Благавешчанне

Главное Год малой родины

Закончыў свой каляндарны бег першы веснавы месяц. Хоць  зіма часам  спрабавала ўнесці ў надвор’е сцюдзёныя карэктывы, сакавік адпавядаў сваёй назве і своечасова парадаваў пачастункам бярозавага соку, нават дазволіў нарыхтоўшчыкам лясных гаспадарак адкрыць сезон збору гэтага эліксіру.

У даўніну меркавалі, што 1 красавіка неабходна шчыльна зачыніць вароты ды веснічкі, каб зіма не вярнулася, не праціснулася на падворак і ў жытло.

На другі дзень гаспадары са спадзяваннем на спрыяльнае красавіцкае надвор’е вывешвалі на платы абрусы ды коўдры, сатканыя доўгімі зімовымі вечарамі, хавалі пад павеці сані. У гэтыя дні зацвітала шэрая вольха. У цяперашні час такая даўніна ўспрымаецца як нешта казачнае. І зіма не зіма. Яе сваім прыродным напорам падціскае вясна, аздабляючы станоўчай тэмпературай.

А некалі лічылі, што сапраўдная вясна пачынаецца з дня Васіля-сонечніка (4 красавіка), у самы масавы прылёт птушак, якія на сваіх крылах нясуць прыроднае абнаўленне, усцілаючы лясны дол першацветам.

Праўда, сённяшнім часам шпакі ўжо даўно абсвістваюць беларускае наваколле сваёй сціплай песняй. Не ўсе ведаюць, дарэчы, што гэты птах сваёй песні не мае, а проста паўтарае чужыя гукі.

Яшчэ затрымаліся ў нашай паласе першыя прадвеснікі вясны амялушкі, якія ўжо даўно аб’елі апошнія гронкі рабіны ды каліны, што забрадзілі пад веснавым сонейкам. Для іх гэта проста баль. Нядзіўна, што за такую прыхільнасць згаданых птушак называюць алкаголікамі.

Днямі бачыў, як амялушкі прагна і спешна, адна перад адной, клявалі на былым хутары бліз лесу на дзічцы яблыкі, што перазімавалі. Цікава было назіраць за няўпэўненымі палётамі птахаў пасля алкагольнага перакусу.

7 красавіка будзе Благавешчанне. Раней у гэты дзень забаранялася ўсякая жаночая работа. Казалі: «Птушка гнязда не ўе, дзяўчына касы не пляце». Прыкмячалі, што калі ў гэты дзень першы вылет пчол, то чакаецца добры медазбор, але будзе гарачае і неўраджайнае лета. Мокры дзень прадказваў багацце грыбоў у сезоне.

Пажывём – пабачым, што і як спраўдзіцца.

Васіль Зянько, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *