Станем вясне саюзнікамі

Добраўпарадкаванне Нумары

image_pdfimage_print

Сёлетняя вясна ўпэўнена ўступае ў свае правы і, літаральна штодзень змяняючы пад промнямі высокага сонца навакольную абстаноўку, заклікае нас у саюзнікі. Яна дорыць нам натуральную і звонкую прыгажосць прыроды, а мы ёй – сваё шчыраванне па падтрыманні вуліц, паркаў, месцаў адпачынку, уласных сядзіб у чыстым і добраўпарадкаваным стане.   

– У сувязі са спрыяльнымі пагоднымі ўмовамі, работы па навядзенні парадку на зямлі фактычна распачаліся ў нашым раёне яшчэ ў сакавіку, – падкрэслівае ўрач-гігіеніст раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Наталя Рык. – 15-га сакавіка на Стаўбцоўшчыне прайшоў раённы суботнік. Падчас яго шмат што зроблена. Але нельга спыняцца на гэтым!

Хіба вы самі не заўважалі, што не ўсюды ў прыдарожных палосах, лясных масівах прыбраны звалкі, якія несанкцыянавана, з-за нашай жа несумленнасці, узніклі ў гэтых месцах?! Трэба спяшацца прыбраць іх – тэрмін для гэтага кароткі, а менавіта, пакуль не вырасла свежая трава. Так, захламлены зялёная зона вакол горада (так званыя Прысады), лесаахоўныя палосы ўздоўж чыгункі і аўтамабільных дарог. Нават на прыпынках грамадскага транспарту не абыходзіцца без вялікіх мяхоў з бытавым смеццем.  

У красавіку, як правіла, пачынаецца месячнік добраўпарадкавання, падчас якога мы ўсе, агульнымі намаганнямі, прызваны вырашыць гэтыя і іншыя надзённыя праблемы. Набліжаецца Вялікдзень – свята чысціні духоўнай і, упэўнены, цесна звязанай з ёю чысціні санітарнай. У чаканні вялікага свята ўсім нам варта паклапаціцца пра навядзенне парадку на могілках. Для гэтага арганізоўвайце свае суботнікі, адгукайцеся і прымайце ўдзел у суботніках, на якія вас запрашаюць. Ніхто не можа нас прымусіць, але па-чалавечы варта звярнуць увагу і на  старыя закінутыя магілы, на якія ніхто даўно не прыязджае, ачысціць іх. Падумайце, куды вы выносіце смецце пасля ўборкі. Гэта павінна быць санкцыянаваная пляцоўка за тэрыторыяй могілак або кантэйнер, але – ні ў якім разе нельга скідваць яго на чужыя магілы, кідаць там, дзе гэта зручна вам.

Выклікаюць трывогу пустыя, недабудаваныя і неабжытыя дамы ў горадзе, сельскіх населеных пунктах. Намецілася вельмі негатыўная тэндэнцыя – суседзі кідаюць на гэтыя «нічыйныя» сядзібы свае мяхі са смеццем. І – нярэдка – тэлефануюць пасля са скаргамі. Маўляў, куды глядзіць санстанцыя?! А хто, акрамя тых, хто нанасіў, павінен займацца ліквідацыяй гэтых звалак? У сувязі з гэтым нагадваем, што пасля шматлікіх патрабаванняў санітарнай службы і стаўбчан  аб’яднанне камунальных службаў павялічыла кратнасць вывазу цвёрдых бытавых адходаў. Яны вывозяцца згодна з графікам раз на тыдзень – у горадзе, у сельскай мясцовасці – раз на два тыдні (графік змешчаны на старонках нашай газеты ў нумары за 29 сакавіка). 

Цёплае надвор’е спрыяе актыўнаму наведванню зон адпачынку на берагах рэк і азёр, у лясных масівах. Неабходна ўсё прыбіраць за сабою пасля пікнікоў, рыбалкі  і пакідаць месца для адпачынку сабе і іншым свабодным ад смецця.

Індывідуальным прадпрымальнікам варта ўдасканаліць утылізацыю сваіх буйнагабарытных адходаў. Імі нельга загрувашчваць тэрыторыю побач з кантэйнернымі пляцоўкамі, а  лепш за ўсё  вывезці на прыёмны пункт другасных рэсурсаў,  адкрыты аб’яднаннем камунальных службаў па вуліцы Сацыялістычнай, 40-а (тэрыторыя былой вайсковай часці). Там прымаюцца розныя віды адходаў: макулатура, шклабой, тэкстыль, ПЭТ-бутэлькі, поліэтылен. Там жа вызначана месца для складзіравання аўтамабільных шын і складанай бытавой тэхнікі (тэлевізараў, халадзільнікаў і пральных машын).

Уладальнікам індывідуальных жылых дамоў варта быць дбайнымі гаспадарамі і памятаць пра выкананне Пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 28 лістапада 2012 года № 1087 «Аб зацвярджэнні правіл добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў» і тых патрабаванняў, якія прад’яўляюцца да ўтрымання індывідуальных жылых забудоў на тэрыторыі Мінскай вобласці.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *