Ад каранёў сілкуюцца род, народ

Адукацыя Вялікай Перамозе прысвячаецца Главное Да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Памяць

Унікальным можна назваць гістарычны музей «Спадчына» вучэбнапедагагічнага комплексу «Залужскі дзіцячы садсярэдняя школа«: ён адзіны ў нашым раёне і адзін з нямногіх у Мінскай вобласці, які мае статус народнага.

Аднак унікальнасць не толькі ў гэтым высокім статусе, але і ў тым, што яго залы не мёртвыя, экспанаты – не застылыя даўнія рэліквіі, а жывыя ў памяці нашчадкаў і служаць каштоўным матэрыялам для напісання даследчых работ вучнямі. Мы адчулі, што ў гэтай школе і настаўнікі, і навучэнцы не абыякавыя да сваёй гісторыі і культуры людзі.

Музей утрымлівае чатыры тэматычныя залы – этнаграфічную, гісторыі Залужскай школы, «Подзвіг народа бессмяротны», экалагічную. Напярэдадні значнай даты ў нашай краіне – 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў  – акцэнтуем увагу на зале, прысвечанай падзеям Вялікай Айчыннай вайны. Тым больш што і музей быў адкрыты да 40-годдзя Вялікай Перамогі. Ініцыятарам гэтай ідэі і вялікім арганізатарам была тадышні дырэктар школы Таісія Цвірка. Марына Кандраціна, якая змяніла Таісію Паўлаўну на гэтай пасадзе, узяла клопат пра музей, і ўжо пры кіраўніцтве Марыны Рамуальдаўны ён набыў статус народнага. Цікавы і такі факт. Тры апошнія гады музей узначальвае настаўніца рускай мовы і літаратуры Наталля Валента. Наталля Уладзіміраўна  скончыла Залужскую школу. Калі ствараўся музей, яна была ў выпускным класе, таму ўсё гэта адбывалася на яе вачах і пры яе ўдзеле. Так што для пералічаных асоб тут – карані іх роду, вось чаму ўсё робіцца з душой і неабыякавым сэрцам.

Дырэктар музея Наталля Валента з экскурсаводамі (злева направа) Анастасіяй Крывель, Сяргеем Бабровічам, Мікітам Пархімовічам

У музеі нас сустракаюць экскурсаводы – вучні дзявятага класа Сяргей Бабровіч, Анастасія Крывель, Дар’я Маторына, васьмікласнік Мікіта Пархімовіч. Пра іх мы пачулі нямала добрых слоў ад кіраўніцтва школы, ад Наталлі Валента, якая назвала іх першымі памочнікамі, актывам, на якім трымаецца жыццё музея. Чаго варты хоць бы такі факт: экскурсіі ля экспазіцый вядуцца на трох мовах – беларускай, рускай і англійскай. А яшчэ нядаўна, калі ў школе выкладалася і французская мова, экскурсіі праходзілі на чатырох мовах. Гэта вельмі ўразіла міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь, які некалькі гадоў назад наведаў школу, замежных студэнтаў, што былі ў складзе Зорнага паходу, і іншых гасцей школы. Дарэчы, аб гэтых уражаннях можна пачытаць у кнізе водгукаў.

У зале ваеннага перыяду на стэндзе – 65 фотаздымкаў землякоў – франтавікоў і ўдзельнікаў партызанскага руху. Сабраны матэрыял пра кожнага з іх, і не толькі папяровы, але і ў аўдыё-, відэазапісах. Наталля Уладзіміраўна расказвае, што распачата работа па стварэнні электроннай базы. Да слова сказаць, школьны музей у сваіх залах мае больш за 700 экспанатаў. Усе яны нясуць на сабе адбітак эпохі.

Жыццё кожнага ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны, ваенная біяграфія былі даследаваны вучнямі падчас напісання сачыненняў ці даследчых работ. Стымулам для школьнікаў удзельнічаць у захаванні памяці і развіцці музея з’яўляецца і тое, што падчас пошукавай дзейнасці адкрываюцца новыя імёны абаронцаў мясцовасці. Аднойдзена імя ўзбека Мірсалікава Мірсадыка. З яго роднымі наладжана сувязь, яны прыязджалі ў Залужжа. Дзякуючы мясцовай жыхарцы Любові Снітко было ўстаноўлена імя Гусецкага Івана, лічылася, што ён прапаў без вестак. І для краязнаўцаў яшчэ непачаты край работы ў даследаванні бою каля Залужжа байцоў часці Чырвонай арміі, якая адступала, і нямецкіх акупантаў, якія знаходзіліся побач з вёскай.

Дырэктар навучальнай установы Марына Кандраціна з сімвалічным ключом з пажаданнямі выпускнікоў

Вайна не закончана, пакуль непахаванымі ляжаць на забытых баявых пазіцыях абаронцы Айчыны. Таму і працягваецца краязнаўчая работа падзвіжнікаў у пошуках байцоў той вялікай вайны. І ў працэсе гэтых даследаванняў прадстаўнікі маладога пакалення далучаюцца душой да высокага подзвігу людзей, якія аддалі свае жыцці, абараняючы Айчыну.  Даследаваны баявы шлях былога настаўніка, франтавіка Шэлега Сяргея Аляксандравіча.

Падрыхтавана глыбокая даследчая работа пра рускага пісьменніка Васіля Лявонава. Падчас вайны, з 1942-га па 1945-ы, сям’я Лявонавых, як бежанцаў са Смаленскай вобласці, знаходзілася ў Залужжы. Цяпер Васіль Лявонаў жыве ў Маскве, з ім падтрымліваецца цесная сувязь. Выкладчык Вільнюскага ўніверсітэта Іосіф Станкевіч родам з Казеек – таксама выпускнік школы. І да гэтай асобы ёсць інтарэс у вучняў у працэсе даследчай работы. Дарэчы, краязнаўчая праца «Малая радзіма ў кнігах Іосіфа Станкевіча» адзначана дыпломам ІІ ступені на раённай канферэнцыі работ даследчага характару.

Немагчыма ў некалькіх газетных радках пераказаць усе важныя вехі жыцця мясцовасці ваеннага часу ў асобах і канкрэтных падзеях. Адметнымі старонкамі ваеннай гісторыі мясцовасці з’яўляюцца такія людзі, як вязень канцэнтрацыйнага лагера «Асвенцым» Крывель Серафіма Ігнатаўна. Памяць аб ёй увекавечана ў школьным музеі на асобным стэндзе з яе фотаздымкам. Яшчэ адзін стэнд апавядае пра настаўніцу школы Пятровіч Іну Аляксандраўну, бацькі якой былі расстраляны фашыстамі, а яна і іншыя дзеці з сям’і выгадаваліся ў дзіцячым доме. Бацька былога дырэктара школы Таісіі Цвірка таксама быў удзельнікам Другой сусветнай вайны, аб гэтым мы даведваемся з музейнай экспазіцыі. Нашчадкі пранікаюцца павагай да старэйшых прадстаўнікоў тых мужных пакаленняў.

– У нас – педагагічны комплекс, дзе выхоўваюцца і навучаюцца школьнікі і дашкольнікі,  – гаворыць дырэктар навучальнай установы Марына Кандраціна. – Ужо з трох гадоў маленькія дзеці наведваюць музей. У дзіцячым садзе ажыццяўляецца праграма фарміравання ў дзяцей дашкольнага ўзросту любові да той зямлі, дзе яны нарадзіліся, да сваёй роднай вёскі. Мы спадзяёмся, верым, што зярнятка, якое мы пасеялі ў душах дзяцей, прарасце добрымі пладамі. Лічым абавязкам вырасціць сапраўдных патрыётаў сваёй зямлі, людзей, нераўнадушных да гісторыі краю, даць хрысціянскае разуменне свайго абавязку і месца ў грамадстве. Экскурсаводамі ў нас з’яўляюцца не толькі старшакласнікі, але і пачаткоўцы. І мы бачым, як важна далучаць іх з маленства да вытокаў нашай культуры, гісторыі. Гэта той фундамент, на якім будуецца асоба і без чаго чалавек не можа адбыцца. Будучае краіны залежыць ад выхавання і навучання, якое даецца маладому пакаленню сёння. І неацэннае значэнне мае патрыятычнае выхаванне. Усім нам патрэбна аб’ядноўвацца, каб будаваць у нашай Айчыне добрае жыццё ў згодзе з існуючым заканадаўствам і на падставе маральнасці. І прыклад нам у гэтым – нашы продкі, якімі мы па праву можам ганарыцца. Наша гісторыя сведчыць аб нацыянальным патрыятызме, аб адданасці беларусаў сваёй Айчыне. Нізкі паклон ім, нашым землякам, працай і сэрцамі якіх выжыла і жыве цяпер наша краіна.

Святлана ЖЫБУЛЬ, фота аўтара

Р.S. Пакуль вярстаўся нумар, стала вядома, што народны гістарычны музей «Спадчына» вучэбна-педагагічнага комплексу «Залужскі дзіцячы сад – сярэдняя школа» прыняў удзел у абласным форуме народных музеяў «Школьныя музеі Міншчыны: традыцыі і інавацыі» ў Нясвіжскім дзяржаўным каледжы імя Якуба Коласа і ўзнагароджаны лаўрэацкім дыпломам ІІІ ступені.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *