Аб падрыхтоўцы да пасяўной

Нумары У Камітэце дзяржкантролю

image_pdfimage_print

Сельскагаспадарчыя арганізацыі Мінскай вобласці вядуць падрыхтоўку да правядзення пасяўной кампаніі. Рамантуюцца тэхніка, сельскагаспадарчыя машыны, агрэгаты, заканчваюцца дапрацоўка, абмен і выбарка элітнага насення і г. д. Разам з тым Камітэт дзяржкантролю Мінскай вобласці ўсхваляваны некаторымі праблемамі, якія негатыўна скажуцца на ўраджаі, на эканамічным развіцці вобласці.

Супрацоўнікамі Камітэта дзяржкантролю праведзены маніторынг у асобных сельскагаспадарчых арганізацыях вобласці, у выніку якога ўстаноўлены факты «ўпрыгожвання» сапраўднага стану спраў. Асобныя гаспадаркі не гатовы да пасяўной кампаніі.

Так, пры наведванні (18.03.2014) ААТ «Вішнявецкі-агра» Стаўбцоўскага раёна з чатырох энерганасычаных трактароў два былі няспраўныя, іх не рамантавалі. Аналагічныя факты непадрыхтаванасці сельскагаспадарчай тэхнікі да вясенніх палявых работ выяўлены ў гаспадарках Крупскага, Валожынскага, Лагойскага, Маладзечанскага і Слуцкага раёнаў.

Па стане на 24.03.2014 забяспечанасць аграрыяў вобласці мінеральнымі ўгнаеннямі склала 52 %: азотнымі – 39 %, фосфарнымі – 33 %, калійнымі – 79 %. Найменшая забяспечанасць азотнымі ўгнаеннямі ў ААТ Любанскага раёна, фосфарнымі – Мядзельскага раёна, калійнымі – Лагойскага раёна. У некаторых арганізацыях Крупскага раёна ўвогуле адсутнічалі фосфарныя ўгнаенні. Аналагічная сітуацыя ў сельгасарганізацыях Маладзечанскага, Стаўбцоўскага, Салігорскага і Слуцкага раёнаў.

У асобных выпадках сельгасарганізацыямі не прынятыя меры па забяспечанасці насенным матэрыялам высокіх рэпрадукцый для пасяўных работ. Так, насенне зернебабовых у асноўным трэцяй рэпрадукцыі – 61 %, што з’яўляецца адной з прычын нізкай ураджайнасці гэтых культур. У асобных раёнах вобласці не хапае насення бульбы (Барысаўскі, Вілейскі, Лагойскі, Любанскі, Мядзельскі, Салігорскі раёны). Вельмі павольна ў вобласці праводзіцца накапленне гаруча-змазачных матэрыялаў для правядзення вясенніх палявых работ. У сельгасарганізацыях і райаграсэрвісах на 24.03.2014 у астатках было паліва ў колькасці 3208,8 тоны. Пры дзённым расходзе 518 тон яго хопіць толькі на шэсць дзён работы (самы маленькі астатак паліва ў арганізацыях Валожынскага – 61 т, Салігорскага раёнаў – 62 т).

Усё вышэйзгаданае сведчыць аб абыякавых адносінах асобных кіраўнікоў і спецыялістаў гаспадарак, а таксама райсельгасхарчаў да даручанага ўчастка работы, што акажа ўплыў на тэрміны і якасць пасяўной кампаніі і, безумоўна, прывядзе да неўраджаю.

Лічым, што ў данай сітуацыі асобныя раёны і гаспадаркі павінны ў самыя кароткія тэрміны прыняць меры для аператыўнага рэагавання і актывізаваць усе рэсурсы для атрымання вобласцю ў бягучым годзе добрага ўраджаю.

Упраўленне кантролю за работай аграпрамысловага і прыродаахоўнага комплексаў Камітэта дзяржкантролю Мінскай вобласці



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *