір Кухарчык і старшы інспектар Андрэй Аляшкевіч у свой час праходзілі тэрміновую ваенную службу ва ўнутраных войсках рэспублікі. Уладзімір Кухарчык закончыў філіял Расійскага дзяржаўнага сацыяльнага ўніверсітэта ў Мінску, пачынаў у райаддзеле з патрульна-паставой службы, быў участковым. З 2014 года ён узначальвае крымінальна-выканаўчую інспекцыю. Андрэй Аляшкевіч закончыў Мінскі інстытут кіравання, у інспекцыі працуе з 2010 года.

З 2015 года нясе службу ў інспекцыі інспектар Аляксандр Нікалаеў. Ён пачынаў у патрульна-паставой службе і, пасля заканчэння Магілёўскага каледжа міліцыі, працаваў участковым інспектарам, оперупаўнаважаным аддзялення крымінальнага вышуку. У 2017 годзе Аляксандр Нікалаеў атрымаў дыплом Магілёўскага інстытута МУС. Паўтара года таму прыйшла ў інспекцыю Кацярына Шкляр, выпускніца юрфака БДУ, якая паспела паспрабаваць сябе на пасадзе інспектара па справах непаўналетніх УУС на транспарце.

Крымінальна-выканаўчай інспекцыі выдзелены для эфектыўнай работы службовы транспарт, кабінеты падраздзялення аснашчаны камп’ютарнай тэхнікай. А вынік працы інспекцыі – у канкрэтных лёсах людзей. Інспектары прыводзяць свежы прыклад. Мужчына 1980 года нараджэння вызваліўся з месцаў зняволення і, згодна з хадайніцтвам назіральнай камісіі, атрымаў жыллё ў інтэрнаце ў райцэнтры. Дапамаглі яму і з вырабам пашпарта, і з працаўладкаваннем. На прадпрыемстве «Фрэор Рэфрыгерайшн» ён пакуль прыняты вучнем. У яго настроі – задаволенасць жыццём…

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *