Назіральная камісія Стаўбцоўскага раёна наведала ЛПП у Дзяржынску

Ахова правапарадку Главное

26 сакавіка адбылося выязное пасяджэнне назіральнай камісіі Стаўбцоўскага раёна.

Яе члены на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Жаннай Лысай наведалі г. Дзяржынск, а менавіта ўстанову «Лячэбна-працоўны прафілакторый № 6» УДВП МУС па г. Мінску і Мінскай вобласці. У ЛПП трапляюць людзі з моцнай алкагольнай залежнасцю, якія вялі асацыяльны спосаб жыцця: некаторыя з іх дастаўлялі цяжкасці родным, а іншыя не маглі кантраляваць ужыванне алкаголю, што прыводзіла да дрэнных вынікаў. Цяпер тут на рэабілітацыі знаходзяцца восем стаўбчан, якія своечасова не змаглі справіцца са шкоднай звычкай.

Падчас наведвання прафілакторыя для членаў камісіі была арганізавана азнаямленчая экскурсія, каб даведацца пра ўмовы жыцця і працы грамадзян, якія праходзяць лячэнне. У лячэбна-працоўным прафілакторыі дзень нічым не адрозніваецца ад звычайнага, але тут усё згодна з раскладам: пад’ём у 06.00, праца з 08.00 да 17.00 з перапынкам на абед, адбой у 22.00. Трохразовае харчаванне, спальны пакой, які трэба дзяліць з суседзямі, – умовы няжорсткія, але прымушаюць жыць па правілах іншых. Што гэта лячэбна-працоўны прафілакторый, адчуваецца адразу, калі бачыш ва ўстанове мноства медыцынскіх кабінетаў рознага напрамку. Большасці грамадзян, якія тут знаходзяцца, дапамагаюць амбулаторна, але ёсць і цяжкія выпадкі, калі патрэбны стацыянар. Падчас знаходжання ў ЛПП ахвотнікі выпіць не толькі праходзяць лячэнне, але і працуюць, атрымліваючы за гэта зарплату, што яшчэ больш нагадвае рэальнае жыццё. Асаблівая ўвага ў прафілакторыі надаецца арганізацыі адпачынку даных грамадзян. Аб гэтым расказвае Максім Бальшуноў, намеснік начальніка прафілакторыя: «Мы з імі праводзім лекцыі, мерапрыемствы, розныя сустрэчы. Нядаўна праходзіў турнір па шахматах, пераможца якога будзе спаборнічаць на вобласці, а потым, калі пашанцуе, – на рэспубліцы. Раз у месяц арганізоўваем наведванне кінатэатра. Ёсць спецыяльнае месца, дзе праводзяцца мерапрыемствы і знаходзіцца тэлевізар. Спартыўнаму адпачынку таксама надаецца ўвага: на тэрыторыі ёсць валейбольная пляцоўка». Тэрмін знаходжання ў ЛПП – адзін год. Але і тут ёсць свае прывілеі: шэсць месяцаў добрых паводзін – магчымасць выйсці раней. Гэта вельмі стымулюе ўсіх, хто тут знаходзіцца, таму згубныя жаданні зніжаюцца да нуля.

Старшы інспектар крымінальна-выканаўчай інспекцыі райаддзела міліцыі Андрэй Аляшкевіч, галоўны спецыяліст па працы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб райвыканкама Ірына Маляўкіна, намеснік старшыні райвыканкама, старшыня назіральнай камісіі Жанна Лысая

Восем стаўбчан, якія не змаглі справіцца з алкагольнай залежнасцю самастойна, цяпер жывуць і працуюць у даным ЛПП. Сярод іх – большасць тых, хто ўпершыню апынуўся ў выпраўленчай установе, але ёсць і тыя, для каго гэтае месца стала другім домам. Як вядома, прыхільнасць да алкаголю можа распаўсюджвацца на людзей розных узростаў і прафесій. Самаму малодшаму са стаўбчан усяго 22 гады, а старэйшаму – 52. Амаль усе яны да гэтага часу дзесьці працавалі, маюць рабочыя спецыяльнасці, сем’і.

Падчас пасяджэння члены назіральнай камісіі пагутарылі з грамадзянамі, якія знаходзяца на лячэнні. Тыя ў сваю чаргу расказалі, як апынуліся тут, і падзяліліся ўражаннямі. Нягледзячы на тое, што ў ЛПП сапраўды добрыя ўмовы, кожны з іх жадае хутчэй вярнуцца дадому і пачаць новае жыццё. Выслухаўшы іх гісторыі і жаданні, назіральная камісія паставіла мэты – дапамагчы тым, хто мае патрэбу з  пытаннямі працаўладкавання, жылля. Жанна Лысая зазначыла на развітанне: «Менавіта ваша жаданне стаць на шлях выпраўлення – першы крок да новага жыцця. Я спадзяюся, што знаходжанне тут кожнага з вас чамусьці навучыць. Жадаю вам прыйсці дадому і больш ніколі не вяртацца сюды. Памятайце, што ўсё ў вашых руках. А мы са свайго боку гатовы  вам дапамагчы».

Ксенія РУБІН, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *