Дзейнічае фізкультурна-аздараўленчы

Важное Спорт

Фота носіць ілюстрацыйны характар

Згодна з рашэннем райвыканкама, з верасня 2018 года функцыянуе ДУ «Фізкультурна-аздараўленчы цэнтр Стаўбцоўскага раёна». Што зроблена за мінулыя паўгода, якія планы і перспектывы дзейнасці ўстановы? Аб гэтым размова з дырэктарам ФАЦ Дзмітрыем СЦЕПАНЮКОМ.

–       Дзмітрый Дзмітрыевіч, раскажыце, якія мэты і задачы дзяржаўнай установы.

–       Яны акрэслены статутам ФАЦ. Асноўнай мэтай дзейнасці ўстановы з’яўляецца развіццё фізкультурна-аздараўленчай і спартыўна-масавай работы з насельніцтвам па месцы жыхарства, прыцягненне да сістэматычных заняткаў фізічнай культурай, спортам і турызмам. Як і ўмацаванне здароўя, павышэнне працаздольнасці насельніцтва, зніжэнне ўзроўню захваральнасці. А практычна – арганізацыя фізкультурна-аздараўленчых груп, секцый, клубаў па спартыўных інтарэсах, камандаў і іншых фарміраванняў, задачамі якіх з’яўляецца аздараўленне насельніцтва. Адпаведна – правядзенне спаборніцтваў, спартыўна-масавых мерапрыемстваў, аказанне метадычнай дапамогі ўстановам і арганізацыям у сферы фізічнай культуры і спорту. І спалучэнне масавых і індывідуальных форм арганізацыі фізкультурна-аздараўленчай работы сярод работнікаў прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў, дашкольнікаў, навучэнцаў, моладзі, пенсіянераў.

–       Гэты названы апошні пункт указвае на шырокі ахоп вашай аўдыторыі, куды ўваходзяць не толькі работнікі арганізацый, дарослае насельніцтва.

–       Так, у раёне зафіксаваны 18 груп аздараўлення, з іх тры – дзіцяча-юнацкія. Займаюцца там, згодна са спісам, 211 чалавек. Арганізацыя і правядзенне фізкультурных, спартыўных масавых мерапрыемстваў – агульная справа і нашага ФАЦа, і ўстаноў упраўлення па адукацыі, спорце і турызме райвыканкама.

–       Аздараўленню служыць фізкультурна-спартыўная база раёна.

–       Сапраўды, сёння Стаўбцоўшчыну смела можна назваць спартыўнай. Абноўлены стадыён «Юнацтва», у адміністрацыйным корпусе якога месціцца і наша ўстанова. Футбольнае поле са штучным пакрыццём, пляцоўкі для спартыўных гульняў, лёгкаатлетычныя дарожкі і сектары. А з адкрыццём ФАКа кожная сям’я мае магчымасць для аздараўленчых заняткаў. Плаванне, сілавыя практыкаванні ў трэнажорных залах, барацьба, настольны тэніс…

Добрая спартыўная база і ў Дзераўной. Дарэчы, шляхам аб’яднання фізкультурна-аздараўленчага комплексу «Меліяратар», размешчанага ў гэтым аграгарадку, і фізкультурна-аздараўленчага клуба «Ураджай» створаны наш цяперашні ФАЦ.

Важна падтрымліваць спартыўныя традыцыі Наваколасава, дзе культывуюць зімовыя віды спорту. Нагадаю, што і сёлетнім лютым там пралегла «Стаўбцоўская лыжня» – папулярныя раённыя спаборніцтвы. А ў Мікалаеўшчыне на турбазе «Высокі бераг» прайшлі зімовыя спартыўныя мерапрыемствы для працоўнай моладзі «Гарачы снег – 2019».

–       Якія калектывы вы назвалі б сапраўды спартыўнымі?

–       Давайце паглядзім на вынікі чарговай зімовай спартакіяды работнікаў аграпрамысловага комплексу раёна. Гэта сапраўды спартыўны фестываль, дзе ацэньваюцца і майстэрства, і азарт, і вынаходлівасць удзельнікаў. Прызёрамі, нагадаем, сталі каманды ААТ «Радзіма Якуба Коласа», «Жацерава», «Агранёманскі». У розных відах праграмы вызначыліся і члены іншых калектываў. Усяго ў спаборніцтвах прынялі ўдзел 16 камандаў, добрая масавасць.

Спартыўныя традыцыі дастойна падтрымліваюць у Стаўбцоўскіх электрычных сетках, Стоўбцыгазе, філіяле Мінскага маторнага завода, цэнтральнай раённай бальніцы, райаддзеле па надзвычайных сітуацыях.

Увогуле ж ацаніць спартыўную здатнасць калектываў можна будзе па выніках круглагадовай спартакіяды. Пачаўся сапраўдны спартыўны марафон. Лыжны спорт, валейбол, дартс, шашкі, плаванне, стральба з пнеўматычнай вінтоўкі, стрытбол, міні-футбол, настольны тэніс, більярдны спорт. А таксама спаборніцтвы па праграме Дзяржаўнага фізкультурна-аздараўленчага комплексу, турыстычны злёт. Баламі ацэньваюцца і камандныя, і асабістыя выступленні, якія будуць падсумоўвацца. І такое вось шматбор’е дазволіць кожнаму паспрабаваць свае сілы і падтрымаць спартыўную марку калектыву.

У раённым календары спаборніцтваў запланаваны цікавыя турніры. Да прыкладу, новы сезон першынства раёна па міні-футболе. З нецярпеннем чакаюць аматары футбола паядынкаў футбольнага «Нёмана-Агра». Лепшыя спартсмены выступяць у абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах.

–       Ці будуць праводзіцца ў перспектыве на базе ФАЦ турніры з удзелам вядомых камандаў, спартсменаў?

–       Ужо ў бягучым годзе праведзены ў зале ФАКа Кубак Еўропы па футзале сярод ветэранаў, дзе стаўбчане сталі прызёрамі, выступленні адной з лепшых жаночых камандаў рэспублікі па баскетболе «Гарызонт» – незабыўныя падзеі для ўсіх нашых аматараў спорту. Стараемся, каб і цяпер пра Стоўбцы не забывалі ў календары рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтваў. Запрашаем наведаць спартыўныя мерапрыемствы.

Гэты год для Беларусі можна назваць адметным. У чэрвені ў Мінску адбудуцца спаборніцтвы ІІ Еўрапейскіх гульняў. Няхай жа дастойна правядуць 2019-ы і ўсе стаўбчане, хто неабыякавы да фізкультуры і спорту.

Гутарыў Фёдар БАНДАРОВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *