Здаровае і актыўнае даўгалецце –асаблівасць інтэрната

Важное

Па выніках работы за 2018 год Мікалаеўшчынскі дом-інтэрнат для ветэранаў вайны, працы і інвалідаў прызнаны пераможцам у рэспубліцы сярод 80 сацыяльных устаноў такога тыпу. У бягучым годзе дом-інтэрнат адзначыць 40-годдзе з дня заснавання. Апошнія 11 гадоў яго ўзначальвае Валянціна Атрушкевіч, пад кіраўніцтвам якой адбылося шмат пазітыўных змен па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы і арганізацыі жыцця пажылых людзей. Якія параметры дзейнасці дазволілі дому-інтэрнату заняць лідзіруючую пазіцыю ў рэспубліцы? З гэтага пытання пачынаем гутарку з дырэктарам.

– Пры падвядзенні вынікаў, – расказвае Валянціна Міхайлаўна, – улічваліся многія паказчыкі: структура пражываючых па ўзросце і захворваннях, выкананне дзяржаўнага задання і якасць паслуг, укамплектаванасць кадрамі і павышэнне кваліфікацыі спецыялістаў, комплекс гаспадарчых мерапрыемстваў, аснашчэнне медыцынскіх кабінетаў абсталяваннем, творчая, інфармацыйна-адукацыйная работа, арганізацыя адпачынку пажылых людзей і прадстаўленне ім магчымасці заняць сябе ў розных справах, творчых майстэрнях, гуртках.

– І якія напрамкі найбольш ярка акрэслілі творчую, старанную работу калектыву?

– На рэалізацыю мерапрыемстваў па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы накіраваны без малога 110 тысяч рублёў бюджэтных сродкаў. Дадаткова да бюджэтнага фінансавання на гэтыя і іншыя патрэбы дома-інтэрната прыцягнуты 5274 рублі пазабюджэтных сродкаў. Выкананы рамонты сістэмы вода- і цеплазабеспячэння, даху ўваходнай групы першага і трэцяга карпусоў, а таксама фае і жылых памяшканняў. Значная сума грошай накіравана на энергазберагальныя мерапрыемствы. У мінулым годзе, як і пастаянна, выконваецца шмат работ па добраўпарадкаванні тэрыторыі. Летась праведзены рамонт пад’язных шляхоў, пешаходных дарожак з укладкай тактыльнай тратуарнай пліткі, заменены адмосткі трэцяга корпуса. Ажыццёўлены комплекс мерапрыемстваў па аснашчэнні абсталяваннем і аўтамабільным транспартам, па тэхнічным абслугоўванні ліфтавага абсталявання, выраблена праектна-каштарысная дакументацыя на замену бальнічнага ліфта. Створана безбар’ернае асяроддзе. Ёсць пандусы вонкавыя і ўнутраныя, памяшканні абсталяваны парэнчамі, прадугледжана паніжэнне бардзюраў на пераходах, маюцца пад’ёмныя ліфты. Летась на пандусах памянялі плітку – цяпер яна з супрацьслізготным пакрыццём, абсталявалі дадатковы пандус на вуліцы, нанеслі тактыльную разметку, указальныя і парковачныя знакі для інвалідаў-калясачнікаў. Аснашчанасць кабінета лячэбнай фізкультуры ўключае 182 адзінкі рознага абсталявання і інвентару, кабінета фізіятэрапіі – 51 адзінку. У аздараўленчых арганізацыях краіны летась мы аздаравілі 14 чалавек, пяць пралячылі ў Рэспубліканскім пратэзна-артапедычным аднаўленчым цэнтры. Установа працуе ў кругласутачным рэжыме, таму пастаянна мяняюцца мэбля, інвентар, сантэхніка, набываюцца сродкі асабістай гігіены. Абслугоўванне пажылых людзей наладжана па ўсіх зацверджаных дзяржавай стандартах, мы клапоцімся выканаць і звыш таго.

– Сюды можна аднесці і вашы ініцыятывы па арганізацыі занятасці пажылых людзей?

– У нас функцыянуе салон майстэрняў: арганізаваны ўдзел 84 нашых падапечных па паказаннях урача ў працатэрапіі ў васьмі майстэрнях. Бізнес-кампанія і маркетынгавая служба займаюцца рэалізацыяй сувенірных вырабаў на кірмашах, выставах. Расходныя матэрыялы і інструменты набываюцца за пазабюджэтныя сродкі. У мінулым годзе адкрылі комплексна-прыёмны пункт «Лоскуток» па аказанні швейных паслуг. Створана арт-студыя «Воображение», абсталявана выставачная зала «Брэндавая прадукцыя». Працуюць пяць гурткоў рознай накіраванасці. У бягучым годзе сталі дзейнічаць клубы па інтарэсах: скандынаўскай хадзьбы, шахматна-шашачны ўсенавуч, развіваючыя гульні і эрудыцыя. Рэалізуюцца тры інавацыйныя праекты па сацыяльным абслугоўванні з рэспубліканскімі арганізацыямі. На працягу многіх гадоў духоўнае акармленне дома-інтэрната ажыццяўляе настаяцель мясцовай Мікольскай царквы протаіерэй Васілій Каляда.

– Колькі чалавек на папячэнні ў дзяржаўнай установе?

– Дом-інтэрнат разлічаны на 333 чалавекі, на сучасны момант пражываюць 258 пажылых людзей – 133 мужчыны і 125 жанчын. У іх ліку –  чатыры ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, 96 ветэранаў працы. 85 чалавек знаходзяцца на пасцельным рэжыме ў аддзяленнях рэабілітацыі. Сярэдняя працягласць жыцця ў нашым доме-інтэрнаце – 85 гадоў.

– Гэта і ёсць найлепшае пацвярджэнне клопату дзяржавы аб сваіх грамадзянах, а для вашага калектыву – ацэнка, як патрэбна сумленна і аддана выконваць даручаную работу.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *