50 гадоў у прафесіі

Главное Медыцына

Вось так святочна пачаўся рабочы тыдзень у калектыве цэнтральнай раённай бальніцы.
Таццяна Богдан, калі ўбачыла ў сваім кабінеце калег на чале з галоўным урачом Святланай Глебка з кветкамі, падарункам, граматай, прачулілася і раплакалася. Якія прыгожыя моманты, калі чалавек плача ад радасці!

Таццяну Мікалаеўну кіраўніцтва ўстановы і медыцынскія работнікі прыйшлі павіншаваць з 50-годдзем яе працоўнай дзейнасці і падзякаваць за бездакорную работу на пасадзе, за  ўменне з усімі мець мір. Таццяна Мікалаеўна кожны год ініцыіруе рашэнне пайсці на заслужаны адпачынак, аднак яе просяць яшчэ папрацаваць. Гэта пацвердзіла падчас віншавання і Святлана Глебка, якая адзначыла: службовая дакументацыя, падрыхтаваная Таццянай Богдан, заўсёды выканана так, што ніколі не патрабуе ніякай праўкі і дапрацоўкі.

Таццяна Богдан многія гады адпрацавала фельчарам арганізацыйна-метадычнага аддзела, а цяпер яна ў гэтай жа службе на пасадзе медыцынскай сястры. Выпускніца медыцынскага вучылішча з Гродзенскай вобласці атрымала размеркаванне на ФАП Карэліцкага раёна. На абслузе ў маладой загадчыцы фельчарска-акушэрскага пункта знаходзілася паўтары тысячы чалавек. Так што гэта была добрая медыцынская практыка ў пачатку працоўнай біяграфіі.

Пасля пераезду ў Стоўбцы ўсё жыццё яе супрычынена з работай у цэнтральнай раённай бальніцы. Акрамя выканання сваіх асноўных абавязкаў у выхадныя і святочныя дні Таццяна Мікалаеўна працавала фельчарам хуткай дапамогі, так што ў медыцыне яе дзейнасць звязана не толькі з дакументаабаротам, але і з фельчарскай практыкай.

Яе прафесіяналізм як спецыяліста арганізацыйна-метадычнага кабінета высока ацэнены ва ўменні бездакорна падрыхтаваць патрэбную дакументацыю для лячэбна-кантрольных саветаў, арганізаваць медыцынскія саветы і выступіць сакратаром з далейшай задачай правільна аформіць справаздачы.

Падчас віншавання прагучала такая цікавая фраза, што акуратная работа Таццяны Богдан – узор старой школы. Гэтыя навыкі настаўнік моладзі шчодра перадае новаму пакаленню медыкаў.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *