Першапачатковы капітал падаравала дзяржава

Соцыум

Дзмітрый Сямілетаў нядоўга быў у ліку беспрацоўных. Неўзабаве пасля таго, як стаў на ўлік у службу занятасці, яму прапанавалі паехаць на вучобу і адкрыць уласную справу.

Ён згадзіўся і, больш таго, атрымаў ад дзяржавы своеасаблівы першапачатковы капітал для гэтага – бязвыплатную грашовую субсідыю. 3200 рублёў! Патраціў іх на набыццё сучаснага слясарна-цяслярнага інструменту. Цяпер яго галоўны інтарэс – у аказанні якасных паслуг і напрацоўцы сваёй кліенцкай базы.

Заказчыкаў на ўстаноўку нацяжной столі, вокнаў і дзвярэй (а менавіта гэтыя паслугі прапануе Дзмітрый Сямілетаў) заўсёды нямала. Аднак і канкурэнцыя нікуды не дзелася. «Аб’ёмаў работ дастаткова, – пацвярджае Дзмітрый, – і асабліва напружаным выдаўся для мяне пераднавагодні перыяд. Працаваў не пакладаючы рук», – з задаволенай усмешкай канстатуе малады прадпрымальнік.

Мы сустрэліся з ім, каб пагутарыць пра запатрабаванасць прадпрымальніцкай справы, увогуле пра магчымасці занятасці ў сучасных умовах і, немалаважна, у сваім раёне. Месца сустрэчы – упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама – сімвалічнае. Менавіта адсюль Дзмітрыя Сямілетава не так даўно накіроўвалі ў Мінск на двухтыднёвыя курсы па вядзенні ўласнага бізнесу. Усе выдаткі, у тым ліку на дарогу і пражыванне беспрацоўнага, узяла на сябе дзяржава.

– Даведаўся шмат новага ў плане вядзення дакументацыі. Выкладчык дапамог з падрыхтоўкай бізнес-плана адносна слясарна-цяслярнай справы, – звяртае ўвагу на галоўныя «бонусы» такой вучобы Дзмітрый.

З дапамогай упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Дзмітрый Сямілетаў адкрыў уласную справу

Дзмітрый выбраў менавіта гэтую справу, таму што навыкі яе ідуць з сям’і. Некалі яго, дзевяцікласніка, старэйшы брат-прадпрымальнік упершыню ўзяў з сабой у якасці падсобнага рабочага. Потым ён не раз дапамагаў яму і, адначасова, зарабляў кішэнныя грошы.

Пасля школы Дзмітрый пайшоў вучыцца ва Уздзенскі дзяржаўны сельскагаспадарчы прафесійны ліцэй. Атрымаў спецыяльнасць слесара па рамонце сельскагаспадарчых машын і трактароў і, дадае ён, – вадзіцельскае пасведчанне катэгорый «В» і «С». Па-ранейшаму, прыязджаючы на выхадныя дамоў, ён далучаўся да выканання цяслярскіх заказаў. За навуку дзякуе не толькі брату Яўгену, але і сябру Паўлу Жыбулю, братам Сяргею і Андрэю Чабанам.

Працоўная біяграфія Дзміт-рыя толькі пачынаецца, але ўжо сведчыць пра пошукі сябе на рынку працы. Пасля ліцэя працаваў вадзіцелем. Пакалясіў па Беларусі… Быў наёмным работнікам у прыватніка і, трэба сказаць, небеспаспяхова: асвоіў новыя тэхналагічныя падыходы ў вырабе нацяжной столі. Спрабаваў пачаць сваю справу. «Але зламаўся аўтамабіль, канкурэнцыя вырасла…» Ён не ганаровы – пайшоў у дарожныя рабочыя.

На даны момант працуе ахоўнікам на адным з заводаў і з’яўляецца індывідуальным прадпрымальнікам. Работа ў ахоўніка пазменная, таму вольныя суткі якраз падыходзяць для прадпрымальніцтва.

– Я нядаўна ажаніўся. Для мяне важная стабільнасць, – тлумачыць Дзмітрый сваю «двайную» занятасць.

Намеснік начальніка ўпраўлення, начальнік аддзела занятасці і працоўных адносін Наталля Тарарай выказвае радасць за свайго «падапечнага» і, між іншым, нагадвае пра патрабаванні заканадаўства, а менавіта ажыццяўленне прадпрымальніцкай дзейнасці не менш чым год пасля атрымання субсідыі, спраўную выплату падаткаў. З падаткамі ў Дзмітрыя ўсё ў парадку, ён перайшоў на спрошчаную схему.

– Дзмітрый, работу вы знайшлі. І, як паказвае час, не адну. А што далей? Што галоўнае ў вашым жыцці? 

– Прадпрымальніцтва для мяне – вельмі адказная справа. Імкнуся падыходзіць да яе з сумленнем і душой. Падчас працы прыходзіць разуменне, што ты нешта можаш палепшыць, аптымізаваць. Вельмі цікава ўвасобіць гэта і пабачыць, як ацаніў  цябе заказчык. Яго ўдзячнасць – для мяне гэта таксама плата. Пасля добра выкананай  работы цябе і ў госці запрашаюць, і прымаюць як свайго. Хочацца развівацца і быць карысным.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *